ГалоўнаяМерапрыемствыПраўдзіва, сурова, мужна
Вэбінар па мікрабіялагічным аспекце захаванасці дакументаў
Па слядах “Энеіды”

Праўдзіва, сурова, мужна

Праўдзіва, сурова, мужна
Іншыя мерапрыемствы
16 лютага – 20 сакавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 306
Месца правядзення

З 16 лютага па 20 сакавіка ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка “Праўдзіва, сурова, мужна”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння выдатнага жывапісца, педагога і грамадскага дзеяча, народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага (1922–2010).

Апантаны творчасцю, яскрава адораны, неверагодна працаздольны і цягавіты, майстар, які стварыў жывапісную эпапею ваеннага мінулага, Міхаіл Андрэевіч Савіцкі стаў прызнаным класікам нацыянальнага мастацтва яшчэ пры жыцці.

Лёс Міхаіла Савіцкага, як і яго сучаснікаў, цесна пераплёўся з нечалавечымі выпрабаваннямі: падчас Вялікай Айчыннай вайны ён прымаў удзел у абароне Севастопаля, прайшоў шлях ад перасыльных лагераў ваеннапалонных у Бахчысараі і Нікалаеве да жудаснага канцлагера Дахау пад Мюнхенам. Вязня 32815 знайшлі ў красавіку 1945 г. непрытомным, амаль нежывым…

Пасля заканчэння вайны пачаўся новы этап жыцця, вучоба, гады пошукаў і знаходак у творчасці. Вядомасць да мастака прыйшла ў 1960-я гг. і была звязана з новымі павевамі ў выяўленчым мастацтве – кірункам рэалістычнага жывапісу “суровы стыль”. Вострыя лінейныя рытмы, каларыстычная стрыманасць, лаканічныя выявы, вобразы сучаснікаў і іх будняў сталі асновай гэтага напрамку. Мастакі імкнуліся стварыць гераічны летапіс ваенных гадоў, але рэалістычныя і жывыя палотны Савіцкага, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны, адрозніваліся ад іншых. Яго мастацтва заўсёды выклікала непадробную цікавасць, спрэчкі і палеміку, бо ў ім спалучаліся трагедыя, мужнасць і адначасова прыгажосць.

На выстаўцы прадстаўлены рэпрадукцыі вядомых “ваенных” твораў М. Савіцкага: “Партызаны”, “Віцебскія вароты”, “Поле”, “Партызанская Мадонна (Мінская)”, манументальны роспіс “Вялікая Айчынная вайна. 1944 год” і інш. Асаблівай увагі заслугоўвае пранізлівая серыя “Лічбы на сэрцы”, рэалістычнасць якой у свой час шакавала публіку. Экспазіцыя дэманструе цыкл карцін “Чорная быль” – жывапісныя “бачныя малітвы”, створаныя адразу пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Убачаць наведвальнікі і іншыя серыі мастака: работы, прысвечаныя сялянскай працы, ураджаю і хлебу, серыю партрэтаў дзеячаў культуры і навукі. Асобна прадстаўлены ўнікальны біблейскі цыкл, у якім адлюстравана зямное жыццё Хрыста і яго час.

Пра творчасць майстра паведамяць манаграфіі, мастацтвазнаўчыя артыкулы, зборнік нарысаў “Михаил Савицкий. Красное и черное: палитра художника – в зеркале эпохи” Б. Крэпака, каталогі выставак. Шматграннасць асобы мастака раскрываюць яго выказванні, інтэрв’ю, успаміны родных, сяброў і калег, фотаздымкі.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Музеі – захавальнікі часу

10.05.2024

З 10 мая па 5 чэрвеня ў чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164) будзе экспанавацца выстава “Музеі – захавальнікі часу”, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў.

Шлях міласэрнасці

07.05.2024

Выстава “Шлях міласэрнасці” прымеркавана да 60-годдзя з дня заснавання Беларускага Чырвонага Крыжа і прысвечана яго дзейнасці.



Бібліятэкарам