Уільям Сідні Портэр (1862–1910), якога мы ведаем пад імем О. Генры, пражыў нялёгкае жыццё. Аптэкар, каўбой, чарцёжнік, касір, рэдактар гумарыстычнага лістка, рэпарцёр, беглы катаржнік, вандроўнік – такі няпоўны пералік прафесій і заняткаў Біла Портэра. Лёс яго з нечаканасцямі і нягодамі, узлётамі і падзеннямі быў цалкам характэрны для амерыканскай рэчаіснасці таго часу. “Гісторыя жыцця гэтага чалавека, – пісаў Э. Сінклер, – поўная трагічнымі момантамі, якіх не было ні ў адным з яго апавяданняў”.
Навелістыка О. Генры, якая ўзыходзіць сваімі вытокамі да вуснага фальклорнага апавядання паспрыяла развіццю амерыканскай навелы XX стагоддзя і на сённяшні дзень займае трывалае месца ў жыцці мільёнаў чытачоў.
Выстаўка, прысвечаная 150-летняму юбілею пісьменніка, налічвае каля 100 выданняў і змяшчае зборы твораў, асобныя зборнікі выбранага, крытычныя матэрыялы, а таксама літаратуру пра яго жыццё і творчасць.
Экспазіцыя ўключае некалькі выданняў, што пабачылі свет у Расіі ў пачатку XX стагоддзя: “Благородный жулик” і “Троны владык”, выпушчаныя ў 1924 годзе ў ленінградскім выдавецтве “Сеятель”, і кнігу “Горящий светильник”, якая выйшла ў 1925 годзе ў ленінградскім выдавецтве “Мысль”.
Цікавая кніга Лявідавай І.М. “О. Генри и его новелла”, у якой аўтар аналізуе кампаненты навелістычнага майстэрства, прасочвае лёс літаратурнай спадчыны майстра навелы, стварае выразны вобраз Уільяма Сідні Портэра – літаратурнага падзёншчыка і журналіста, які стаў праслаўленым пісьменнікам О. Генры.
Выстаўка прызначана для ўсіх чытачоў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю знакамітага амерыканскага навеліста.