15 красавіка – 125 гадоў з дня нараджэння рускага паэта
Мікалая Сцяпанавіча Гумілёва (1886–1921)
Мікалай Гумілёў – самы яркі рускі паэт першай чвэрці ХХ стагоддзя, заснавальнік літаратурнай плыні акмеізму.
Мікалай Сцяпанавіч Гумілёў нарадзіўся 15 красавіка 1886 г. у Кранштаце ў сям’і карабельнага ўрача. Неўзабаве пасля яго нараджэння сям’я Гумілёвых пераехала ў Царскае Сяло, дзе прайшло дзяцінства і малалецтва будучага паэта. Тут адбылася сустрэча з гімназісткай Аняй Горанка – будучай Ганнай Ахматавай.
У 1900 г. сям’я Гумілёвых пераехала на Каўказ. Тут будучы паэт два гады навучаўся ў Тыфліскай гімназіі. У Тыфлісе таксама з’явіўся ў друку першы верш Гумілёва “Я в лес сбежал из городов…”, апублікаваны ў газеце “Тифлисский листок” 8 верасня 1902 г.
У 1903 г. Гумілёвы зноў вяртаюцца ў Царскае Сяло. Юны паэт паступае ў сёмы клас Мікалаеўскай царскасельскай гімназіі, дзе быў дырэктарам паэт Інакенцій Аненскі. Вучыўся Гумілёў кепска, скончыў гімназічны курс толькі ў дваццаць гадоў. У 1905 г. ён выдаў зборнік вершаў “Путь конквистадоров”, які падарыў Аненскаму.
Пасля заканчэння гімназіі Гумілёў адпраўляецца ў Францыю, дзе слухае ў Сарбоне лекцыі па французскай літаратуры.
У 1908 г. выходзіць другая кніга “Романтические цветы”.
Зімой 1909–1910 гг. Гумілёў адпраўляецца ў Абісінію ў складзе экспедыцыі, арганізаванай акадэмікам В. Радлавым. Там ён збіраў і вывучаў абісінскі фальклор, які паслужыў затым асновай для цыклаў “Абиссинских песен” і маленькай паэмы “Мик”. Гумілёву належыць і першы пераклад вавілонскага эпасу “Гильгамеш».
Увесну 1910 г. Гумілёў ажаніўся з Ганнай Горанка, якой ужо праз два гады давялося стаць аўтарам кнігі “Вечер”, падпісанай псеўданімам Ганна Ахматава. У гэтым жа годзе выходзіць яго новая, трэцяя па ліку, кніга “Жемчуга” – з прысвячэннем В. Брусаву як настаўніку. У кнігу ўваходзіць паэма “Капитаны”, адзін з самых вядомых твораў Мікалая Гумілёва.
У 1911 г. Гумілёў разам са сваім сябрам С. Гарадзецкім заснаваў уласны гурток “Цэх паэтаў”. Першапачаткова ён не меў выразнай літаратурнай скіраванасці. На першым пасяджэнні, якое адбылося на кватэры ў Гарадзецкага, былі А. А. Пяст, А. А. Блок з жонкай, Г. Ахматава і інш.
У 1912 г. выходзіць кніга “Чужое небо”.
11 лютага 1913 г. на пасяджэнні гуртка “Академия стиха” было заяўлена пра стварэнне новай літаратурнай плыні – акмеізму. А ў першым нумары часопіса “Аполлон” за 1913 г. з’явіліся артыкулы Гумілёва “Наследие символизма и акмеизм” і Гарадзецкага “Некоторые течения в современной русской поэзии”, якія лічыліся маніфестамі новай школы.
Выконваючы свой патрыятычны абавязак, паэт ужо ў жніўні 1914 г. становіцца добраахвотнікам лейб-гвардыі ўланскага палка. Неўзабаве ён не толькі атрымаў першы афіцэрскі чын, але і быў узнагароджаны двума Георгіеўскімі крыжамі. Пасля атрымання афіцэрскага звання Гумілёў пераведзены ў Пяты гусарскі Александрыйскі полк.
Наступная кніга Гумілёва “Колчан” выходзіць у 1916 г. – у самы разгар Першай сусветнай вайны. Даследчыкі яго творчасці лічаць, што гэта выданне распачынае другі (і апошні) перыяд творчасці Гумілёва, калі былі напісаны вершы зборнікаў “Костер” (1918), “Шатер” (1918) і “Огненный столп” (1921). Разам яны ўтвараюць асноўны масіў яго сталай лірыкі, і ў той жа час кожная з пералічаных кніг мае свае індывідуальныя асаблівасці. Да кожнай з іх прымыкаюць творы і зборнікі казачнага і эпічнага характару. Да “Колчана” – “Гондла” (1917) і дзіцячая казка “Мик” (1918), да “Костра” і “Шатра” – “кітайскі” цыкл “Фарфоровый павильон” (1918), да “Огненного столпа” – невялікі зборнік лірычных вершаў аб “парижской любви” (які выйшаў пасмяротна пад назвай “К синей звезде”), няскончаная «Поэма Начала» і шэраг перакладаў.
Апошняе прыжыццёвае выданне «Огненный столп» лічыцца вяршынным дасягненнем Гумілёва як паэта. Гэта кніга глыбокіх і ў паэтычных адносінах дасканалых вершаў, якія займаюць высокае і пачэснае месца ў гісторыі рускай літаратуры.
Гібель нагнала паэта на вяршыні яго паэтычнага ўзлёту. Ён быў арыштаваны 3 жніўня 1921 г. па абвінавачванні ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай змове і членстве ў Петраградскай баявой арганізацыі, узначаленай У.Н. Таганцавым, і праз некалькі тыдняў расстраляны. Рэабілітаваны паэт быў толькі ў 1992 г.