23 верасня – 75 гадоў з дня нараджэння
пісьменніка і драматурга Эдварда Радзінскага (1936)
Творчасць Эдварда Радзінскага – прыкметная з’ява ў рускай сучаснай драматургіі. Эдвард Станіслававіч з’яўляецца адным з вядучых сучасных драматургаў, якія заявілі пра сябе яшчэ ў 60-я гады.
Нарадзіўся Эдвард Радзінскі 23 верасня 1936 года ў Маскве. Яго бацькам быў вядомы ў тыя гады драматург і член Саюза пісьменнікаў СССР Станіслаў Радзінскі. Эдвард Станіслававіч закончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут. У 1960 годзе ён дэбютаваў як драматург на сцэне Маскоўскага тэатра юнага гледача п’есай “Мара мая... Індыя” пра лёс знакамітага музыканта і асветніка канца XVIII ст. Герасіма Лебедзева, які стварыў у Індыі першы індыйскі тэатр еўрапейскага тыпу.
Шырокая вядомасць прыйшла да Радзінскага пасля таго, як Анатоль Эфрас паставіў у Тэатры імя Ленінскага Камсамола яго п’есу “104 старонкі пра каханне”. Гэтая драма легла ў аснову фільма “Яшчэ раз пра каханне”, галоўныя ролі ў якім сыгралі вядомыя акцёры Таццяна Дароніна і Аляксандр Лазараў.
З гэтага моманту практычна ўсе п’есы Эдварда Радзінскага атрымлівалі папулярнасць. Іх часта ставілі ў тэатрах Расіі і за мяжой. Таксама пісьменнік працаваў для кіно, у васьмідзясятыя гады стаў працаваць на тэлебачанні ў жанры телерасказа.
У 90-я гады Радзінскі пачаў пісаць празаічныя творы пра вялікіх асоб. Яго кнігі “Сталін” і раман пра Мікалая II сталі бестселерамі ва ўсім свеце. Апошні яго раман “Аляксандр II” не саступае па папулярнасці папярэднім. Спектаклі па яго гістарычнай трылогіі “Лунін”, “Размовы з Сакратам” і “Тэатр часоў Неронаі Сенекі” былі пастаўлены ў тэатрах розных краін.
У апошнія гады Радзінскі ўмацаваў сваю вядомасць як аўтар папулярных гісторыка-публіцыстычных кніг пра трагічныя перыяды рускай і сусветнай гісторыі, пра гістарычных асоб. Гэтыя кнігі надрукаваны ў буйнейшых сусветных выдавецтвах і перакладзены на англійскую, французскую, нямецкую, італьянскую, іспанскую, партугальскую, грэчаскую, дацкую, польскую, фінскую, шведскую і іншыя мовы. Сярод мноства яго гістарычных апавяданняў сусветнымі бестселерамі сталі біяграфіі Мікалая II, Сталіна і Распуціна. Нядаўна выйшла ў свет кніга – біяграфія Аляксандра II.
З 1994 года Эдвард Радзінскі актыўна супрацоўнічае з тэлебачаннем. Ён вядзе аўтарскія цыклы шэрагу тэлеперадач – “Загадкі гісторыі” і іншыя, – называючы іх перш за ўсё асветніцкімі.
Практычна ўсё яго п’есы атрымлівалі папулярнасць і сталі значнымі падзеямі ў тэатральным жыцці Расіі. Эдвард Станіслававіч – лаўрэат Міжнароднай прэміі святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія; лаўрэат Нацыянальнай тэлевізійнай прэміі “ТЭФІ” (1997, 1999).
У цяперашні час Эдвард Радзінскі з’яўляецца членам Савета па культуры і мастацтве пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, творчага савета часопіса “Драматург”, грамадскага савета газеты “Культура”, акадэмікам Расійскай акадэміі тэлебачання ТЭФІ, старшынёй апякунскага савета літаратурнай прэміі “Дебют”, сустаршынёй Літаратурнай акадэміі – журы Нацыянальнай прэміі “Большая книга”.