ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіМузей кнігіАрхіў выставакВыстаўкі 2013 г.Вялікі Статут Вялікага Княства

Вялікі Статут Вялікага Княства

У экспазіцыі былі прадстаўлены выданні Статута Вялікага Княства Літоўскага з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Музея гісторыі Магілёва.

Статут Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) – вяршыня старабеларускай юрыдычнай думкі XVI ст., выдатны помнік еўрапейскай прававой культуры эпохі Адраджэння.

Статут ВКЛ 1588 г. дзейнічаў амаль 250 гадоў. У яго стварэнні ўзялі ўдзел такія выдатныя дзеячы беларускай гісторыі, як канцлер Астафій Валовіч і падканцлер Леў Сапега. Праз усе 14 раздзелаў і 488 артыкулаў гэтага збору законаў праходзіць ідэя прававой дзяржавы, у якой усе органы і служачыя мусілі дзейнічаць строга ў адпаведнасці з нормамі і патрабаваннямі Статута, абавязковымі як для жыхароў Вялікага Княства, так і для прыезджых іншаземцаў.

Статут 1588 г. замацоўваў ідэю рэлігійнай талерантнасці і абараняў інтарэсы жыхароў краіны незалежна ад веравызнання. У адрозненне ад лацінскамоўных кодэксаў іншых еўрапейскіх краін Статут быў напісаны і выдадзены на зразумелай абсалютнай большасці жыхароў Княства старабеларускай мове.

Галоўным экспанатам выстаўкі з’яўляецца Статут 1588 г. на старабеларускай мове, надрукаваны ў 1594–1595 гг. у Вільні, у друкарні Мамонічаў. Гэта адзіны ў Беларусі экзэмпляр, які захоўваецца ў Музеі горада Магілёва і часова перададзены ў бібліятэку для экспанавання. У свеце налічваецца толькі каля 30 асобнікаў гэтага выдання.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі з’яўляецца захавальніцай найбуйнейшай калекцыі старадрукаў у Беларусі. На выстаўцы з фондаў бібліятэкі будуць прадстаўлены перавыданні Статута: найбольш дакладны і якасны пераклад на польскую мову з віленскай друкарні Мамонічаў (2-е выданне, 1619), варшаўскае выданне каралеўскага друкара П. Элерта (1648), віленскія перавыданні, падрыхтаваныя іезуіцкай акадэміяй (1744, 1786), а таксама экзэмпляр у перакладзе на рускую мову, надрукаваны ў Санкт-Пецярбургу (1811), іншыя прававыя зборнікі XVI–XIX стст.

Выстаўка "Вялікі Статут Вялікага Княства" ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дзейнічала з 18 красавіка па 15 мая 2013 г.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты