Выдатнаму англійскаму паэту і пісьменніку, лаўрэату Нобелеўскай прэміі (1907) прысвечана дадзеная юбілейная экспазіцыя. Багатая і поўная метафар мова твораў Кіплінга стала вялікім укладам у скарбніцу англійскай літаратуры.
Яго лепшымі творамі лічацца “Кніга джунгляў”, “Кім” і шматлікія вершы.
У юбілейнай кніжнай экспазіцыі прадстаўлены прыжыццёвыя выданні пісьменніка на англійскай мове – “Novele” (1892), “The second Jungle Book” (1897), “Puck of Pook`s Hill” (1906); на польскай мове – “Od morza do morza” (1901), “Kim” (1902); на рускай мове – “По склонам Нагорья и трущобам Калькутты ” (1902), “Индийские рассказы” (1904), “Рассказ слона Гатти” (1904), “Ким” (1909), “Рассказы. Книга 1” (1912), “Рассказы Редьярда Киплинга” і інш.
Творчая спадчына пісьменніка прадстаўлена Зборам твораў у пяці тамах (1991), “Сочинениями” ў трох тамах (2000), куды ўвайшлі найбольш прадстаўнічы для рускіх выданняў, што каментуюцца, корпус вершаў паэта і поўны тэкст абедзвюх “Кніг джунгляў”, апавяданні з усіх навелістычных зборнікаў Кіплінга і з большасці кніг змешаных жанраў, дзе аб’яднаны яго вершы і апавяданні; раманы “Святло пагасла”, “Кім”, а таксама сусветна вядомыя казкі пісьменніка для дзяцей у суправаджэнні ілюстрацый самога аўтара.
Біяграфія пісьменніка адлюстравана ў розных зборніках, манаграфіях, вучэбных выданнях: “Писатели XIX века” (1901), “Редьярд Киплинг: к 125-летию со дня рождения” (1990), “Нобелевская премия. Литература: 1901–1926” (2006), “Киплинг” (2011) А. Лівергант з серыі “Жыццё выдатных людзей”.
Уяўляе інтарэс і зборнік мемуарнай прозы “Немного о себе” (2003), куды ўвайшла аўтабіяграфічная аповесць “Немного о себе для моих друзей – знакомых и незнакомых”, упершыню апублікаваная на рускай мове. У ёй аўтар расказвае пра свой жыццёвы шлях, пра ўласныя прынцыпы літаратурнай працы, дзеліцца вопытам з пачынаючым пісьменнікам.