Мікалай Аляксеевіч Някрасаў – тонкі лірык, празаік і драматург, сатырык і крытык. Яго паэтычная творчасць з'явілася новым словам у развіцці рускай паэзіі і заняла месца ў адным шэрагу з геніяльнымі тварэннямі Пушкіна і Лермантава. На працягу трыццаці гадоў Някрасаў выдаваў самыя прагрэсіўныя часопісы свайго часу – “Современник”, а пасля яго закрыцця – “Отечественные записки”. У іх друкаваліся найбуйнейшыя перадавыя пісьменнікі, пачынаючы ад Бялінскага і Тургенева, Талстога і Дастаеўскага да Чарнышэўскага і Дабралюбава, Салтыкова-Шчадрына і Астроўскага.
Выстаўка налічвае каля 100 выданняў і ўключае паэмы, раманы, зборнікі лірыкі, зборы твораў, у тым ліку Поўны збор твораў і лістоў пісьменніка ў 15-ці тамах (1981–2000), а таксама крытычныя матэрыялы да твораў пісьменніка і літаратуру пра яго жыццё і творчасць.
Цікавае выданне збору твораў Някрасава, якое выйшла ў Санкт-Пецярбургу ў 1886 годзе. У гэтай кнізе прадстаўлена факсіміле чарнавікоў знакамітага рускага паэта да песні “Русь” з паэмы “Кому на Руси жить хорошо”.
Таксама на выстаўцы прадстаўлена кніга А. Голубева “Николай Алексеевич Некрасов. Биография, критический обзор поэзии, собрание стихотворений, посвященных памяти поэта, свод статей о Н.А. Некрасове с 1840 года”. Кніга выйшла ў 1878 годзе ў Санкт-Пецярбургу.
Выстаўка прызначана для ўсіх чытачоў, якія цікавяцца жыццём і творчасцю знакамітага рускага паэта, празаіка і драматурга.