ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Міхаіл Афанасьевіч Булгакаў

Міхаіл Афанасьевіч Булгакаў

15 мая – 120 гадоў з дня нараджэння
Міхаіла Афанасьевіча Булгакава (189–1940)
,
рускага пісьменніка

Міхаіл Булгакаў – адзін з самых яркіх і таленавітых пісьменнікаў ХХ стагоддзя, выдатны драматург і тэатральны рэжысёр. Ён пакінуў багатую літаратурную спадчыну амаль ва ўсіх жанрах. Пачаў з фельетонаў, стварыў некалькі драматычных шэдэўраў, аповесцей, апавяданняў, скончыў глыбокімі па змесце і бліскучымі па форме раманамі “Мастер и Маргарита” и “Записки покойника".

Нарадзіўся Міхаіл Афанасьевіч Булгакаў у Кіеве 15 мая 1891 г. у сям’і прафесара Кіеўскай духоўнай акадэміі. Імя яму далі ў гонар архангела Міхаіла, заступніка гэтага старажытнага горада.

У 1901 г. будучы пісьменнік паступіў у Першую Аляксандраўскую гімназію. Гады вучобы ў гімназіі (1901–1909) адлюстраваны ў рамане “Белая гвардия” (1925) і “Дни Турбинных” (1926).

У жніўні 1909 г. Булгакаў прыняты ва Універсітэт св. Уладзіміра на медыцынскі факультэт. Скончыўшы яго ў 1916 г., пісьменнік атрымлівае дыплом “лекара з адзнакай”. Падчас Першай сусветнай вайны ён працаваў у шпіталях Чырвонага Крыжа на Паўднёва-заходнім фронце, затым быў прызваны на ваенную службу ў Сычоўскі павет Смаленскай губерні. Пасля вайны Булгакаў вяртаецца ў Кіеў. У 1919 г. яго мабілізуюць у Белую армію і адпраўляюць на Паўночны Каўказ у якасці ваеннага ўрача. Там і адбылася першая публікацыя Булгакава – артыкул “Грядущие перспективы” – у газеце “Грозный” (13 лістапада 1919 г., № 47).

Хвароба не дазволіла Булгакаву з’ехаць разам з Белай арміяй, якая адступала. У 1920–1921 гг. ён працаваў ва Уладзікаўказскім пададдзеле мастацтваў, змяніўшы прафесію ўрача на вольнае жыццё літаратара.

Пачынаючы з 1922 г., Булгакаў стаў актыўна друкавацца ў берлінскай газеце “Накануне” (у літаратурным дадатку да яе былі апублікаваны “Записки на манжетах”, “Похождения Чичикова”, “Красная корона”, “Чаша жизни”). Былі надрукаваны аповесці “Дьяволиада” (1924) і “Роковые яйца” (1925).

У 1925 г. часткова быў апублікаваны раман “Белая гвардия” (цалкам – за мяжой, у СССР – у 1966 г.). У 1926 г. Тэатр імя Яўгенія Вахтангава паставіў булгакаўскую п’есу “Зойкина квартира”. А да часу пастаноўкі “Багрового острова”(1928) на сцэне маскоўскага Камернага тэатра імя пісьменніка ўжо набыло не толькі агульнарасійскую, але і еўрапейскую вядомасць.

П’еса “Бег”, якую Булгакаў напісаў для Мастацкага тэатра ў 1927 г., была забаронена: супраць яе выступілі адзіным фронтам органы палітычнага вышуку, цэнзура, партыйныя і дзяржаўныя чыноўнікі, фактычна ўвесь перыядычны друк.

Практычна ўсё творы 1930-х гадоў пісаліся Булгакавым “у стол”, без усякай надзеі на публікацыю. Сярод іх “Записки покойника” (“Театральный роман” 1937, надрукаваны ў 1965) – апісанне “мхатаўскага свету” за кулісамі; біяграфія “Жизнь господина де Мольера” – свайго роду пашыраны варыянт “Кабалы святош” для серыі “Жизнь замечательных людей” (1933, апублікавана ў 1962); п’есы “Иван Васильевич” (1936, апублікавана ў 1965) і “Александр Пушкин" (1935, апублікавана ў 1955), п’еса “Батум” (1939).

Апошні этап жыцця Булгакава звязаны з Вялікім тэатрам (з 1936 г.), дзе ён рыхтаваў лібрэта. Менавіта ён выправіў тэкст лібрэта Сяргея Гарадзецкага для оперы М.І. Глінкі “Иван Сусанин”, якая ў 1938 г. вярнулася на сцэну галоўнага тэатра краіны.

Безумоўна, вяршыняй творчасці Міхася Булгакава з’яўляецца раман “Мастер и Маргарита” (апублікаваны ў часопісе “Москва” ў 1966–1967 гг. дзякуючы падзвіжніцтву ўдавы пісьменніка Алены Сяргееўны Булгакавай). Гэты “апошні раман, раман сыходу”, па азначэнні самога Булгакава, пісаўся доўга – на працягу 1929–1940-х гг., мае некалькі рэдакцый (часткова апублікаваных) і шматлікія водгукі на многіх мовах свету.

У апошнія месяцы і тыдні свайго жыцця Міхаіл Афанасьевіч правіў раман “Мастер и Маргарита”, які яму перадрукоўвала і чытала ўголас Алена Сяргееўна. 10 сакавіка 1940 г. Міхаіл Афанасьевіч памёр, пакінуўшы пасля сябе багатую літаратурную спадчыну.

Міхаіл Булгакаў пахаваны на Новадзявочых могілках. На яго магіле, па хадайніцтве А.С. Булгакавай, быў устаноўлены камень, празваны “галгофай”, які раней ляжаў на магіле М.В. Гогаля.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты