Выстаўка, прымеркаваная да 80-гадовага юбілею Умберта Эка (1932) – італьянскага пісьменніка, доктара філасофскіх навук, прафесара семіётыкі Балонскага ўніверсітэта, ганаровага прафесара больш за 40 універсітэтаў свету, налічвае каля 70 дакументаў, якія змяшчаюць раманы, навуковыя і навукова-папулярныя працы, эсэ і публіцыстыку, а тасама творы, тэматычна цесна звязаныя з яго творчасцю.
Галоўным акцэнтам у кніжнай экспазіцыі "Лабірынт сусвету" з’яўляецца дэбютны мастацкі твор Умберта Эка, які меў ашаламляльны поспех на радзіме аўтара і ў момант заваяваў міжнародную вядомасць. Раман "Имя розы", выдадзены ў 1980 годзе, стаў сапраўднай сусветнай сенсацыяй у галіне літаратуры.
Дзеянне рамана разгортваецца ў бенедыкцінскім манастыры XIV ст., дзе адбываецца шэраг таямнічых забойстваў. Ключавыя сімвалы рамана – бібліятэка, рукапіс, лабірынт – адсылаюць да творчасці аргенцінскага пісьменніка Х.Л. Борхеса, чыя фігура асабліва шануецца Эка. Кніга была перакладзена на многія замежныя мовы. Раман удастоіўся італьянскай літаратурнай прэміі Стрэга (1981) і французскай літаратурнай прэміі Медычы (1982).
Раман "Имя розы" быў экранізаваны ў 1986 г. таленавітым французскім кінарэжысёрам Жан-Жакам Ано, які ў поўнай меры адлюстраваў атмасферу Сярэдневякоўя. Галоўную ролю з поспехам выканаў Шон Конары. У 1987 г. фільм атрымаў прэстыжную прэмію "Сезар".
Твор "Имя розы" прадстаўлены шэрагам выданняў: ад англамоўнага варыянта 1983 г. да разнастайных выпускаў на рускай мове, аўтарскімі нататкамі да рамана, часопіснымі публікацыямі ўрыўкаў з твора, літаратуразнаўчых артыкулаў і водгукаў на бестселер. Варта звярнуць асаблівую ўвагу на выпускі рамана выдавецтваў "Книжная палата" (1989) і "Симпозиум" (1997), якія, акрамя асноўнага тэксту і гласарыя, змяшчаюць "Заметки на полях «Имени розы»" У. Эка і артыкул вядомага расійскага філосафа Ю. Лотмана "Выход из лабиринта".
Другі раман Умберта Эка "Маятник Фуко" – канцэптуальны "двайнік" рамана "Имя розы", нягледзячы на тое, што дзеянне ў новым творы адбываеца ў XX ст. Раман "Маятник Фуко" (Il pendolo di Foucault, 1988) прадстаўлены на выстаўцы рускамоўнымі тамамі выдавецтва "Симпозиум" (1998, 2005; перакл. А. Касцюковіч) і выдавецтва "ФІТА" (1995), а таксама французскім і англійскім перакладамі. Цікавая падборка водзываў аб рамане з італьянскіх СМІ, якая складзена Аленай Касцюковіч, прызнанай лепшым перакладчыкам твораў У. Эка, апублікавана ў часопісе "Иностранная литература". Глыбакадумныя разважанні выдатнага расійскага вучонага Георгія Кнабэ пра "Маятник ..." прыведзены ў яго "Избранных трудах" (2006).
Наступны постмадэрнісцкі раман У. Эка "Остров накануне" (L’isola del giorno prima, 1994) – чарговая гульня са складаным і патаемным лінгвістычным сюжэтам, задуманая раманістам. Твор прадстаўлены выданнямі на рускай і англійскай мовах.
Раман "Баудолино" (Baudolino, 2000), гістарычным фонам якога выступаюць паходы крыжакоў, легенда пра хрысціянскае царства на Усходзе, сказанні пра пошукі Грааля, быў асуджаны на поспех. Твор перакладзены на дзясяткі моў. У экспазіцыю ўвайшла кніга на рускай мове выдавецтва "Симпозиум".
Навукова-даследчая і публіцыстычная дзейнасць Умберта Эка прадстаўлена на выстаўцы яго знакамітымі работамі: "Открытое произведение", "Отсутствующая структура. Введение в семиологию", "Поиски совершенного языка в европейской культуре", "Vertigo: круговорот образов, понятий, предметов", "История красоты", "Искусство и красота средневековой эстетики", "The Aesthetics of Chaosmos:The Middle Ages of James Joyce", "Диалог о вере и неверии", "Картонки Минервы. Заметки на спичечных коробках" і іншымі творамі. Даследаванню навуковай творчасці пісьменніка і вучонага прысвечана манаграфія А.Р. Усманавай "Умберто Эко: парадоксы интерпретации".