Стэфан Цвейг – аўстрыйскі пісьменнік, крытык, аўтар мноства навел і белетрызаваных біяграфій. Самабытны, моцны і шчыры талент Цвейга даўно заваяваў прызнанне чытацкай аўдыторыі. Цікавасць да лепшых твораў пісьменніка з гадамі не слабее, а, наадварот, няўхільна расце, і гэта сведчыць пра тое, што яму ўдалося ўнесці свой уклад у складаную і багатую на мастацкія адкрыцці літаратуру XX стагоддзя.
На юбілейнай выстаўцы прадстаўлена каля 100 дакументаў: зборы твораў, у тым ліку Поўны збор твораў у 8-мі тамах (1992–1993), навелы, гістарычныя раманы, а таксама літаратура пра жыццё і творчасць пісьменніка.
На выстаўцы таксама прадстаўлены два прыжыццёвыя выданні: “Sternstunden der Menschheit: fünf historische Miniaturen” (Лейпцыг, 1927) і “Jeremie” (Парыж, 1929).
У кнізе К.Н. Грома “Роман-биография Стефана Цвейга” аўтар раскрывае значэнне рамана-біяграфіі як літаратурнага жанру, аналізуе майстэрства пісьменніка. Праз прызму яго твораў – “Жозэф Фушэ”, “Марыя Антуанета”, “Марыя Сцюарт” і іншых – паказаны яго творчыя шуканні, ідэалы, іх ідэйна-мастацкае развіццё, месца Цвейга ў сусветнай літаратуры.
У бібліяграфічным паказальніку “Стефан Цвейг”, які выйшаў у серыі “Писатели зарубежных стран”, чытач знойдзе пералік твораў вядомага аўстрыйскага пісьменніка і літаратуры пра яго, а таксама яго кароткую біяграфію.