ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Восіп Мандэльштам"Сохрани мою речь навсегда..."

"Сохрани мою речь навсегда..."

Восіп Мандэльштам пражыў 47 гадоў. З іх трыццаць былі непадзельна аддадзены паэзіі. У сямнаццаць гадоў ён пісаў вершы, якія не саступаюць па мудрасці, духоўнай сталасці і свячэнню таленту вершам, напісаным праз тры дзесяцігоддзі. І ён па праве заняў сваё адметнае месца ў бліскучай пляядзе вялікіх рускіх паэтаў, упрыгожанай – адно за другім – імёнамі Маякоўскага, Ахматавай, Хлебнікава, Пастарнака, Цвятаевай, Ясеніна.

Экспазіцыя “Сохрани мою речь навсегда…” налічвае больш за 150 выданняў і змяшчае паэтычныя зборнікі, прозу, крытычныя матэрыялы, а таксама літаратуру пра жыццё і творчасць паэта.

Прадстаўлена рэпрынтнае выданне першай кнігі вершаў “Камень” (1991), выпушчанай у 1913 г. у Пецярбургу за кошт сродкаў аўтара.

Экспануецца прыжыццёвая кніга вершаў “Tristia”, надрукаваная ў жніўні 1922 г. берлінскім выдавецтвам “Petropolis” (на вокладцы значыўся 1921 г.). Аформіў яе вядомы рускі мастак М. В. Дабужынскі, а загаловак прапанаваў паэт Міхаіл Кузьмін. Рэцэнзенты ацанілі кнігу надзвычай высока. Вершазнаўца Сяргей Баброў пісаў: “Адкуль узяўся ў Мандэльштама гэты голас, які зачароўвае свежасцю?.. Адкуль гэтая “настоященская”, з вуліцы, з халадком, з трамвайным квіточкам прастата? Адкуль вось гэтая гарачнасць, гэты запал, гэты крышачку хваравіты, але жывы сум, адкуль прадзімае гэтая свежасць?”

З прыжыццёвых выданняў прадстаўлены таксама “Вторая книга” (1923), “Шум времени” (1925), “Стихотворения” (1928), кніга артыкулаў “О поэзии” (1928).

Кніга-экскурсія “Москва Мандельштама” – своеасаблівы ілюстраваны даведнік, які займальна расказвае пра маскоўскае жыццё паэта, пра месцы, у якіх ён бываў, дамы і кватэры, дзе ён жыў, пра людзей, з якімі зводзіў яго лёс. Выбраныя вершы і проза В. Э. Мандельштама, лісты і ўспаміны, шматлікія фатаграфіі ўзнаўляюць яркія вобразы людзей і гарады 1920–1930-х гг.

У зборніку “Осип и Надежда Мандельштамы в рассказах современников” (2002) упершыню публікуюцца лісты Н. Я. Мандельштам да В. Г. Шклоўскай-Кордзі і А. М. Арэнс, прыводзіцца поўны тэкст адзінага інтэрв’ю, дадзенага Надзеяй Якаўлеўнай Мандэльштам англійскаму славіністу Э. дэ Мані. Зборнік мае разгорнуты імянны паказальнік і рэдкую іканаграфію (уключаючы факсіміле аўтографа ўспамінаў Ганны Ахматавай пра Мандэльштама), частка якой захоўваецца ў прыватных калекцыях і раней не ўзнаўлялася.

Цікавая кніга А. Лякманава “Осип Мандельштам: Жизнь поэта” (2009), дзе аўтар адлюстроўвае шырокі гістарычны і творчы кантэкст, новыя архіўныя і нядаўна адкрытыя дакументы, не абыходзячы і пасмяротнага лёсу Восіпа Мандэльштама.

Мемуары Надзеі Мандэльштам у кнігах “Воспоминания”, “Вторая книга”, “Третья книга” (2006) увайшлі ў гісторыю літаратуры ХХ стагоддзя і сталі бясспрэчным яе здабыткам. У іх – каштоўныя сведчанні пра жыццё вялікага паэта Восіпа Мандэльштама і яго асяроддзе – Г. Ахматаву, М. Гумілёва, М. Цвятаеву, М. Валошына і іншых.

Выстаўка прызначана для філолагаў, літаратуразнаўцаў, спецыялістаў, якія займаюцца вывучэннем жыцця і творчасці В. Мандэльштама.

             

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты