ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Міхаіл Афанасьевіч БулгакаўМістычны пісьменнік

Містычны пісьменнік

Імя знакамітага рускага пісьменніка Міхаіла Афанасьевіча Булгакава глыбока шануецца ў многіх краінах свету. Яго пяру належыць вялікая колькасць выдатных твораў: аповесці, апавяданні, фельетоны, карэспандэнцыі, нарысы, эсэ, п’есы, раманы і лібрэта.

Экспазіцыя змяшчае творы пісьменніка, літаратуру пра яго жыццё і творчасць і налічвае каля 150 экспанатаў.

З прыжыццёвых выданняў прадстаўлены другі том рамана “Дни Турбиных”, які выйшаў у 1929 годзе ў Парыжы.

Творчая спадчына пісьменніка ўключае Збор твораў у васьмі тамах, выпушчаны ў 2002 годзе ў Санкт-Пецярбургу выдавецтвам “Азбука-классика”. Творы, што ўвайшлі ў Збор, размешчаны ў паслядоўнасці, якая вызначылася храналогіяй падзей, апісаныху іх.

На выстаўцы можна ўбачыць частку калекцыйнай серыі асобных твораў Міхаіла Булгакава, выпушчанай маскоўскім выдавецтвам “Интрейд Корпорейшн”. Кнігі ўключаюць вялікую колькасць каляровых ілюстрацый.

Дэманструецца мноства цікавых кніг, прысвечаных жыццёваму шляху і творчасці пісьменніка. Сярод іх вылучаецца дакументальнае апавяданне В. І. Сахарава “Михаил Булгаков: писатель и власть” (2001). Выданне ўяўляе сабой насычаны невядомымі фактамі аповед пра дзіўны, таямнічы лёс Міхаіла Афанасьевіча Булгакава, пра загадкі гэтага лёсу, звязанага з такімі імёнамі, як Сталін, Ленін, Троцкі. У дадатку да кнігі змешчаны архіўныя дакументы – аўтабіяграфічныя апавяданні, мемуары, дзённікі, лісты, даносы, дакладныя запіскі агентаў тайнай паліцыі і іншыя, не вядомыя раней біяграфічныя матэрыялы.

“Михаил и Елена Булгаковы: Дневник Мастера и Маргариты” (2001) – гэта дзённікі і лісты Міхаіла і Алены Булгакавых, пададзеныя аўтарамі кнігі храналагічна ў форме адзінага тэксту.

Манаграфія “Михаил Булгаков и его родные: Семейный портрет” (2004) заснавана на матэрыялах архіва сям’і Булгакавых, якія збірала, захоўвала і даследавала сястра пісьменніка Надзея Афанасьеўна Булгакава-Земская (1893–1971). Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая частка змяшчае публікацыю дакументаў рознага роду: гэта лісты М. Булгакава і адрасаваныя да яго лісты родных і сяброў, лісты яго бацькоў, братоў, сясцёр; дзённікі членаў сям’і; успаміны пра жыццё сям’і ў Карачаве на мяжы XIX–XX стст.; успаміны пра М. Булгакава; аповеды яго братоў Мікалая і Івана пра эміграцыю; два артыкулы М. Булгакава: “Грядущие перспективы” (1919) і “Театральный Октябрь” (1920). Другая частка манаграфіі змяшчае аналіз матэрыялаў архіва. Даследуецца мова і стыль дакументаў мяжы XIX–XX стст.

Фотаальбом “Михаил Булгаков. Жизнь и творчество” (2006) уключае больш за 500 фатаграфій, аўтографаў і іншых унікальных матэрыялаў, многія з якіх апублікаваны ўпершыню. У альбоме шмат фатаграфій, якія перадаюць дух эпохі: Кіеў пачатку ХХ стагоддзя, фотахроніка Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, Масква 1920–30-х гадоў. Сюды таксама ўвайшлі аўтабіяграфічныя матэрыялы, урыўкі з твораў М.А. Булгакава, успаміны яго сучаснікаў, перапіска.

Прадстаўлены даследаванні самага знакамітага рамана М. Булгакава “Мастер и Маргарита”: “Мой бедный, бедный мастер…” (поўны збор рэдакцый і варыянтаў рамана “Мастер и Маргарита”, 2006), Б. Соколов “Расшифрованный Булгаков. Тайны Мастера и Маргариты” (2006), “Открой книгу и узнай судьбу по книге М. Булгакова “Мастер и Маргарита” (2006), кніга маскоўскага мастацтвазнаўцы Т. Пазняевай “Воланд и Маргарита” (2007).

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты