ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Джордж Бернард Шоў

Джордж Бернард Шоў

26 ліпеня – 155 гадоў з дня нараджэння
брытанскага пісьменніка і драматурга Джорджа Бернарда Шоў (1856–1950)

Джордж Бернард Шоў займае адно з самых ганаровых месцаў у гісторыі англійскай і сусветнай літаратуры. Звыш 70 гадоў аддаў ён літаратурнай працы. Пісьменнік выпрабаваў свае сілы ў самых розных жанрах: ён выступаў як празаік, публіцыст, музычны, тэатральны і мастацкі крытык. Творчасць гэтага найбуйнейшага англійскага пісьменніка канца XIX – першай паловы XX стагоддзя ўвайшла ў скарбніцу сусветнай літаратуры.

Нарадзіўся Бернард Шоў 26 ліпеня 1856 г. у Дубліне ў сям’і дробнага служачага. Яго бацькі былі бедныя, але належалі да інтэлігентнага асяроддзя, і юны Бернард з дзяцінства жыў у атмасферы культурных інтарэсаў.

Скончыўшы школу ў 14 гадоў, Бернард не мог далей працягваць адукацыю, бо бацькі не мелі сродкаў, каб утрымоўваць яго. Пятнаццацігадовым хлопчыкам ён пачаў працаваць пісарам у зямельным агенцтве. Ён не адчуваў асаблівай цягі і цікавасці да гэтай работы і ў 1876 г. ва ўзросце 20 гадоў пераехаў у Лондан да маці, вырашыўшы зарабляць на жыццё літаратурнай працай. Хоць разасланыя артыкулы вярталіся да яго з гнятлівай рэгулярнасцю, ён працягваў асаджваць рэдакцыі. Толькі адзін яго артыкул прынялі да друку, заплаціўшы аўтару пятнаццаць шылінгаў, – і гэта было ўсё, што Шоў зарабіў пяром за дзевяць гадоў. За гэтыя гады ён напісаў пяць раманаў, якія адхілілі ўсе англійскія выдавецтвы.

У 1884 г. Шоў уступіў у Фабіянскае таварыства і неўзабаве стаў адным з самых бліскучых яго аратараў. Адначасова ён удасканальваў сваю адукацыю ў чытальнай зале Брытанскага музея, дзе пазнаёміўся з пісьменнікам У. Арчэрам (1856–1924), які далучыў яго да журналістыкі. Папрацаваўшы нейкі час пазаштатным карэспандэнтам, атрымаў месца музычнага крытыка ў адной з вячэрніх газет. Пасля шасці гадоў, аддадзеных музычнаму рэцэнзаванню, Шоў на працягу трох з паловай гадоў працаваў тэатральным крытыкам у “Сатэрдэй рыв’ю”. За гэты час выпусціў кнігі пра Х. Ібсена і Р. Вагнера. Ён напісаў таксама зборнік “П’есы прыемныя” (1898). Адна з іх, “Прафесія місіс Уорэн”, упершыню пастаўленая ў 1902 г., была забаронена цэнзурай; другая, “Пажывём – пабачым” (1895), пасля некалькіх рэпетыцый была адхілена... Акрамя названых, у зборнік увайшлі п’есы ”Кандыда” (1895), “Выбраннік лёсу” (1897), “Дом удаўца” (1892) і “Сэрцаед” (1893). Пастаўлены ў Амерыцы Р. Мансфілдам “Вучань д’ябла” (1897) – першая п’еса Шоў, якая мела касавы поспех.

Шоў пісаў п’есы, рэцэнзіі, выступаў як вулічны аратар, прапагандуючы сацыялістычныя ідэі, і, акрамя таго, быў членам муніцыпальнага савета акругі Сент-Панкрас, дзе ён жыў. Такія перагрузкі прывялі да рэзкага пагаршэння здароўя, і калі б не клопат і догляд Шарлоты Пейн-Таўнзенд, з якой ён ажаніўся ў 1898 г., справа магла б скончыцца дрэнна. З п’ес, напісаных у гэты перыяд, найбольш значнымі з’яўляюцца “Цэзар і Клеапатра”(1898), ”Чалавек і звышчалавек” (1903), “Маёр Барбара” (1905), “Другі востраў Джона Буля” (1906), “Урач на ростанях” (1911), “Пігмаліён” (1912).

У гады Першай сусветнай вайны Бернард Шоў перажыў цяжкі духоўны крызіс. Люты ненавіснік вайны і шавінізму, ён апалчыўся супраць мілітарызму ўвогуле, не даючы літасці ні нямецкім, ні англійскім мілітарыстам. У 1914 г. ён апублікаваў памфлет “Здаровы сэнс пра вайну”. Прэса, публіка, калегі абсыпалі яго абразамі, а ён між тым спакойна скончыў п’есу “Дом, дзе разбіваюцца сэрцы” (1921) і рыхтаваў свой запавет чалавечаму роду – “Назад, да Мафусаіла” (1923), дзе ўвасобіў у драматургічную форму свае эвалюцыянісцкія ідэі. У 1924 г. слава вярнулася да пісьменніка, ён здабыў сусветнае прызнанне драмай “Святая Іаанна” (1924). У ёй глыбока рэалістычна намалявана славутая дачка французскага народа, нацыянальная гераіня Францыі Жанна д’Арк, ахопленая гарачым жаданнем выратаваць родную зямлю ад ворага. Светлы і чысты вобраз Жанны д’Арк – адзін з лепшых жаночых вобразаў у драматургіі Шоў. За гэтую п’есу Бернард Шоў быў удастоены Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 1925 г.

Апошняй п’есай, якая прынесла Шоў поспех, стала “Каляска з яблыкамі” (The Apple Cart, 1929), што адкрыла Малвернскі фестываль у гонар драматурга. .Жонка Шоў памерла ў 1943 г. Апошнія гады пісьменнік правёў у адзіноце ў Эйат-Сент-Лорансе (графства Хертфардшыр), дзе ва ўзросце дзевяноста двух гадоў закончыў сваю апошнюю п’есу “Мільярды Баянта” (Buoyant Billions, 1949). Да канца дзён пісьменнік захоўваў ясны розум. Памёр Шоў у Эйат-Сент-Лорансе 2 лістапада 1950 г.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты