Жан-Жак Русо – вялікі французскі філосаф, сапраўдны родапачынальнік тэарэтычнай сацыялогіі – пакінуў глыбокі след не толькі ў гісторыі Францыі, але і ў гісторыі ўсяго чалавецтва.
Выстаўка, прымеркаваная да 300-гадовага юбілею Жан-Жака Русо (1441–1501), налічвае каля 100 выданняў і змяшчае зборы твораў, зборнікі мастацкіх твораў, грамадска-палітычных трактатаў, крытычныя матэрыялы да твораў пісьменніка, а таксама літаратуру пра яго жыццё і творчасць.
Экспазіцыя ўключае некалькі рэдкіх выданняў, выпушчаных у Расіі пасля смерці пісьменніка. Гэта кнігі “Духъ, или Избранныя мысли Ж .Ж. Руссо” (Санкт-Пецярбург, 1801) і “Эмиль, или О воспитании” (Масква, 1896).
Прадстаўлены Выбраныя творы Жан-Жака Русо ў 3-х тамах (Масква, 1961).
Цікавая кніга С.В. Заніна “Общественный идеал Жан-Жака Руссо и французское Просвещение XVIII века”. У кнізе вялікая ўвага нададзена вывучэнню біяграфіі Русо, аналізу маральных і палітычных ідэй найважнейшых прадстаўнікоў эпохі Асветніцтва, з якімі ён падтрымліваў дыялог. Для напісання гэтай працы прыцягнуты ўнікальныя дакументы з архіваў Расіі і Францыі, рэдкія і малавывучаныя выданні XVIII стагоддзя.
У кнізе І.Я. Верцмана “Жан-Жак Руссо” значнае месца адведзена аналізу мастацкіх твораў “Исповедь” і “Новая Элоиза”, прыведзены агляд крытычнай літаратуры пра Русо.
Экспазіцыя змяшчае факсімільнае выданне кнігі французскага гісторыка і літаратуразнаўца А.М. Шукэ “Ж.-Ж. Русо”, якая ўпершыню выйшла ў 1893 годзе. Аўтар не толькі дае падрабязную біяграфію Русо і характарыстыку яго філасофскіх і літаратурных твораў, але і апісвае cацыяльныя наступствы публікацыі яго твораў, што натхнілі ў тым ліку і дзеячаў Вялікай французскай рэвалюцыі, уплыў Русо на сучаснікаў і людзей пазнейшага часу.
Выстаўка прызначана для ўсіх чытачоў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю знакамітага французскага філосафа-асветніка, тэарэтыка мастацтва і палітычнага мысліцеля Жан-Жака Русо.