Адметнай постаццю Асветніцтва XVI ст. з’яўляецца выдатны гуманіст Іван Фёдараў (Масквіцін Іван Фёдаравіч), які ўнёс значны ўклад у стварэнне, станаўленне і развіццё ўсходнеславянскага кнігадрукавання, асветы і культуры.
Нягледзячы на тое, што жыццёвы шлях і друкарская дзейнасць І. Фёдарава добра асветлены ў літаратуры і існуе шэраг прац, дзе ўсебакова даследаваліся надрукаваныя ім кнігі, няма дакладных звестак пра яго паходжанне. Адны навукоўцы, спасылаючыся на тое, што сам асветнік называў сябе “масквіцінам”, схільныя прыпісаць месца яго нараджэння Маскве, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака, другія вучоныя лічаць, што ён паходзіць з беларускага роду Рагозаў. Паводле некаторых звестак вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе ў 1532 г. атрымаў ступень бакалаўра. Па меркаванні даследчыкаў, друкарскую дзейнасць І. Фёдараў пачаў у 1550-я гг. у ананімных друкарнях ў Маскве. У 1563–1564 гг. ён разам з П. Мсціслаўцам выдаў першую дакладна датаваную рускую друкаваную кнігу “Апостал”, а ў 1565 г. – два выданні “Часоўніка” – кнігі для пачатковага навучання грамаце.
Царкоўныя ўлады былі незадаволены дзейнасцю І. Фёдарава і П. Мсціслаўца, імкнуліся абвінаваціць іх у ерасі. Таму ў 1566 г. яны пакінулі Маскву і накіраваліся ў Вялікае княства Літоўскае, дзе ў невялікім мястэчку Заблудаве Гродзенскага павета (зараз Беластоцкае ваяводства ў Польшчы) у маёнтку гетмана Р. Хадкевіча заснавалі друкарню. Для Беларусі вялікае значэнне меў менавіта гэты перыяд кнігавыдавецкай дзейнасці І. Фёдарава, у час якога ён развіў і памножыў лепшыя традыцыі беларускага першадрукара Ф. Скарыны. У Заблудаўскай друкарні ў 1568–1569 гг. І. Фёдаравым і П. Мсціслаўцам было надрукавана “Евангелле вучыцельнае” – зборнік гутарак і павучанняў з тлумачэннем евангельскіх тэкстаў. На яго старонках змешчаны таксама першы друкаваны помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры “Слова на Ушэсце” Кірылы Тураўскага, творы візантыйскай і балгарскай пісьменнасці. Акрамя таго, у Заблудаве быў выдадзены “Псалтыр з Часаслоўцам” (1569–1570).
У канцы 1572 – пачатку 1573 г., пасля таго як Р. Хадкевіч вырашыў спыніць выдавецкую дзейнасць, асветнік пераехаў у Львоў і заснаваў там першую на Украіне друкарню, дзе ў 1574 г. убачыла свет першая ўкраінская дакладна датаваная кніга “Апостал”. Яна вызначаецца высокім паліграфічным мастацтвам. У кнізе змешчаны 3 гравюры: герб Р. Хадкевіча, выява апостала Лукі, геральдычная кампазіцыя з гербам г. Львова і друкарскім знакам І. Фёдарава. Завяршаецца “Апостал” пасляслоўем “Повесть... откуду начася и како свершися друкарня сия”, у якім І. Фёдараў расказаў пра сваё жыццё, пакуты і пошукі, пра высокае прызначэнне друкара сеяць зерні асветы сярод народа. У тым жа годзе ў львоўскай друкарні выйшла “Азбука”. Яе стварэнне было вызначана патрабаваннем часу, калі для пачатковага навучання спатрэбіўся спецыяльны падручнік з практыкаваннямі, прыкладамі спражэння дзеясловаў, скланення назоўнікаў і прыметнікаў, выкарыстання прасодый.
Кнігу завяршаюць тэксты для замацавання і развіцця навыкаў чытання і пісьма, так званая тлумачальная азбука, шырокавядомыя малітвы.
У пачатку 1575 г. І. Фёдараў пераехаў у Астрог, дзе паступіў на службу да заможнага князя К. Астрожскага і выконваў абавязкі аканома Дзерманскага манастыра. Каля 1578 г. у горадзе Астрогу была заснавана друкарня, куды запрасілі для работы рускага першадрукара. Найбольш інтэнсіўным перыядам працы І. Фёдарава былі 1578–1581гг. У 1578 г. ён надрукаваў новае выданне “Азбукі”, дапоўненае паралельнымі грэка-славянскімі тэкстамі і помнікам старажытнабалгарскай літаратуры “Аб пісьмёнах” Чарнарызца Храбра пад назвай “Сказание како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску”. Потым на працягу 1580 г. выйшлі з друку “Псалтыр”, “Новы Запавет” з алфавітна-прадметным паказальнікам і адначасова зборнікам афарызмаў і крылатых слоў “Кніжку, збор рэчаў самых патрэбных...”. У 1581 г. у Астрогу І. Фёдараў надрукаваў “Храналогію” Андрэя Рымшы – першы ўсходнеславянскі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі. У жніўні таго ж года выйшла першае поўнае выданне славянскай Бібліі кірылічнага шрыфту, так званая “Астрожская біблія”, якая стала апошняй у яго друкарскай дзейнасці. Арнаментальнае аздабленне і змест кнігі былі зроблены пад пэўным уплывам выданняў Ф. Скарыны. З 1582 г. асветнік зноў жыў у Львове і імкнуўся сабраць сродкі на адкрыццё новай друкарні. У 1583 г. І. Фёдараў пабываў у Кракаве, Вене і, магчыма, Дрэздэне. У канцы 1583 г. ён вярнуўся ў Львоў, дзе захварэў і памёр.
Дзейнасць І. Фёдарава адыграла значную ролю ў гісторыі айчыннай культуры, развіцці руска-беларускіх і руска-ўкраінскіх культурных сувязей. Яго кнігі па сваім афармленні і паліграфічным выкананні былі на ўзроўні лепшых друкаваных выданняў свайго часу.