На выстаўцы “Бліскучы камедыёграф”, прымеркаванай да 390-годдзя з дня нараджэння генія сусветнай літаратуры Жана Батыста Мальера (1622–1673), прадстаўлен шэраг унікальных выданняў і графічных выяў, якія адлюстроўваюць найбагацейшую творчую спадчыну, а таксама поўны поспехаў і правалаў, падзенняў і пад’ёмаў, жорсткіх выпрабаванняў і ўсенароднай любові жыццёвы шлях пісьменніка-драматурга, артыста, рэжысёра і дырэктара ўласнага тэатра.
Жамчужынай выстаўкі з’яўляеца Поўны збор твораў Мальера ў двух тамах з прадмовай прафесара С.А. Венгерава і мноствам рэдкіх і малавядомых ілюстрацый (С.-Пецярбург: выданне Брокгаўза-Ефрона, 1912–1913). Збор твораў Мальера 1884 года выдання з біяграфіяй, складзенай Аляксеем Весялоўскім (“лепшым мальерыстам”, на думку выдаўца А.І. Бакста), несумненна зацікавіць сучаснага чытача.
У экспазіцыю ўвайшлі і больш познія выданні французскага драматурга: Поўны збор твораў у чатырох тамах (Масква, 1965–1967), Збор твораў у двух тамах (Масква, 1957), Збор твораў у чатырох тамах (Масква, 1994), Выбранае ў двух тамах (Самара, 1997), зборнікі камедый Мальера і асобныя творы пісьменніка.
Сярод прадстаўленых выданняў найбольш падрабязна пра пісьменніцкі, акцёрскі і асабісты лёс вялікага камедыёграфа расказваецца ў кнізе “Мольер” французскага даследчыка Жоржа Бардонава.
Асаблівую цікавасць выклікае жыццеапісанне Мальера, яго мастацкая біяграфія, створаная ў 30-я гг. ХХ стагоддзя вядомым рускім пісьменнікам Міхаилам Булгакавым спецыяльна для серыі “Жизнь замечательных людей” і ўпершыню апублікаваная ў серыі толькі ў 1962 годзе. На выстаўцы можна ўбачыць кнігу “Жизнь господина де Мольера”, перавыдадзеную ў серыі ЖЗЛ у 1980 годзе.
Камедыі Мальера любімыя не толькі беларускімі чытачамі, але і гледачамі. Тэме сцэнічнага ўвасаблення п’ес класіка ў беларускіх тэатрах 20-х–70-х гг. прысвечана кніга Т. Барысавай “Мальер на беларускай сцэне”.