Дзіцячая кніга – гэта вясенні сонечны промень,
які прымушае абуджацца дрымотныя сілы дзіцячай душы
і выклікае рост кінутага на гэту жыватворную глебу насення.
Д.Н. Мамін-Сібірак
Казкі запрашаюць нас у ясны свет радасці і дабрыні, іх любяць дарослыя і дзеці. Кожны народ беражліва пранёс свае казкі скрозь тысячагоддзі. Іх сюжэт можа быць колькі заўгодна фантастычным, але дэталі апавядання заўсёды рэальныя, дакладныя, адпаведныя той зямлі, дзе жыве казка, адпаведныя культуры яе народа.
На выстаўцы прадстаўлены рэдкія выданні рускіх, беларускіх і іншых казак.
Беларускія народныя казкі, предстаўленыя ў экспазіцыі, былі выпушчаны ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, заснаваным у 1921 г. у Мінску. Над ілюстрацыямі да іх працавалі таленавітыя мастакі і кніжныя ілюстратары – Анатоль Волкаў, Мікалай Гуціеў, Валянцін Ціхановіч і інш.
Экспануюцца выданні рускіх казак XX ст. Рускія народныя і казкі А.С. Пушкіна, выпушчаныя Экспедыцыяй нарыхтоўкі дзяржаўных папер, прывабліваюць увагу сваім багатым мастацкім афармленнем. Над ілюстрацыямі да іх працаваў вядомы мастак і кніжны ілюстратар Іван Білібін, які знайшоў у афармленні казак свой індывідуальны стыль і сваю тэму.
Не менш прываблівае ўвагу кніга-шкатулка з уральскімі сказамі П.П. Бажова, так як праілюстраваны яны палехскімі мастакамі Рыгорам Бурэевым і Аляксеем Кавалёвым. Па ўзорчатасці пісьма, разнастайнасці элементаў кампазіцыі і іх маляўнічасці, характэрных колерах можна адразу пазнаць стыль знакамітай палехскай школы.
Бібліяфільскае выданее "Сказки о царе Салтане" А.С. Пушкіна ў перакладзе на французскую мову зацікавіць яркімі ілюстрацыямі і арнаментамі, выкананымі рускім мастаком-авангардыстам Наталляй Ганчаровай.
Таксама можна пазнаёміцца з мініяцюрнымі выданнямі казак славянскіх народаў і не толькі. Так, напрыклад, прадстаўлены некалькі томікаў папулярных казак арабскага Усходу "Тысяча и одна ночь".
Такім чынам, выстаўка пагружае наведвальніка музея ў свет казкі, тут можна акунуцца ў разнастайнасць казак, пазнаёміцца з іх ілюстрацыямі, стаўшымі самастойнымі творамі мастацтва.