Аляксандр Іванавіч Купрын (1870–1938) – адзін з тых папулярных рускіх пісьменнікаў, чыё жыццялюбства і сумленнасць, высакароднасць і гуманізм, багацце мовы, шырыня і разнастайнасць сюжэтаў заўсёды прыцягвалі сэрцы чытачоў. Творы Купрына – своеасаблівая энцыклапедыя жыццязнаўства, заснаваная на перажытым, убачаным і адчутым ім самім.
Юбілейная кніжная выстаўка налічвае больш за сто дакументаў і ўключае поўны збор сачыненняў, зборнікі твораў, асобныя выданні, крытычныя матэрыялы, ілюстрацыйны матэрыял, а таксама літаратуру пра жыццё і творчасць знакамітага пісьменніка.
На выстаўцы прадстаўлены Поўны збор твораў А.І.Купрына (2007), у якім упершыню ў гісторыі выдання купрынаўскіх сабранняў сачыненняў прадстаўлены не толькі мастацкія творы, але і публіцыстыка вялікага рускага класіка, яго эпісталярная спадчына. Апублікаваны знойдзеныя ў архівах і перыядычным друку інтэрв’ю пісьменніка, урыўкі з гутарак і лекцый, прачытаных ім у розных аўдыторыях, а таксама ўспаміны, літаратурныя партрэты, лісты.
Значны мастацкі і культурна-гістарычны інтарэс уяўляе кніга маскоўскай купрыназнаўцы Вольгі Фігурновай “Голос оттуда. 1919–1934”, у якой прадпрынята спроба сабраць узоры позняй творчасці А. Купрына, раскіданыя па старонках рускіх перыядычных выданняў Нарвы, Рэвеля (цяпер Таліна), Гельсінгфорса (цяпер Хельсінкі), Парыжа і змешчаныя, галоўным чынам, у маладаступных замежных сховішчах і расійскіх калекцыях.
Прадстаўляе вялізны інтарэс кніга хельсінкскай публіцыстыкі А. Купрына “Мы, русские беженцы в Финляндии”, выпушчаная фінскім аўтарам Бэнам Хэлманам.
На юбілейнай экспазіцыі таксама прадстаўлены кнігі асобных апавяданняў Купрына ў перакладзе на польскую і беларускую мовы: “Pojedynek” (Варшава, 1906) і “Алеся” (Вільня, 1923).
Займальна напісана біяграфія рускага класіка ў кнізе “Жизнь Куприна” АлегаМіхайлава (серыя “Бессмертные имена”). Аўтар кнігі прадстаўляе ўвазе чытачоў не проста класіка са школьнай праграмы, а жывога, гарачага чалавека, які ў сваіх творах таленавіта адлюстраваў уласны вельмі багаты жыццёвы вопыт.