Да 190-годдзя з дня нараджэння рускага паэта М.А. Някрасава (1821–1878)
Мікалай Аляксеевіч Някрасаў – тонкі лірык, празаік і драматург, сатырык і крытык. Яго паэтычная творчасць з'явілася новым словам у развіцці рускай паэзіі і заняла месца ў адным шэрагу з геніяльнымі творамі Пушкіна і Лермантава. На працягу трыццаці гадоў Някрасаў выдаваў самыя прагрэсіўныя часопісы свайго часу – “Современник”, а пасля яго закрыцця – “Отечественные записки”. У іх друкаваліся найбуйнейшыя перадавыя пісьменнікі, пачынаючы ад Бялінскага і Тургенева, Талстога і Дастаеўскага да Чарнышэўскага і Дабралюбава, Салтыкова-Шчадрына і Астроўскага.
Выстаўка, прысвечаная Мікалаю Аляксеевічу Някрасаву, налічвае каля 100 выданняў і змяшчае паэмы, раманы, зборнікі лірыкі, зборы твораў, а таксама крытычныя матэрыялы да твораў пісьменніка і літаратуру пра яго жыццё і творчасць.
Экспазіцыя ўключае Поўны збор твораў і пісем пісьменніка ў 15-ці тамах (1981–2000). Цікавая кніга К. Чаеўскай “Я лиру посвятил народу своему”, у якой, акрамя выбранай лірыкі паэта, прадстаўлены дакументальныя матэрыялы, што змяшчаюць сведчанні сучаснікаў паэта, іх успаміны, перапіску, дзённікі, а таксама выказванні самога Някрасава, узятыя з яго пісем, аўтабіяграфій, крытычных артыкулаў.
Таксама на выстаўцы прадстаўлена кніга А. Голубева “Николай Алексеевич Некрасов. Биография, критический обзор поэзии, собрание стихотворений, посвященных памяти поэта, свод статей о Н.А. Некрасове с 1840 года”. Кніга выйшла ў 1878 годзе ў Санкт-Пецярбургу.
У кнізе М.Я. Басінай “Литейный, 36” расказваецца пра дваццаць гадоў, праведзеных М.А. Някрасавым у Санкт-Пецярбургу. У доме на Ліцейным праспекце ён напісаў многія свае вершы, тут была рэдакцыя часопіса “Современник”, куды пастаянна прыходзілі І.С. Тургенеў, Л.М. Талстой, І.А. Ганчароў, Д.У. Грыгаровіч і іншыя рускія пісьменнікі.
Экспазіцыя таксама ўключае зборнік “Венок Некрасову”, у які ўвайшлі вершы, прысвечаныя памяці паэта, і выказванні вядомых рускіх пісьменнікаў пра яго творчасць.
Выстаўка прызначана для ўсіх чытачоў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю знакамітага рускага паэта, празаіка і драматурга Мікалая Аляксеевіча Някрасава.