Юбілейная кніжная выстаўка прысвечана 210-годдзю з дня нараджэння Фёдара Іванавіча Цютчава – аднаго з найбуйнейшых рускіх паэтаў XIX ст. Літаратурная спадчына яго невялікая, але сярод яго твораў – перлы філасофскай лірыкі, несмяротныя і недасягальныя па глыбіні думкі, сіле і сцісласці выражэння, размаху натхнення.
Экспазіцыя “Той, хто вераваў у сваю Айчыну” налічвае каля 60 выданняў, сярод якіх зборы сачыненняў Ф.І. Цютчава, выбраныя яго творы, лісты, пераклады і публіцыстычныя артыкулы, літаратура пра жыццё і творчасць паэта.
На выстаўцы прадстаўлены выданні другой паловы XIX ст. – “Стихотворения Фёдора Ивановича Тютчева”, “Сочинения Фёдора Ивановича Тютчева” (1886).
У экспазіцыю таксама ўключаны Поўны збор сачыненняў Ф.І. Цютчава (1913), “Полное собрание стихотворений” (1934), зборнікі “Ваш Тютчев” (2003) з вершамі, перакладамі, публіцыстыкай і лістамі паэта, “Зарубежная поэзия в переводах Ф.И. Тютчева” (2004) і інш.
Значную цікавасць выклікаюць выданні, якія расказваюць пра творчасць, светапогляд і жыццё геніяльнага рускага паэта. Сярод іх манаграфія К. Пігарава “Жизнь и творчество Тютчева” (1962).
Выстаўка будзе цікавая шырокаму кругу чытачоў.
Экспазіцыя размяшчаецца на 3-м паверсе кальцавога калідора і будзе дэманстравацца з 4 ліпеня па 31 снежня 2013 г.