ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2016 годаВыстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2016"Фёдар Дастаеўскі

Фёдар Дастаеўскі

Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі – рускі пісьменнік, мысліцель, філосаф і публіцыст, член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук з 1877 года. У сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры. Па даных ЮНЕСКА, Дастаеўскі ў мінулым стагоддзі быў адным з самых чытаемых пісьменнікаў у свеце. Такім ён застаецца і ў пачатку новага, ХХI стагоддзя, калі на змену традыцыям класічнай рускай, беларускай, сусветнай літаратуры даўно прыйшлі разнастайныя стылявыя плыні і новыя філасофскія кірункі.

Юбілейная выстаўка “Адкрытасць бездані” налічвае каля 100 выданняў, сярод якіх зборы твораў, зборнікі выбраных твораў, асобныя творы, артыкулы і пісьмы, літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка.

З усіх сваіх твораў Дастаеўскі больш за ўсё любіў “Дневник писателя”. Ён думаў пра змест і форму “Дневника” да самай смерці. Гэтая праца з'яўляецца энцыклапедыяй творчасці Дастаеўскага, яго эксперыментальнай лабараторыяй і складам матэрыялаў для іншых твораў. Тры тамы “Дневника” выдаваліся з 1873 па 1881 год. На выстаўцы прадстаўлены “Дневник писателя за 1876 г.”, выдадзены ў 1883 годзе ў Санкт-Пецярбургу.

Унікальным з’яўляецца энцыклапедычны слоўнік С.У. Бялова “Ф.М. Достоевский и его окружение” (2001) у двух тамах. На аснове друкаваных і архіўных крыніц аўтар рэканструяваў партрэты ўсіх сучаснікаў геніяльнага рускага пісьменніка, з якімі ён сустракаўся і творча ўзаемадзейнічаў.

Прадстаўлена шматлікая і цікавая літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка. Кніга “Мысли, высказывания и афоризмы Достоевского” (1975), якая выйшла ў Парыжы, з'яўляецца першай спробай выдання афарызмаў і выказванняў Ф.М. Дастаеўскага. Усе афарызмы выбраны толькі з тых твораў, у якіх пісьменнік выступаў ад свайго імя.

Выстаўка адрасавана ўсім чытачам, якія цікавяцца біяграфіяй і творчай спадчынай выдатнага рускага пісьменніка.

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты