У 1618 годзе ў друкарні Віленскага Свята-Духава праваслаўнага брацтва ў Еўі пабачыў свет “Букварь языка славенска писаний чтения оучитися хотящим в полезное руковожение” на 52 аркушах у кішэнным фармаце. У “Буквары” размешчаны славянскі алфавіт, прыклады складоў з двух і трох літар, простыя словы на царкоўнаславянскай мове, пералік знакаў прыпынку, лічбаў (у кірылічнай традыцыі), а таксама асновы граматыкі і тэксты для чытання, сярод якіх – рэлігійныя гімны, малітвы, запаведзі, пропаведзі.
Да 400-гадовага юбілею першага ў свеце “Буквара” Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала і арганізавала шэраг мерапрыемстваў.
29 сакавіка ў музеі кнігі адкрылася выстаўка “Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі”. Экспанаты адрозніваліся вялікай разнастайнасцю – знакамітыя буквары і азбукі XVI–ХХI стст., буквары з праваслаўных манастыроў і малавядомыя выданні для ўніятаў і старавераў, беларускія падручнікі для навучання чытанню пачатку ХХ ст., савецкія буквары перыяду ліквідацыі непісьменнасці і нават выданні беларускай дыяспары за мяжой.
У прасторы выстаўкі “Беларускі буквар: 400 гадоў гісторыі”, акрамя экскурсій, праводзіліся майстар-класы па методыцы навучання грамаце для студэнтаў факультэтаў пачатковай адукацыі педагагічных ВНУ, а таксама музейныя заняткі для дзяцей.
З 26 красавіка ў музеі кнігі арганізавана міжнародная выстаўка “Буквары народаў свету”, якая прадстаўляе разнастайнасць і непаўторнасць першай кнігі для навучання грамаце. Упершыню ў Беларусі сабрана каля 1 400 буквароў на 587 мовах самых розных народаў з пяці частак свету – Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. Аснову экспазіцыі складае найбуйнейшая ў свеце ўнікальная прыватная калекцыя буквароў і азбук латвійскага педагога, аўтара буквароў і кніг пра народы і іх мовы Юрыса Цыбульса.
Асаблівае месца на выстаўцы займаюць беларускія кнігі для навучання грамаце XVI–ХХI стст. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Розныя па складзе, графіцы, мастацкім афармленні, педагагічных прыёмах навучання, яны дэманструюць 400-гадовую гісторыю беларускага буквара.
Выстаўка “Буквары народаў свету” функцыянуе не толькі як музейная прастора з унікальнымі экспанатамі, але і як эксклюзіўная пляцоўка для заняткаў дашкольнікаў і малодшых школьнікаў у рамках праекта “Клуб кніжных прафесараў”.
26–27 красавіка 2018 г. у бібліятэцы прайшлі XIV Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прысвечаныя 400-годдзю выдання першага “Буквара”. Навуковае мерапрыемства аб'яднала больш за 400 кнігазнаўцаў, педагогаў, лінгвістаў, культуролагаў, гісторыкаў і філосафаў з Азербайджана, Беларусі, Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.
Урачыстым момантам стала адкрыццё ў бібліятэцы галоўнага сімвала юбілейных падзей – двухметровага аб'ёмнага “Буквара”! Дэкарацыя старажытнай кнігі ўвасабляе важкасць і каштоўнасць унікальнага выдання, якое закладвала асновы культуры, з'яўлялася пачаткам шляху засваення ведаў. Арт-аб'ект нагадвае нашым чытачам і гасцям пра чатырохсотгадовую гісторыю першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар”.
28 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падведзены вынік міжнароднага навуковага выдавецкага праекта па факсімільным узнаўленні першага “Буквара”. Напярэдадні Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства адбылася прэзентацыя яго факсімільнага выдання.
1-2 верасня Нацыянальная бібліятэка Беларусі прыняла ўдзел у святкаванні ХХV Дня беларускага пісьменства ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці, прымеркаванага да Года малой радзімы. Асноўнай тэмай мерапрыемстваў, падрыхтаваных бібліятэкай, стала тэма 400-годдзя беларускага буквара.
6 верасня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя выдавецкага праекта па факсімільным узнаўленні першага ў свеце “Буквара” для прадстаўнікоў акрэдытаванага ў Беларусі дыпламатычнага корпуса і членаў Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.
28–30 кастрычніка ў рамках візіту ў Лондан дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі наведаў Беларускую бібліятэку і музей імя Францыска Скарыны, Бібліятэку Ганаровага таварыства Мідл Тэмпл і Школу славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, а таксама Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, дзе прэзентаваў і перадаў у дар факсіміле першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар”.
27–28 лістапада мерапрыемствы ў гонар 400-годдзя першага “Буквара” прайшлі ў Швейцарыі. Факсімільнае выданне было прэзентавана і перададзена ў дар Жэнеўскаму і Бернскаму ўніверсітэтам, а таксама Швейцарскай усходнееўрапейскай бібліятэцы.
28 лістапада ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса ў Вільні адбылася ўрачыстая прэзентацыя факсіміле першага “Буквар”. Выданне папоўніла калекцыі вядучых літоўскіх бібліятэк, а таксама Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, Свята-Духава манастыра і Тракайскага гістарычнага музея.
12–26 снежня адбыліся прэзентацыі ўнікальнага факсімільнага выдання першага на тэрыторыі Усходняй Еўропы "Буквара" у Магілёве, Брэсце, Гродне і Віцебску. Экзэмпляры факсіміле былі перададзены абласным i публічным бібліятэкам, установам адукацыі і музеям Магілёўскай, Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, а таксама Бабруйскай і Магілёўскай епархіям Беларускай праваслаўнай царквы.
20 снежня дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі наведаў “Замак святла” – новы будынак Латвійскай нацыянальнай бібліятэкі, дзе перадаў у дар факсіміле першага беларускага “Буквара” і распавёў прысутным пра гісторыю яго стварэння.
22 снежня ў Музеі-фабрыцы ёлачных цацак у Мінску адбылося мерапрыемства пад дэвізам "Ганаруся рэчамі Айчыны", у рамках якога быў прэзентаваў праект факсімільнага ўзнаўлення першага ў свеце "Буквара", камплект унікальнага факсіміле быў перададзены ў дар музею-запаведніку "Нясвіж".
8 лютага ў Палацы мастацтваў прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў LVIII Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стаў пераможцам у намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны”. Матульскаму Раману Сцяпанавічу ўручылі спецыяльны дыплом і памятны знак-сімвал “Малы залаты фаліянт” – заслужаную ўзнагароду за рэалізацыю праекта факсімільнага ўзнаўлення першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар” з беларускімі каранямі.
27 сакавіка ў Мінскай гарадской ратушы адбылася ўрачыстая перадача факсімільнага выдання першага "Буквара" бібліятэкам сталіцы.
Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Першы Буквар: факсімільнае ўзнаўленне: да 400-годдзя выдання” – быў адзначаны дыпломам “Жамчужына культурнай спадчыны” XVI Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” дзяржаў – удзельніц СНД, які адбыўся 30–31 мая ў г. Баку.
12–13 чэрвеня факсімільныя выданні “Кніжнае спадчына Францыска Скарыны” і “Першы Буквар” (1618) былі перададзены Цюрыхскай бібліятэцы славістыкі і Музею Гутэнберга ў Фрыбуры (Швейцарыя).
18 ліпеня 2019 г. на штогадовым семінары кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Рэспублікі Беларусь Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала факсімільнае выданне “Буквара” для нацыянальных бібліятэк ААЭ, Аргенціны, Аўстраліі, Балгарыі, Бразіліі, Грузіі, Ірландыі, Венесуэлы, В'етнама, Інданезіі, Індыі, Іспаніі, Карэі, Катара, Кубы, Манголіі, Нарвегіі, Пакістана, ПАР, Румыніі, Сербіі, Сірыі, Турцыі, Харватыі, Эстоніі і Японіі.
13–15 жніўня з прафесійным візітам Каралеўскую бібліятэку Даніі наведала дэлегацыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У ходзе візіту Каралеўскай бібліятэцы Даніі было перададзена факсіміле першага ў свеце выдання пад назвай “Буквар”.
11 верасня падчас выязнога пасяджэння Бібліятэчнай асамблеі Еўразіі Раман Матульскі перадаў у дар прадстаўнікам бібліятэк Садружнасці факсімільнае ўзнаўленне першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар” (1618).
У мэтах папулярызацыі беларуска-турэцкага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы 17 снежня факсімільнае выданне першага ў свеце “Буквара” было перададзена найстарэйшаму ў Турцыі Стамбульскаму ўніверсітэту, 18 снежня – Прэзідэнцкай бібліятэцы Турцыі.