Рыхтуюцца да выхаду чарговыя выпускі зборнікаў "Бібліятэчны веснік", "Здабыткі" і часопіса "Бібліятэчны свет". Запрашаем да супрацоўніцтва даследчыкаў кніжнай культуры і спецыялістаў у галіне бібліятэчнай справы і інфармацыйных тэхналогій.
Друкаваныя выданні 2022 | |
Тэмплан выпуску інфармацыйных выданняў на 2022 год. | |
|
Бібліятэчны веснік: зборнік артыкулаў. Вып. 14
Адказны за выпуск Кірухіна Л.Г. Чарговы выпуск навуковага зборніка, прысвечаны пытанням фарміравання сучаснай бібліятэчна-інфармацыйнай прасторы, перспектывам развіцця бібліятэк.
Прызначаны спецыялістам у галіне бібліятэчнай справы і інфармацыйных тэхналогій, выкладчыкам, аспірантам і магістрантам, кіраўнікам органаў упраўлення культуры. |
|
Бібліятэчны свет: часопіс*
Галоўны рэдактар Кірухіна Л.Г. Часопіс, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, выдаецца з мэтай навукова-практычнага і навукова-метадычнага забеспячэння бібліятэчнай справы, а таксама раскрыцця творчага і навуковага патэнцыялу спецыялістаў у галіне бібліятэчнай справы і інфармацыйных тэхналогій.
Прадстаўляе інтарэс для тых, хто вывучае бібліятэчную справу, гісторыю, краязнаўства і культуру Беларусі. * Падпіска на часопіс праводзіцца па каталогу Белпошты "Газеты и журналы Республики Беларусь". Індэксы выдання – 74895 (інд.), 748952 (вед.). |
|
Гісторыя беларускай нацыянальнай бібліяграфіі. 1921–2021
Аўтар і адказны за выпуск Кузьмініч Т.В. Выданне прысвечана беларускай нацыянальнай бібліяграфіі – важнейшаму складніку інфармацыйнай інфраструктуры грамадства. Паказана спецыфіка бібліяграфічных ведаў, стварэнне якіх яна забяспечвае, яе крыніцазнаўчы характар у дачыненні да некаторых галіновых кірункаў бібліяграфіі, асабліва гістарычнай, і значымасць для гістарычных даследаванняў. Засяроджана ўвага на гісторыі беларускай нацыянальнай бібліяграфіі ў апошняе стагоддзе – час станаўлення яе самых уплывовых арганізацыйных структур і фарміравання асноўнага рэсурснага складніка. Праілюстравана абумоўленасць развіцця айчыннай нацыянальнай бібліяграфіі сацыякультурным асяроддзем, тэндэнцыямі, уласцівымі для гэтага віду бібліяграфічнай дзейнасці на рэгіянальным і сусветным узроўнях, яе роля ў інфармацыйным забеспячэнні беларускага грамадства на кожным з выдзеленых гістарычных этапаў. Прааналізавана паэтапнае фарміраванне нарматыўнай базы і стварэнне асобных арганізацыйных структур, фарміраванне рэсурсаў беларускай нацыянальнай бібліяграфіі, а таксама эвалюцыя метадычных падыходаў, характэрных для адпаведнай бібліяграфічнай прадукцыі.
Вызначаны перспектывы яе развіцця як асноўнай сістэмы сучаснай айчыннай бібліяграфіі. |
|
Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі. Вып. 25
Адказны за выпуск Суша А.А. Чарговы выпуск навуковага зборніка прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У ім адлюстраваны матэрыялы па праблемах вывучэння, захоўвання і выкарыстання дакументальнай спадчыны Беларусі, гісторыі рукапіснай і друкаванай кнігі, архіўных дакументаў, бібліятэчнай справы, бібліяграфазнаўства, культуралогіі, падрыхтаваныя беларускімі і замежнымі даследчыкамі кніжнай культуры. Зборнік артыкулаў з’яўляецца навуковым выданнем, якое рэцэнзуецца і ўключана ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па педагагічных, гістарычных навуках і культуралогіі. Матэрыялы зборніка ўводзяць у навуковы ўжытак унікальныя дакументальныя помнікі, новыя дакументы, факты і звесткі, звязаныя з гісторыяй кнігі і культуры Беларусі, і будуць карыснымі ўсім, хто цікавіцца нашай спадчынай. |
|
Материалы VIII Международного конгресса "Библиотека как феномен культуры"
Адказны за выпуск Есіс Н.С. Зборнік змяшчае матэрыялы Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры”, які праводзіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Публікуюцца даклады вядомых спецыялістаў найбуйнейшых бібліятэк, навукова-даследчых устаноў, прадстаўнікоў іншых арганізацый Беларусі і замежных краін, прысвечаныя актуальным пытанням развіцця бібліятэчнай справы. Матэрыялы публікуюцца ў аўтарскай рэдакцыі. Структура выдання традыцыйна фарміруецца ў адпаведнасці з праграмай кангрэса. |
|
Матэрыялы ХVIII Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў
Адказны за выпуск Карнілава Т.У. Зборнік складаецца з матэрыялаў ХVІІІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія прайшлі ў красавіку 2022 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Артыкулы прысвечаны гісторыі кніжнай культуры, падыходам да захавання, вывучэння і папулярызацыі дакументальнай спадчыны, дэманструюць унікальнасць беларускай кніжнай культуры і агульнасць культурнай спадчыны Беларусі і іншых краін. |
|
Новыя кнігі: па старонках беларускага друку**
Адказны за выпуск Градоўкіна І.У. Штомесячны ўніверсальны бібліяграфічны бюлетэнь інфармуе пра новыя кнігі беларускіх выдавецтваў, найбольш значныя артыкулы з рэспубліканскай перыёдыкі, а таксама рэцэнзіі на беларускія выданні. У якасці дадаткаў друкуюцца біяграфічныя спісы або агляды, прысвечаныя значным гістарычным падзеям і актуальным пытанням сучаснага развіцця Беларусі, "Беларускі каляндар, … год", а таксама матэрыялы да юбілеяў выдатных дзеячаў краіны, шэрагу арганізацый і ўстаноў, што складаюць аснову эканомікі, культуры, навукі і асветы Беларусі.
Прызначаны ў дапамогу прафесійнай дзейнасці работнікаў бібліятэк, іншых культурных і асветных устаноў, а таксама студэнтам, навучэнцам і ўсім неабыякавым да гісторыі, культуры і сучаснага жыцця сваёй краіны, тым, хто адчувае неабходнасць аператыўна атрымліваць патрэбную інфармацыю для павышэння агульнай і прафесійнай адукацыі, самаадукацыі і арганізацыі вольнага часу. ** Падпіска на часопіс праводзіцца па каталогу Белпошты "Газеты и журналы Республики Беларусь". Індэксы выдання – 74972 (інд.), 749722 (вед.). |
Электронныя выданні 2022 | |
Белорусы на целинных землях Казахстана: 1954 г. – середина 1960-х гг. Адказны за выпуск Кулінок С.В. Электронны зборнік дакументаў і матэрыялаў распавядае пра перасяленне беларусаў у Казахскую ССР у 1954 г. – сярэдзіне 1960-х гг. У выданне ўключаны 187 дакументаў, у тым ліку з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, архіва Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, Дзяржаўнага архіва Усходне-Казахстанскай вобласці, Дзяржаўнага архіва Кастанайскай вобласці, Лісакоўскага рэгіянальнага дзяржаўнага архіва. Сярод апублікаваных дакументаў пастановы, распараджэнні, пратаколы і выпіскі з пратаколаў, дакладныя запіскі, даведкі, лісты, успаміны і інш. Дакументы сістэматызаваны па тэматычным і храналагічным прынцыпах. Электроннае выданне складаецца з чатырох раздзелаў. Першы змяшчае дакументы цэнтральных і рэспубліканскіх партыйна-савецкіх органаў аб ходзе асваення цалінных і абложных зямель; другі – матэрыялы аб арганізацыі і адборы кадраў перасяленцаў; трэці распавядае аб формах і метадах забеспячэння рабочай сілай раёнаў асваення цалінных і абложных зямель; чацвёрты ўключае дакументы аб арганізацыі працы, побыту і паўсядзённым жыцці перасяленцаў. Ілюстрацыйны блок уключае 66 дакументаў. У выданні прадстаўлены сем відэасюжэтаў з Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, у якіх распавядаецца аб провадах студэнтаў на цаліну, асваенні цалінных зямель і ўборцы ўраджаю, культурным вольным часе і вяртанні цаліннікаў на радзіму. |
|
|
Новая экономическая политика в БССР: сельское хозяйство
Адказны за выпуск Кулінок С.В. У электронным выданні прыводзяцца дакументы і матэрыялы, якія адлюстроўваюць новую эканамічную палітыку ў сельскай гаспадарцы на тэрыторыі БССР. Прадстаўлены матэрыялы і дакументы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці. Большасць з іх публікуецца ўпершыню. Сярод апублікаваных дакументаў – законы, дэкрэты, пастановы, цыркуляры, рэзалюцыі, пратаколы і выпіскі з іх, дакладныя запіскі, справаздачы і інш. |