Вальтэр Скот – адзін з буйнейшых пісьменнікаў Англіі. Шырокая вядомасць гэтага творцы і выдатнага майстра гістарычнага рамана выйшла далёка за межы яго краіны і надоўга перажыла яго час. За гады літаратурнай дзейнасці Скот напісаў звыш 25 раманаў, аповесцей, паэм, гістарычных работ. Многія яго творы прысвечаны драматычным падзеям мінулага Шатландыі: “Уэверлі”, “Роб Рой”, “Гай Манерынг” і сюжэтам з мінулага Англіі – “Айвенга”, “Кенілварт”, “Вудстак”. Адзін з яго лепшых раманаў – “Квенцін Дорвард” – расказвае пра абсалютную манархію ў Францыі часоў Людовіка ХI.
Экспазіцыя змяшчае творы пісьменніка, літаратуру пра яго жыццё і творчасць і налічвае каля 100 выданняў.
З прыжыццёвых выданняў экспануюцца кнігі на англійскай, французскай і рускай мовах: “The vision of Don Roderick” (1815), “Ballads and lyrical pieces” (1819), “The Life of Napoleon” (1827), “Vie de Napoleon” (1827), “The poetical Works of sir Walter Scott” (1827), “Властитель островов” (1827), “Письма о Франции в 1815 году” (1827), “История Шотландии” (1831), “Жизнь Наполеона Бонапарте” (1831).
Цудоўна аформлены сучасныя выданні твораў Вальтэра Скота “Мармион” (2000), “Айвенго” (2005), “История Шотландии” (2005).
Асаблівую цікавасць уяўляюць кнігі, прысвечаныя жыццю і творчасці знакамітага пісьменніка. Кніга Пірсана Х. “Вальтер Скотт” (1978), выпушчаная ў серыі “Жизнь знаменитых людей”, – мастацкая біяграфія класіка англійскай літаратуры. У ёй падрабязна апісаны жыццёвы шлях пісьменніка, дадзены глыбокі псіхалагічны партрэт Скота, раскрыты яго разнастайныя творчыя сувязі з Шатландыяй.
Кніга Дайчаса Д. “Вальтер Скотт и его мир” (1987) уяўляе сабой спалучэнне біяграфічнага эсэ з вялікай колькасцю ілюстрацыйнага матэрыялу.
У кнізе Далініна А. А. “История, одетая в роман: Вальтер Скотт и его читатели” (1988) расказваецца пра лёс знакамітых гістарычных раманаў пісьменніка. Аўтар прасочвае змены ў стаўленні чытачоў і крытыкі да творчасці пісьменніка.