Яркі прадстаўнік бліскучай плеяды паэтаў рускага Сярэбранага веку, Мікалай Сцяпанавіч Гумілёў (1886–1921) – безумоўна, яркая з’ява ў рускай літаратуры пачатку XX стагоддзя. Аўтар дзясятка паэтычных зборнікаў, кожны з якіх стаў прыкметнай падзеяй у літаратурным жыцці Расіі, ён таксама спрабаваў сябе ў драматургіі, прозе, літаратурнай крытыцы.
На выстаўцы, прысвечанай Мікалаю Гумілёву, прадстаўлена каля 100 дакументаў. Гэта зборнікі вершаў, паэмы, навелы, кнігі па біяграфіі паэта і крытычныя матэрыялы пра яго творчасць.
Экспазіцыя ўключае Поўны збор твораў М.С. Гумілёва ў дзесяці тамах. Шматтомнае выданне выпушчана ў Маскве ў 1998 годзе.
У зборніку “Н.С. Гумилев. Письма о русской поэзии”, выдадзеным у Петраградзе ў 1923 годзе, апублікаваны найбольш каштоўныя літаратурна-крытычныя артыкулы знакамітага рускага паэта пачатку XX стагоддзя. Усім прыхільнікам рускай паэзіі будуць цікавыя яго разважанні пра творчасць С. Гарадзецкага, У. Пяста, І. Аненскага, Г. Ахматавай, А. Блока, М. Цвятаевай і многіх іншых.
У кнізе “В огненном столпе” сабраны разам усе вядомыя дзённікі, лісты, артыкулы, а таксама выказванні пра літаратуру М.С. Гумілёва. Ва ўступным артыкуле даецца біяграфія паэта і радавод Гумілёвых, заснаваныя на сапраўдных дакументах.
Цікавая кніга Уладзіміра Палушына “Жизнь расстрелянного поэта”, у якой аўтар сабраў усе вядомыя сёння звесткі ў цэласны жыццяпіс М. Гумілёва, набліжаны да хронікі. Кніга змяшчае багаты матэрыял для дапытлівых чытачоў і будучых даследчыкаў.
У выданні “Николай Гумилев. Глоток зеленого шартреза” адлюстравана літаратурная біяграфія Гумілёва, прыведзены ўспаміны сучаснікаў, у дадатку сабраны фатаграфіі знакамітага паэта, а таксама яго малюнкі да сваіх твораў.
Выстаўка прызначана для ўсіх чытачоў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю вядомага рускага паэта Сярэбранага веку Мікалая Сцяпанавіча Гумілёва.