Юбілейная кніжная выстаўка, прысвечаная Аляксандру Сяргеевічу Грыбаедаву – рускаму драматургу і дыпламату, налічвае звыш 100 выданняў і змяшчае поўны збор сачыненняў, зборнікі твораў, асобныя выданні, крытычныя матэрыялы, а таксама літаратуру пра жыццё і творчасць знакамітага пісьменніка.
Лёс Аляксандра Сяргеевіча Грыбаедава быў бліскучы і трагічны. Яго асоба інтрыгавала і сучаснікаў, і нашчадкаў. Яго камедыя “Горе от ума” стала несмяротнай. Сучаснікі пісьменніка, адзначаючы галоўныя якасці яго натуры, называлі “светлы розум, гарачую любоў да Айчыны і велізарнае дараванне”.
На выстаўцы прадстаўлены рэдкія выданні – “А.С. Грибоедов и его сочинения” (С.-Пецярбург, 1858), “Полное собрание сочинений А.С. Грибоедова” (С.-Пецярбург, 1903), у якіх сабраны ўсе творы пісьменніка і біяграфічныя звесткі.
Знакамітая камедыя А.С. Грыбаедава “Горе от ума” не пакінула раўнадушным нікога. Яна перавыдавалася мноства разоў, пра яе гаварылі ў грамадстве, у асяроддзі літаратараў і крытыкаў. У экспазіцыю ўключаны рэдкія выданні яго несмяротнай камедыі “Горе от ума”, якія выйшлі ў 1869 і 1882 гадах. Каштоўнасць уяўляе выдадзены ў 1912 годзе тэкст Жандроўскага рукапісу камедыі “Горе от ума” з пяццю фотаздымкамі – аўтографамі пісьменніка і двума партрэтамі – А.С. Грыбаедава і А.А. Жандра, а таксама факсімільнае выданне 1913 года камедыі А.С. Грыбаедава “Горе от ума” з ілюстрацыямі Д.М. Кардоўскага.
Па ініцыятыве Міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры выдадзены “Большой словарь крылатых выражений А.С. Грибоедова” (Масква, 2009). Прадстаўлены на выстаўцы слоўнік з’яўляецца найбольш поўным зборам крылатых выразаў, вобразаў, цытат з камедыі “Горе от ума”.
Жыццяпіс Грыбаедава дадзены ў біяграфічным нарысе пісьменніка А.М. Скабічэўскага “А.С. Грибоедов: его жизнь и литературная деятельность” у серыі “Жыццё выдатных людзей”, а таксама ў кнізе “А.С. Грибоедов. Его жизнь и гибель в мемуарах современников”.
На выстаўцы дэманструецца выданне оперы-вадэвіля А. Верстоўскага “Кто брат, кто сестра, или Обман за обманом” па тэксце А. Грыбаедава і П. Вяземскага. Гэта першае спалучэнне ў друку літаратурнага вадэвіля і музыкі да яго.
У ліку сучасных выданняў, прысвечаных асноўным вехам жыцця і творчасці пісьменніка, – энцыклапедыя “А.С Грыбаедаў”, кнігі С. Фамічова “А.С. Грибоедов: материалы к биографии”, “Грибоедов. Жизнь и творчество”, зборнік “Грибоедовские места” і інш.
![]() |
![]() |
![]() |