Бернард Шоў – адзін з бліскучых прадстаўнікоў літаратуры крытычнага рэалізму, найбуйнейшы сатырык Вялікабрытаніі канца XIX – першай паловы XX стагоддзя. Яго творчы шлях быў складаны і супярэчлівы, але ўсё лепшае, што выйшла з-пад пяра Шоў, адзначана пячаткай незвычайнага сатырычнага таленту.
Стваральнік прасякнутай гумарам, поўнай парадоксаў востра публіцыстычнай драмы, Шоў выступаў на літаратурнай ніве і як крытык, і як раманіст, але яго сапраўднай стыхіяй, дзе ён не ведаў сабе роўных у англійскай літаратуры, была менавіта сатырычная драма. Імя Бернарда Шоў – бліскучага драматурга і публіцыста – трывала ўвайшло ў скарбніцу сусветнай літаратуры.
Выстаўка, прысвечаная Бернарду Шоў, налічвае каля 100 выданняў і змяшчае раманы, зборнікі п’ес і афарызмаў, крытычныя матэрыялы да твораў пісьменніка, а таксама літаратуру пра яго жыццё і творчасць.
Экспазіцыя ўключае некалькі кніг, выдадзеных пры жыцці знакамітага класіка англійскай і сусветнай літаратуры. Гэта п’еса “Иоанна д’Арк”, выпушчаная ў Ленінградзе ў 1924 годзе, раман “Карьера боксера Кэшеля Байрона”, выдадзеная ў Цвяры ў 1927 годзе, а таксама некалькі тамоў поўнага збору твораў Бернарда Шоў, які быў выпушчаны ў 1911 годзе ў Маскве.
Цікавая кніга серыі “Золотой фонд мировой классики”, у якую, акрамя найбольш вядомых п’ес, навел, артыкулаў пра тэатр, увайшлі аўтабіяграфічныя нататкі Джорджа Бернарда Шоў.
Таксама на выстаўцы прадстаўлены поўны збор п’ес Б. Шоў у 6-ці тамах, выпушчаны ў 1978 г. у Ленінградзе.
У кнізе Балашова П. С. “Художественный мир Бернарда Шоу” прыводзіцца ідэйна-мастацкі аналіз усіх асноўных твораў Шоў, характарызуецца своеасаблівасць яго творчага метаду, яго ўклад у сусветную драматургію XX стагоддзя.
Экспазіцыя таксама ўключае біяграфію Б. Шоў, напісаную адным з самых дасведчаных пісьменнікаў-біёграфаў Хескетам Пірсанам. Дзякуючы майстэрству аўтара і актыўнаму ўдзелу самога героя ў напісанні кнігі, расказ пра жыццё і творчасць Бернарда Шоў стаў унікальнай біяграфіяй.
Выстаўка прызначана для ўсіх чытачоў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю знакамітага англійскага пісьменніка і драматурга Джорджа Бернарда Шоў.