Віктар Іосіфавіч Язневіч
Нарадзіўся ў 1957 г. у Гродна, жыве ў Мінску. У 1979 г. скончыў факультэт прыкладнай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук.
У студэнцкія гады захапіўся творчасцю Станіслава Лема, паклаўшы пачатак сваёй калекцыі. З 1999 г. у вольны ад асноўнай працы час пачаў перакладаць на рускую мову артыкулы Станіслава Лема, прысвечаныя камп'ютарам і інфармацыйным тэхналогіям, а пасля – і працы на філасофскія, літаратурныя, публіцыстычныя і іншыя тэмы, а таксама апавяданні. Перакладаў С. Лема з польскай на беларускую і з рускай на польскую мовы. (Лем добра ведаў рускую мову, супрацоўнічаючы з рускамоўнымі часопісамі "Новый мир", "Знание – сила", "Техника молодежи" і інш., пакінуў больш за 30 артыкулаў і звыш 70 інтэрв'ю ў рускамоўным варыянце.)
Пераклады Віктара Язневіча былі апублікаваны ў кнігах-зборніках выдавецтва АСТ (Масква): "Молох" (2005, "Тайна китайской комнаты", "Мегабитовая бомба", "Мгновение", артыкулы і апавяданні), "Так говорил… Лем" (2006, зборнік інтэрв'ю), "Мой взгляд на литературу" (2009, "Мой взгляд на литературу", "Sex Wars", артыкулы і апавяданне), "Хрустальный шар" (2011, зборнік ранніх апавяданняў, рыхтуецца да друку), – а таксама друкаваліся ў часопісах "Компьютерра", "Химия и жизнь", "Знание – сила", "Станиславский", "Новый мир", "Реальность фантастики", "Przegląd Filozoficzno-Literacki", "Film" і шматлікіх газетах. Пра лемаўскую творчасць Віктар Язневіч апублікаваў больш за 30 артыкулаў у Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіне, Балгарыі.
На дадзены момант яго калекцыя налічае больш за 700 кніг Станіслава Лема і пра яго на 27 мовах, выдадзеных у 35 краінах, а таксама большасць (парадку 1,5 тысячы) артыкулаў і інтэрв'ю пісьменніка-фантаста і іншыя матэрыялы. Яго віртуальная кніжная калекцыя прадстаўлена на http://lemolog.narod.ru.
Як lemolog Віктар Язневіч пастаянна адказвае на ўсе пытанні пра творчасць і асобу Станіслава Лема ў "Живом Журнале" http://livejournal.com.