Многае з жыцця Васіля Цяпінскага (Амельяновіча) застаецца нявысветленым да нашага часу. Ёсць меркаванні, што ён нарадзіўся ў вёсцы Цяпіна Чашніцкага раёна ў 1530-я г. у сям’і дробнага баярына Мікалая Амельяновіча. Упершыню імя Цяпінскага сустракаецца ў дакументах 1560-х гг.
Ёсць даведкі, што ён скончыў універсітэт у 1567 г., служыў малодшым афіцэрам коннай роты аршанскага старасты Ф. Кміты Чарнабыльскага. Маюцца вельмі сціплыя звесткі пра лёс і дзейнасць В. Цяпінскага ў 1558–1583 гг. Вядома толькі, што ў гэты перыяд ён удзельнічаў у Лівонскай вайне.
Даследчыкі сведчаць, што ў Цяпіне, у сваім радавым маёнтку ён заснаваў друкарню, выдаўшы тут у 1580 г. з асветніцкімі мэтамі перакладзенае ім на старабеларускую мову Евангелле. В. Цяпінскі напісаў да выдання сваю ўласную прадмову, у якой выказаў меркавані па шэрагу пытанняў развіцця грамадства. Прадмова гэта захавалася ў рукапісе. Два экзэмпляры “Евангелля” цудам захаваліся і зберагаюцца ў Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу і Архангельскім краязнаўчым музеі. Кніга па тым часе вельмі добра аформлена, упрыгожана арнаментам, што сведчыць пра клопат выдаўца не толькі пра змест, але і знешні прывабны выгляд. Гуманіст і паслядоўнік праваслаўя выкарыстаў Евангелле для азнаямлення людзей са сваімі поглядамі на асвету, грамадскае ўсталяванне, рэлігійнае выхаванне грамадзян Вялікага княства Літоўскага. Тым самым В. Цяпінскі даў цэласную праграму рэфармавання школ, абгрунтаваў неабходнасць шырокага доступу да асветы дэмакратычных слаёў грамадства.
Перакананы гуманіст, асветнік і палітычны мысліцель, В. Цяпінскі з’яўляецца прыхільнікам Адраджэння, рэнесанснага руху на Беларусі, спрыяючы захаванню лепшых традыцый славянства.
Застаючыся вялікім дзеячам і палітычным мысліцелем сваёй эпохі, В. Цяпінскі падзяляў утапічныя ідэалы сваіх папярэднікаў са старажытнай Грэцыі і старажытнага Рыма адносна ўдасканалення вышэйшай магнацкай знаці Вялікага княства Літоўскага.