Ляснеўскі Іосіф Вікенцьевіч
Іосіф Вікенцьевіч Ляснеўскі (1867–1921), генерал-лейтэнант, ваенны міністр Польшчы (1919–1920). Нарадзіўся ў дваранскай сям’і ў маёнтку Пазнаева, недалёка ад Віцебска.
Адукацыю атрымаў у Полацкім кадэцкім корпусе (1884), скончыў 2-е Ваеннае Канстанцінаўскае вучылішча, пасля якога быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбургскі грэнадзёрскі полк. Паступова рос у чынах: падпаручнік (1885), паручнік (1889), гвардыі паручнік (1894), штабс-капітан (1896), капітан (1900), палкоўнік (1907), генерал-маёр (1914).
Камандаваў 82-м пяхотным дагестанскім палком, з якім уступіў на фронт Першай сусветнай вайны. Камандзір брыгады 2-й грэнадзёрскай дывізіі (1915). Камандуючы 8-й Сібірскай стралковай дывізіяй, у верасні 1917 г. перайшоў на службу ў 1-шы Польскі корпус.
Штаб корпуса размяшчаўся ў Мінску, у Беларусі адбывалася фарміраванне будучага Войска Польскага. Камандзір корпуса генерал-лейтэнант І.Р. Доўбар-Мусніцкі прызначыў Ляснеўскага камандуючым 3-й Польскай стралковай дывізіяй, якая фарміравалася ў горадзе Ельня Смаленскай губерніі.
Пазней ён узначаліў аператыўную групу пад Львовам (1918). Ваенны міністр Польшчы ў перыяд 1919–1920 гг., член Савета абароны дзяржавы.
Партрэт Ю. Ляснеўскага – ваеннага міністра
За заслугі ў гады Першай сусветнай вайны ўзнагароджаны:ордэнам Святога Уладзіміра 3-й ступені з мячамі (1915);
ордэнам Святога Станіслава 1-й ступені з мячамі (1915);
ордэнам Святой Ганны 1-й ступені з мячамі (1916);
ордэнам Святога Уладзіміра 2-й ступені з мячамі (1916).