Да 190-годдзя з дня нараджэння рускага пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага (1821–1881)
Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што ў іх зямным жыцці надышла апошняя дата, а ў іх творах дапісана апошняя старонка і пастаўлена апошняя кропка. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.
Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі. Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, штоў сваёй творчасці ён ўзняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры. Па дадзеных ЮНЕСКА, Дастаеўскі ў мінулым стагоддзі быў адным з самых чытаемых пісьменнікаў у свеце. Такім ён застаецца і ў пачатку новага, ХХI стагоддзя, калі на змену традыцыям класічнай рускай, беларускай, сусветнай літаратуры даўно прыйшлі разнастайныя стылёвыя плыні і новыя філасофскія напрамкі.
Юбілейная экспазіцыя “Пакутны геній” налічвае каля 150 выданняў, сярод якіх збор твораў, зборнікі выбраных твораў, асобныя творы, артыкулы і лісты, выяўленчыя матэрыялы, літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка.
З усіх сваіх твораў Дастаеўскі больш за ўсё любіў “Дзённік пісьменніка”. Ён думаў пра змест і форму “Дзённіка” да самай смерці. “Дзённік” быў насычаны думкамі і ідэямі. Гэта работа з'яўляецца энцыклапедыяй творчасці Дастаеўскага, яго эксперыментальнай лабараторыяй і складам матэрыялаў для іншых твораў. Тры тамы “Дзённіка” выдаваліся з 1873 па 1881 год. На выстаўцы прадстаўлены “Дневник писателя за 1876 г.”, выдадзены ў 1883 годзе ў Санкт-Пецярбургу.
Шматлікая і цікавая літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка. Кніга “Мысли, высказывания и афоризмы Достоевского” (1975), выдадзеная ў Парыжы, з'яўляецца першай спробай выдання афарызмаў і выказванняў Ф. М. Дастаеўскага. Усе афарызмы выбраны толькі з тых твораў, у якіх пісьменнік выступаў ад свайго імя. Для зручнасці арыентацыі усе выказванні размеркаваны па наступных групах: “Расія і рускія”, “Еўропа”, “Рэлігія”, “Літаратура і мастацтва”, “На розныя тэмы”.
Унікальны энцыклапедычны слоўнік “Ф. М. Достоевский и его окружение” (2001) С.У. Бялова ў двух тамах. На аснове друкаваных і архіўных крыніц аўтар рэканструяваў партрэты ўсіх сучаснікаў геніяльнага рускага пісьменніка, з якімі ён сустракаўся і творча ўзаемадзейнічаў. Усе артыкулы ў выданні дзеляцца на тры віды, у залежнасці ад таго, які след тыя або іншыя сучаснікі пакінулі ў жыцці і творчасці пісьменніка: кароткія, больш падрабязныя і, нарэшце, фундаментальныя артыкулы, якія прасочваюць шматгадовую, супярэчлівую гісторыю ўзаемаадносін Дастаеўскага.
У экспазіцыю ўключана электронная кніга – поўны энцыклапедычны збор твораў пісьменніка “Достоевский Ф. М.” (2002). На кампакт-дыску размешчаны ўсе мастацкія творы, артыкулы, крытыка, дзённік Ф.М. Дастаеўскага, дзелавыя паперы, перапіска, запісныя кніжкі, творы, якія прыпісваюцца пісьменніку, 98 работ, якія распавядаюць пра яго жыццё і творчасць, хроніка яго жыцця і творчасці, больш за 500 ілюстрацый, 3 гадзіны музыкі сучаснікаў пісьменніка П. Чайкоўскага і М. Рымскага-Корсакава.
Значную цікавасць уяўляюць сучасныя выданні, якія апавядаюць пра творчасць, светапогляд і жыццё пісьменніка. У кнізе С.У. Бялова “Пецярбург Дастаеўскага” (2002), прысвечанай 300-годдзю Санкт-Пецярбурга, рэканструююцца пецярбургскія адрасы Ф. М. Дастаеўскага і яго герояў, аналізуецца мастацтва пецярбургскага чытання “Злачынства і пакарання”. У выданні Анджэя дэ Лазары “В кругу Федора Достоевского. Почвенничество” (2004) разглядаецца “почвенничество” як светапогляд мысліцеляў і пісьменнікаў, аб'яднаных вакол часопісаў “Время” (1861–1863) і “Эпоха” (1864–1865), якія выдаваліся ў Пецярбургу братамі М. і Ф. Дастаеўскімі.
Кніга Н.Г. Ганчаровай “Достоевский в зеркалах графики и критики” (2005) з'яўляецца першай спробай абагульніць вопыт ілюстравання твораў Ф.М. Дастаеўскага, што можна расцэньваць як подступы да стварэння каталога ілюстрацыйнага матэрыялу за 150 гадоў.
Першы зборнік серыі публікацый Міжнароднага таварыства Дастаеўскага “Достоевский и русское зарубежье ХХ века” (2008) змяшчае даклады ХII Міжнароднага сімпозіума пра Дастаеўскага ў Жэневе, які адбыўся 1–6 верасня 2004 года.