Хроніка мерапрыемстваў да 200-годдзя ваенных падзей 1812 г.
У рамках падрыхтоўкі святкавання юбілейнай даты вайны 1812 г. у Беларусі арганізаваны і праведзены мерапрыемствы, якія ўключаюць наступныя напрамкі:
Так, напрыклад, ужо ў 2011 г. была абноўлена экспазіцыя, прысвечаная падзеям вайны 1812 г., у Барысаўскім аб’яднаным музеі. 14 снежня 2011 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстаўка “Вайна 1812 г. у гісторыі Мінска”. Выстаўка была арганізавана сумесна з музеямі Магілёва, Віцебска, Кобрына, Нацыянальным гістарычным архівам і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. У снежні 2011 г. у Гомелі, у абласным Музеі ваеннай славы, адкрылася выстаўка, прысвечаная вайне 1812 г. У экспазіцыі – зброя, амуніцыя і ўзнагароды той вайны. 20 сакавіка 2012 г. у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка “1812 год на Віцебшчыне”, дзе прадпрынята спроба адлюстраваць падзеі таго гістарычнага перыяду, паказаць Віцебск у святле 1812 г. У экспазіцыі прадстаўлена звыш 300 экспанатаў з фондаў музея, а таксама калекцыі фігурак воінаў І.В. Гарбунова, складзеных у выглядзе невялікіх дыярам бітваў. Можна азнаёміцца з дакументамі і перапіскай, манетамі і ўзнагародамі, прадметамі побыту, якія дазваляюць шырэй уявіць гістарычны фон, на якім адбываліся ваенныя падзеі 1812 г. 29 сакавіка 2012 г. у Паўночна-ўсходняй вежы Мірскага замка адбылося адкрыццё выстаўкі ваенна-патрыятычнай мініяцюры, прысвечанай 200-годдзю Айчыннай вайны 1812 г., мастака І.В. Гарбунова. Акрамя традыцыйных мініяцюр воінаў розных эпох, на выстаўцы прадстаўлены рэканструкцыя абмундзіравання обер-афіцэра Гвардзейскага флоцкага экіпажа 1812 г. і абмундзіраванне мічмана Ваенна-марскога флоту СССР 1982 г. 10 красавіка 2012 г. у Віцебскім мастацкім музеі адкрылася выстаўка “1812 год у артэфактах”. На ёй было прадстаўлена звыш 600 арыгінальных экспанатаў – манеты, знакі, зброя. 19 мая 2012 г. у Брэсце, у музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, у рамках арт-праекта “Ноч музеяў” адбылася акцыя “Навальніца дванаццатага года”, прысвечаная Міжнароднаму дню музеяў і 200-годдзю вайны 1812 г. У рамках праграмы прайшлі выступленне гарадскога духавога аркестра пад кіраўніцтвам У. Каваля, прэзентацыя ўнікальных экспанатаў з фондаў абласнога краязнаўчага музея, прэзентацыя выстаўкі “1812 год у артэфактах” і кнігі З. Дудзюк “1812 год”, прэзентацыя збору кніг абласной бібліятэкі імя М. Горкага, выступленні гісторыкаў, інш. мерапрыемствы. У маі 2012 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі падрыхтаваны спецыяльны выпуск бібліяграфічнага дадатку да бюлетэня “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку” пад назвай “1812 год у гісторыі Беларусі. Да 200-годдзя з пачатку вайны 1812 г.”. Прадстаўленая ў спісе інфармацыя знаёміць з публікацыямі навуковага і папулярнага характару 2000–2012 гг. аб праблемах палітычнай сітуацыі ў Еўропе напярэдадні вайны, прычынах канфлікту, асноўных этапах вайны. Асаблівая ўвага надаецца тэме “Беларусь у вайне 1812 г.”. 22 чэрвеня 2012 г. у Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны адбылося адкрыццё выстаўкі літаграфій, гравюр і паштовак “1812 год. Вайна і мір”, на якой дэманстраваліся ўнікальныя матэрыялы сярэдзіны XIX – пачатку XX ст. з калекцый беларускага краязнаўца, філакартыста У. Ліхадзедава і калекцыянера У. Пефціева. У экспазіцыйным блоку “Беларусь у 1812 г.” былі прадстаўлены паштоўкі сярэдзіны XIX – пачатку XX ст. і іх павялічаныя копіі. На паштоўках – малюнкі помнікаў загінуўшым воінам, рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў з батальнымі і бытавымі сцэнамі. 25 чэрвеня 2012 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя кнігі А. Лукашэвіча “Памятники и памятные места 1812 года в Беларуси”. У манаграфіі разглядаюцца пытанні ўвекавечання падзей вайны 1812 г. на беларускіх землях. Падрабязна паказана гісторыя стварэння фартыфікацыйных будынкаў і іншых памятных месцаў эпохі 1812 г. У кнізе апісаны турыстычныя маршруты, аб’екты магчымага міжнароднага турыстычнага маршруту “Фартыфікацыя эпохі 1812 г.”. Кніга добра ілюстравана (звыш 420 фатаграфій, з іх звыш 160 – каляровых) і будзе карысная не толькі гісторыкам і краязнаўцам, але і ўсім, хто цікавіцца пытаннямі айчыннай і ваеннай гісторыі. З 25 чэрвеня па 30 ліпеня 2012 г. у зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшла тэматычная выстаўка “У агні 1812 г. Падзеі вайны на тэрыторыі Беларусі”. Экспазіцыя ўключала звыш 350 дакументаў і складалася з пяці раздзелаў, назвы якіх ярка раскрываюць змест выстаўкі: “За незалежнасць і гонар Айчыны”, “Беларуская зямля – арэна жорсткіх бітваў”, “Сіла і моц духу народнага”, “Іх імёны – навечна ў гісторыі”, “Беларусам засталася легенда...”. Сярод экспанатаў – дакументы і акты, энцыклапедыі, аўтарскія выданні, зборнікі матэрыялаў міжнародных навуковых канферэнцый і інш. 3 ліпеня 2012 г., у Дзень незалежнасці Беларусі, на тэрыторыі Барысаўскай крэпасці, пабудаванай у 1810–1811 гг. па праекце інжынера Карла Опермана (па яго праекце была пабудавана і знакамітая Брэсцкая крэпасць), Клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі 1812 г., у рамках святочнай праграмы, паказаў спецыяльнае тэатралізаванае прадстаўленне. Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску прадставіў экспазіцыю “Барадзіно – бітва гігантаў”, падрыхтаваную на аснове матэрыялаў Дзяржаўнага барадзінскага ваенна-гістарычнага музея-запаведніка. 11 ліпеня 2012 г. на сайце “Архівы Беларусі”, які з’яўляецца інтэрнэт-рэсурсам органаў архіўнай справы, справаводства і сістэмы дзяржаўных архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь, з’явілася спецыяльная юбілейная рубрыка “Вайна 1812 г. на тэрыторыі Беларусі”. У першай палове ліпеня 2012 г. адбыўся першы трансмежны турыстычны маршрут “Дарогамі воінскай славы Айчыннай вайны 1812 г.”, у якім узялі ўдзел сто выхаванцаў сувораўскіх вучылішчаў Расіі і Беларусі – пераможцаў конкурсу на веданне гісторыі напалеонаўскага нашэсця. Дзесяць дзён сувораўцы наведвалі месцы бітваў, музеі, панарамы і дыярамы, ваенна-гістарычныя паселішчы, удзельнічалі ў маляўнічай рэканструкцыі баявых баталій 200-гадовай даўнасці ў Маскве, Мажайску, Барадзіне, Вязьме, Смаленску, Віцебску, Барысаве, Полацку, завяршыўшы паход у Мінску. Памятнай падзеяй стала і Міжнародная навуковая канферэнцыя “Айчынная вайна 1812 г. у гісторыі Беларусі”, праведзеная 21 ліпеня 2012 г. Кобрынскім ваенна-гістарычным музеем імя А.В. Суворава. Канферэнцыя была прысвечана 200-годдзю першай перамогі расійскіх войск над войскамі Напалеона пад Кобрынам і праходзіла ў дзень святкавання 68-й гадавіны вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны (Дзень горада Кобрына). 25–27 ліпеня 2012 г. у Магілёве была праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Айчынная вайна 1812 г. у лёсах народаў Расіі і Беларусі”, арганізаваная Прадстаўніцтвам Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь – Расійскім цэнтрам навукі і культуры ў Мінску сумесна з Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў і Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Музеем гісторыі Магілёва і Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А. Куляшова. З 1 па 14 жніўня 2012 г. у рамках праекта для творчай моладзі “Пераклічка стагоддзяў: 1812–2012” навучэнцы і выпускнікі мастацкіх каледжаў з Мінска, Магілёва, Тулы, Самары, Валгаграда, Астрахані, Новасібірска, Харкава і Луганска наведалі Брылёўскае поле каля ракі Бярэзіны, Ляданскі Свята-Дабравешчанскі мужчынскі манастыр, сядзібу “Бівак”, аформленую ў стылі эпохі 1812 г. У выніку маладыя мастакі стварылі нямала эцюдаў. Арганізатарам гэтага мерапрыемства стала грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”. 70 лепшых работ былі размешчаны спачатку ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева, а затым – у Музеі гісторыі Мінска і Мастацкім музеі Магілёва, пасля экспанаваліся ў Расіі. 12 жніўня 2012 г. з Паклоннай гары ў Маскве стартаваў конны паход па маршруце “Масква – Парыж”. Група з двух дзясяткаў казакоў, узначаленая паходным атаманам А.М. Калякіным, прарабіла шлях, якім калісьці прайшлі казакі атамана М.І. Платава ў 1812–1814 гг. Ужо 20 жніўня казакі заехалі на тэрыторыю Ліёзненскага раёна Беларусі. 23 жніўня 2012 г. удзельнікі паходу на Брылёўскім полі ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці ўсклалі вянкі да Помніка рускім воінам і магілы Невядомага салдата, загінуўшага ў вайне 1812 г. Далей казакі прайшлі дарогамі Літвы, Польшчы, Германіі, а 21 кастрычніка 2012 г. завяршылі свой шлях даўжынёй у 2 500 км у Парыжы. 2 кастрычніка 2012 г. у офісе Тut.by адкрылася выстаўка “Сувязь стагоддзяў”. Мастацкая акцыя арганізавана грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”. Пад час двухтыднёвага летняга пленэра мастакі з Беларусі, Расіі і Украіны стваралі карціны па сваіх уяўленнях пра падзеі вайны 1812 г. Усяго выстаўка налічвала каля 40 работ маладых мастакоў з Магілёва, Гомеля і Бабруйска, Тулы, Валгаграда і Саратава, Кіева, Харкава і Луганска. Лепшыя ўзоры, створаныя пад час пленэра, былі выбраны кампетэнтным журы з ліку членаў Беларускага саюза мастакоў. Выстаўка, прадстаўленая ў Мінску, раней была паказана жыхарам Барысава. Плануецца, што карціны ўбачаць жыхары Расіі, Францыі, Італіі і Германіі. 19 лістапада 2012 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ) адбылася прэзентацыя культурна-асветніцкага праекта “1812. Вядомы і невядомы”. Пад час мерапрыемства была прадстаўлена трылогія “Западный пограничный регион в военно-стратегических планах Российской империи (конец ХVIII в. – 1812 г.)”. Выданне стала вынікам 15-гадовага навуковага даследавання дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта А.М. Лукашэвіча. Кнігі падрыхтаваны на аснове шырокага круга пісьмовых і графічных крыніц (раней сакрэтных), як апублікаваных, так і тых, якія захоўваюцца ў 10 архівах Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. У рамках літаратурна-асветніцкага праекта адбылася прэзентацыя віртуальнага праекта НББ “1812 год у гісторыі Беларусі”, а таксама адкрыццё выстаўкі ў музеі кнігі “Вайна 1812 года ў кніжных помніках” (прадстаўлены рукапісы і рэдкія выданні, прысвечаныя ваенным падзеям таго часу) і рэспубліканскай выстаўкі дзіцячага малюнка, прысвечанай вайне 1812 г. У ёй прынялі ўдзел выхаванцы шасці мастацкіх студый з Гомеля, Мінска і Брэста. У Нацыянальным мастацкім музеі з 21 лістапада 2012 г. па 23 студзеня 2013 г. працуе выстаўка “Вайна 1812 г. вачамі відавочца. Графіка Хрысціяна Вільгельма фон Фабера дзю Фора”, на якой прадстаўлены малюнкі, выкананыя ўдзельнікам кампаніі Напалеона ў Расіі. Экспазіцыя дае рэдкую магчымасць убачыць вайну 1812 г. вачамі француза, афіцэра “вялікай арміі Напалеона”, які прайшоў увесь драматычны шлях “рускага паходу” – ад імклівага ўваходжання палкоў французскага імператара ў Расію да іх трагічнага выхаду з яе. 22 лістапада 2012 г. у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску адкрылася экспазіцыя “Айчынная вайна 1812 г. у сюжэтах сучаснага мастацтва са збору Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А.С. Пушкіна «Михайловское»”. На выстаўцы прадстаўлены графічныя работы, альбомы, карты. Найбольш каштоўнымі экспанатамі з’яўляюцца “Военный альманах 321. Реестр армии Австрийской Империи за 1811 год. Несколько всемилостивых императорских привилегий”, выдадзены ў Вене, а таксама бельгійскае выданне 1837 г. “Максимы Наполеона о войне&кdquo; – брашура з выказваннямі імператара. Літаратурны музей Янкі Купалы прадэманстраваў цудам уцалеўшую кнігу з бібліятэкі Песняра “Отечественная война 1812 года в пределах Смоленской губернии” (выдадзена ў 1912 г.). 23–24 лістапада 2012 г. – ладзілася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Вайна 1812 г. і Беларусь” на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 23–24 лістапада 2012 г. праведзена IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Каладзееўскія чытанні” на базе Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева сумесна з Цэнтрам напалеонаўскіх даследаванняў пры падтрымцы Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь. 23–25 лістапада 2012 г. у Барысаве і Барысаўскім раёне прайшлі памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 200-годдзю вайны 1812 г. 23 лістапада адбылося адкрыццё Дома-сядзібы Івана Каладзеева, у якой сто гадоў таму жыў збіральнік артэфактаў вайны 1812 г. Калекцыю, якая лічылася адной з найбагацейшых, Вольга Сяргееўна, удава Івана Хрысанфавіча, у 1914 г. перадала ў маскоўскі Дзяржаўны гістарычны музей. Сёння ў адноўленым доме-сядзібе дэманструецца вялікая экспазіцыя, прысвечаная падзеям 1812 г., на якой прадстаўлена частка бібліятэкі І.Х. Каладзеева, сабраная ў мясцовых жыхароў і калекцыянерамі. У царкве Святой Тройцы, што будуецца ў Барысаве, будзе ўстаноўлены памятны знак у гонар Каладзеева. 24 лістапада на Брылёўскім полі быў праведзены міжнародны мітынг-рэквіем, а таксама арганізавана рэканструкцыя бітвы на р. Бярэзіне. Тут сабраліся прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, дыпламаты, нашчадкі ўдзельнікаў вайны 1812 г.: Напалеона Банапарта – Шарль Напалеон, генерала Аляксандра Сіславіна – Андрэй Жураўлёў-Сіславін… Каля 300 удзельнікаў з ваенна-гістарычных клубаў Беларусі, Расіі, Францыі, Польшчы, Швейцарыі, Бельгіі прыехалі ўзнавіць знакамітую бітву. 25 лістапада ў Доме-сядзібе І.Х. Каладзеева ладзіўся баль у стылі мінулых стагоддзяў. Тэлеканал “Беларусь 1” 27–29 лістапада 2012 г. правёў прэм’ерны паказ серыі дакументальных кінастужак, прысвечаных 200-годдзю вайны 1812 г. Фільм “Шляхта Банапарта” (тэлерадыёкампанія “Гомель”) расказвае, нашто Банапарту спатрэбілася вяртаць з небыцця Вялікае Княства Літоўскае, чым была гатова ахвяраваць беларуская шляхта для 600-тысячнай арміі французскага імператара дзеля атрымання незалежнасці, як Напалеон збіраўся разлічвацца за фураж і прадукты, рэквізаваныя ў беларускіх сялян, а таксама пра тое, чаму беларуская і польская шляхта вітала вялікага палкаводца. У карціне “Партызанка 1812” (тэлерадыёкампанія “Брэст”) гаворка ідзе пра партызанскі рух супраць найвялікшай арміі свайго часу. Па лініі Міністэрства спорту і турызму падрыхтаваны турыстычныя маршруты па месцах баявых дзеянняў 1812 г. Так, турыстычныя арганізацыі Мінскай вобласці распрацавалі сем напрамкаў турысцка-экскурсійных маршрутаў. Турыстам прапаноўваецца наведаць славутасці Барысаўшчыны. 27 верасня 2012 г. уведзены ў абарачэнне памятныя манеты “Вайна 1812 года. 200 гадоў”, падрыхтаваныя да выпуску Нацыянальным банкам Беларусі агульным тыражом 5 тыс. экз.: 3 тыс. сярэбраных і 2 тыс. медна-нікелевых. Прадстаўляюць значную цікавасць некаторыя выдавецкія праекты 2011–2012 гг., падрыхтоўка якіх шырока анансавалася ў СМІ, у многіх установах культуры былі праведзены іх прэзентацыі. Сярод выданняў, напрыклад:
|