8 красавіка 2016 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках ХII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў "Кніжная культура Беларусі: погляд праз стагоддзі" адбылося мерапрыемства "Славуты бібліёграф XX стагоддзя Адам Антонавіч Сакольчык: да 120-годдзя з дня нараджэння".
Адкрыў праграму юбілейнага мерапрыемства даклад аб жыццёвым і творчым шляху А.А. Сакольчыка галоўнага бібліёграфа навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі А.Л. Бараноўскага. У выступленнях загадчыцы НДА бібліяграфіі І.У. Градоўкінай і загадчыцы сектара аддзела абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі Я.В. Галіеўскай акцэнтавалася ўвага на бібліяграфічнай спадчыне юбіляра.
Цікавымі ўспамінамі пра бацьку падзялілася дачка бібліёграфа Н.А. Сакольчык. У завяршэнне яе выступлення адбыўся акт перадачы Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кніг з аўтографамі-прысвячэннямі беларускіх вучоных і пісьменнікаў, дакументаў сямейнага архіва.
У зале працавала выстаўка бібліяграфічных і іншых работ А.А. Сакольчыка, унікальных матэрыялаў з архіўных фондаў, асабістых дакументаў, ваенных і працоўных узнагарод. Упершыню шырокай публіцы былі прадстаўлены рэдкія фатаграфіі з сямейнага альбома.