11 чэрвеня – 200 гадоў з дня нараджэння рускага літаратурнага крытыка і публіцыста
Вісарыёна Рыгоравіча Бялінскага (1811–1848)
Літаратурна-крытычная і грамадская дзейнасць В.Р. Бялінскага адыграла значную ролю ў развіцці рускай культуры ХIХ стагоддзя. Ён стаў вядучым літаратурным крытыкам свайго часу, які прафесійна спалучыў канкрэтны аналіз творчасці А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, М.В. Гогаля і іншых рускіх пісьменнікаў з гісторыка-літаратурным і тэарэтыка-эстэтычным абгрунтаваннем крытычнага рэалізму.
Нарадзіўся Вісарыён Бялінскі 11 чэрвеня 1811 г. у Свеаборгу ў сям’і лекара сёмага вяслярнага экіпажа Балтыйскага флота Рыгора Нічыпаравіча Бялынскага. Пазней Вісарыён Рыгоравіч змякчыў прозвішча на Бялінскі.
У 1816 г. сям’я Бялінскіх пераехала ў Чэмбар, дзе Рыгор Нічыпаравіч атрымаў месца гарадскога і павятовага ўрача. Тут прайшлі дзіцячыя і падлеткавыя гады будучыні крытыка.
Школьныя гады Бялінскага праходзяць спачатку ў Чэмбарскім павятовым вучылішчы (1822–1824), а пасля – у Пензенскай гімназіі (1825–1828).
У 1829 г. Бялінскі паступіў на славеснае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта. Да перыяду навучання ў названым універсітэце адносяцца яго першыя літаратурныя публікацыі. У канцы 1830 г. Бялінскі чытаў членам “Литературного общества 11-го номера” напісаную ім драму “Дмитрий Калинин”. Улетку 1831 г. у часопісе “Листок” быў надрукаваны верш “Русская быль” і рэцэнзія на трагедыю Пушкіна “Борис Годунов”. Увосень 1832 г. з універсітэта былі выключаны ўсе “нядобранадзейныя студэнты”, у лік якіх трапіў і Бялінскі.
Затым В.Р. Бялінскі пачынае займацца чарнавой часопіснай работай, рыхтуючы пераклады артыкулаў з французскіх часопісаў. Змены ў яго лёсе звязаны са знаёмствам з выдатным дзеячам рускай культуры – прафесарам Мікалаем Іванавічам Надзеждзіным, які даў яму магчымасць удасканальвацца ў якасці літаратурнага крытыка на старонках часопіса “Телескоп” і газеты “Молва”.
Пасля ад’езду Надзеждзіна за мяжу ў 1834 г. Бялінскі становіцца рэдактарам “Телескопа” і “Молвы”. У гэты час з’яўляецца вялікі цыкл з дзесяці артыкулаў (літаратурна-крытычных фельетонаў), апублікаваных пад назвай “Литературные мечтания (Элегия в прозе)” у дзесяці нумарах “Молвы”. Каля 200 публікацый ён падрыхтаваў у першы перыяд сваёй крытычнай дзейнасці (1834–1836). У лістападзе 1836 г. за публікацыю «Философического письма” П.Я. Чаадаева “Телескоп” быў закрыты, і Бялінскі застаўся без працы.
У канцы 40-ых гг. ён працуе пазаштатным выкладчыкам Канстанцінаўскага межавага інстытута і неафіцыйным рэдактарам часопіса “Московский наблюдатель”, дзе ўсяго за адзін год ён надрукуе звыш 120 работ (артыкулы “Гамлет”. Драма Шэкспіра. Мочалов в роли Гамлета”, “Бородинская годовщина”, “Менцель, критик Гётэ” і інш.).
Перыяд з 1839 па 1846 г. звязаны з часопісам “Отечественные записки”. Апублікаваныя ў ім на працягу шасці гадоў артыкулы Бялінскага складаюць звыш шасці тамоў акадэмічнага Збору твораў. Яны прысвечаны творчасці А.Дз. Кантэміра, М.В. Ламаносава, Г.Р. Дзяржавіна, М.М. Карамзіна, Дз.І. Фанвізіна, І.А. Крылова, А.С. Грыбаедава, Ф.М. Глінкі, А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, М.В. Гогаля, У.Ф. Адоеўскага, А.В. Кальцова, А. дэ Бальзака, Ф. Вальтэра, І. Гётэ, Э. Гофмана і іншых пісьменнікаў.
У кастрычніку 1846 г. Бялінскі дае згоду на ўдзел у рэарганізаваным часопісе “Современник”, які быў узяты ў арэнду Някрасавым і Панаевым. Тут Вісарыён Рыгоравіч узначаліў крытычны аддзел. Праграмнымі творамі Бялінскага былі два гадавыя агляды: «Взгляд на русскую литературу 1846 года» і «Взгляд на русскую литературу 1847 года».
У пачатку 1848 г. здароўе Бялінскага рэзка пагаршаецца. Апошнія месяцы ён жыў на Лігаўцы, у купецка-мяшчанскім і рамесным раёне Пецярбурга. 26 мая 1848 г. Вісарыён Рыгоравіч памёр. Пахаваны вялікі рускі крытык на Волкавых могілках у Пецярбургу.