Юбілейная выстаўка, прымеркаваная да 125-годдзя з дня нараджэння Барыса Леанідавіча Пастарнака – паэта, празаіка, перакладчыка, налічвае каля 100 дакументаў, сярод якіх поўны збор сачыненняў, зборнікі твораў, асобныя выданні раманаў, паэм, лірыкі, біяграфічныя і літаратуразнаўчыя даследаванні жыцця і творчасці Б.Л. Пастарнака.
Прадстаўленая ў экспазіцыі кніга лірыкі “Сестра моя – жизнь” (Ленінград, 1931), напісаная ўлетку 1917 года, паставіла імя Пастарнака ў лік першых літаратурных імёнаў свайго часу.
Спрабуючы заўсёды і ва ўсім “...дойти до самой сути”, Барыс Пастарнак, чэрпаючы творчыя сілы з ранняга дзяцінства, давёў свой літаратурны талент да геніяльных вышынь – будзь гэта проза, паэзія або пераклады. Адна з яго кніг на выстаўцы так і называецца “Я понял жизни цель...”.
Пра разнастайнасць яго творчасці сведчаць прадстаўленыя на выстаўцы прыжыццёвыя выданні яго паэзіі і прозы 30–40-х гадоў: зборнікі вершаў “Две книги”, “Поверх барьеров”, “Второе рождение”, зборнік прозы “Воздушные пути”, аўтабіяграфічная аповесць “Охранная грамота” і інш.
Пра няпросты лёс пісьменніка расказваецца ў кнізе “Борис Пастернак. Биография”, напісанай яго сынам, Яўгенам Пастарнакам, на аснове найбагацейшага архіўнага матэрыялу – дакументаў, лістоў, успамінаў сучаснікаў. На выстаўцы таксама дэманструюцца дзве біяграфічныя кнігі Барыса Леанідавіча “Биография в письмах” і “Пожизненная привязанность”.
Прадстаўлены Поўны збор сачыненняў Барыса Пастарнака ў пяці тамах і Поўны збор сачыненняў паэзіі і прозы ў адным томе.
Цікавым з’яўляецца выданне “Борис Пастернак. Сочинения: Хроника жизни и творчества. Стихотворения и поэмы. Переводы. Доктор Живаго. Повести” (Масква, 1998), дзе ў адным томе сабрана ўся асноўная творчасць Барыса Пастарнака – паэтычная і празаічная.
Вынікам творчасці пісьменніка стаў раман “Доктор Живаго”, за які ў 1958 годзе яму была прысуджана Нобелеўская прэмія. У экспазіцыі прадстаўлены выданні рамана розных гадоў. “Доктар Жывага” быў перакладзены на беларускую мову і ўвайшоў у кнігу “Выбраныя творы Нобелеўскіх лаўрэатаў”, якую таксама можна ўбачыць на выстаўцы.