ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Ляскоў Мікалай Сямёнавіч

Ляскоў Мікалай Сямёнавіч

16 лютага – 180 гадоў з дня нараджэння рускага пісьменніка Ляскова Мікалая Сямёнавіча (1831–1895)

 

Творца апавяданняў пра святых праведнікаў рускай зямлі, аўтар дасціпных навел,  Мікалай Сямёнавіч Ляскоў быў адным з лепшых стылістаў рускай літаратуры XIX стагоддзя. Яго творчасць выключная і своеасаблівая – і па шырокім полі мастацкага погляду, і па бясконцай разнастайнасці выкарыстаных выяўленчых магчымасцей рускай мовы.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 16 лютага 1831 г. у сяле Гарохаве Арлоўскай губерні ў сям’і крымінальнага следчага.

У 1841 г. Мікалай паступае ў першы клас Арлоўскай губернскай гімназіі, якую скончыць яму не давялося. Пасля пажару, які знішчыў невялікую маёмасць Лясковых у Арле, і смерці бацькі, што адбылася ўслед за здарэннем, сям’я зусім збяднела. У шаснаццаць гадоў будучы пісьменнік пачаў працоўнае жыццё канцылярскага служачага ў Арлоўскай палаце крымінальнага суда.

У 1849 г. Ляскоў з братам пераехаў у Кіеў да дзядзькі С. П. Алфер’ева, прафесара Кіеўскага ўніверсітэта. Тут ён займаўся самаадукацыяй, наведваў лекцыі прафесароў універсітэцкага гуртка. Адначасова вывучаў украінскую мову і ўкраінскую літаратуру, знаёміўся з творчасцю Т. Р. Шаўчэнкі, памяці якога ён пазней прысвяціў артыкулы “Апошняя сустрэча і апошняе расстанне з Шаўчэнкам” (1861) і “Афіцыйнае буфонства” (1882). Гады кіеўскага жыцця (1849–1857) далі матэрыял для шырокага цыклу твораў (“Нехрышчоны поп”, “Старадаўнія псіхапаты”, “Заячы раміз”).

У 1862 г. быў надрукаваны яго першы мастацкі твор – апавяданне “Згаслая справа” (пазней – “Засуха”). Услед за гэтым з’яўляюцца “Разбойнік” (1862), “У тарантасе” (1862), “Жыціе адной бабы” (1863), “З’едлівы” (1863). Вялікая частка ранніх твораў Ляскова была напісана ў жанры нарыса, які ў той час карыстаўся вялікай папулярнасцю. Увосень гэтага ж года пісьменнік падарожнічае па заходніх губернях Расіі, адпраўляецца ў Прагу, Парыж, наведвае Рыгу.

Мікалай Сямёнавіч Ляскоў – аўтар знакамітых твораў: “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” (1865), “Ляўшун” (1881), “Зачараваны вандроўнік” (1873). Ён напісаў мноства мастацкіх нарысаў, апавяданняў, аповесцей, раманаў, адзіную п’есу “Марнатравец” (1867), звяртаўся да жанру хронікі: хроніка “Старыя гады ў сяле Пладамасаве” (1869), раман “Сабаране” (1872), сатырычная хроніка “Смех і гора” (1871), гістарычны раман “Заняпалы двор” (1874), легенды “Скамарох Памфалон” (1887) і інш. Асобы цыкл склалі калядныя апавяданні – рэдкі ў рускай літаратуры жанр: “Хрыстос у гасцях у мужыка” (1881), “Вандраванне з нігілістам” (1882), “Маленькая памылка” (1883), “Стары геній” (1884).

У 1889–90 гг. выходзіць 10-томны збор створаў М. С. Ляскова. Шосты том, куды ўваходзілі “Дробязі архірэйскага жыцця”, быў забаронены грамадзянскай і духоўнай цэнзурай.

У 1894 г. Ляскоў пагадзіўся на просьбу П. М. Траццякова і дазволіў пісаць свой партрэт, для чаго з Масквы прыехаў В. А. Сяроў. Патрэт быў выстаўлены ў наступным годзе на XXIII перасоўнай выстаўцы ў Акадэміі мастацтваў, якую пісьменнік наведаў у дзень адкрыцця – 17 лютага. 18 лютага хворы Ляскоў выехаў катацца вакол Таўрычаскага саду, што выклікала абвастрэнне хваробы. 21 лютага Мікалай Сямёнавіч памёр. Пахаваны пісьменнік на Літаратарскіх мастках Волкавых могілак Санкт-Пецярбурга.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты