Імя Бамаршэ (1732–1799) непарыўна звязана са стагоддзем Асветніцтва, стагоддзем новых ідэй і поглядаў, стагоддзем абнаўлення сацыяльных і маральных асноў грамадства, стагоддзем праслаўленых імёнаў Вальтэра, Дзідро, Русо, Рычардсана… Няпоўнай гэтая карціна застанецца без Бамаршэ, стваральніка Фігаро, чыё імя стала намінальным падобна імёнам Дон Жуана або Гамлета. Яго п’есы “Севильский цирюльник” і “Безумный день, или Женитьба Фигаро” і цяпер не сходзяць са сцэны дзякуючы не толькі таленту іх аўтара, але і музыцы Расіні і Моцарта.
Талент Бамаршэ быў рознабаковы, поле яго дзейнасці ахапіла самыя разнастайныя заняткі – ад тэхнічных вынаходніцтваў у гадзіннікавым механізме да распрацоўкі курса ўсеагульнага крымінальнага права, – а жыццё было поўнае нечаканасцей, барацьбы і падзей, узлётаў і падзенняў.
Да 280-годдзя французскага драматурга П’ера Агюстэна Карона Бамаршэ Нацыянальная бібліятэка Беларусі прапаноўвае ўвазе чытачоў выстаўку “Ігра пісьменніка”. Юбілейная экспазіцыя налічвае больш за 100 выданняў, сярод якіх зборнікі выбраных твораў, асобныя творы, выяўленчыя матэрыялы, нотныя выданні, літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка.
Прадстаўлены яго творы на французскай мове “Theatre de Beaumarchais”, “Oeuvres choisies de Beaumarchais” (1818) і інш.
Пісьменніцкую славу Бамаршэ прынеслі яго “Мемуары”, якія выйшлі пяццю выпускамі ў 1773–1774 гадах. У іх расказвалася, што рабілася за кулісамі парламента, была дадзена хроніка судовага працэсу ў памфлетна-завостраным стылі. Вальтэр пісаў: “Я не бачыў ніколі нічога больш адважнага, моцнага, камічнага, цікавага, руйнуючага для саперніка, чым “Мемуары” Бамаршэ …”. На выстаўцы прадстаўлены “Memoires” (1868) на французскай мове і “Мемуары” (2008), перакладзеныя на рускую мову.
Захапляльная кніга Рэнэ дэ Кастра “Бомарше” (2003), выдадзеная ў серыі “Жизнь замечательных людей”. Вобраз бліскучага драматурга раскрыецца перад чытачом з зусім нечаканага боку. Багацце і галеча, майстар гадзіннікавых спраў, суддзя, аферыст, памфлетыст, тайны агент, гандляр зброяй, выдавец, ісцец і адказчык, заваёўнік жаночых сэрцаў, надзвычай дасціпны чалавек – пра ўсе перапетыі лёсу гэтай шматграннай асобы расказвае Рэнэ дэ Кастр.
Цікавыя факты ў незвычайнай манеры аповеду (манере повествования) можна адшукаць у кнігах Э. Радзінскага “Игры писателей: неизданный Бомарше” (2001) і “Загадка Бомарше” (2006).
Выстаўка прызначана выкладчыкам і настаўнікам замежнай літаратуры, студэнтам і старшакласнікам, а таксама цікавая ўсім аматарам французскай класічнай драматургіі.