Верш "Касцу"
3 лістапада 1906 г. у Вільні пачынае выдавацца штотыднёвая газета “Наша ніва”, якая на працягу свайго існавання адыграла вялікую ролю ў грамадскім жыцці беларускага народа і аказала значны ўплыў на асабісты лёс Янкі Купалы і яго творчасць.
У “Нашай ніве” 11 мая 1907 г. быў надрукаваны верш “Касцу” (PDF), які стаў першым выступленнем паэта ў беларускім друку. У ім Янка Купала працягвае беларускую тэму, распачатую ў папярэдніх творах – “Мая доля”, “Мужык” і інш. Гаворка ідзе пра тое, каб разняволіць селяніна, абудзіць у ім творчы дух і здольнасць пастаяць за свае чалавечыя інтарэсы.
Верш “Касцу” цікавы двухпланавасцю свайго зместу. Як бы між іншым аўтар напамінае свайму герою, што каса, вілы, цэп з’яўляліся не толькі спрадвечнымі працоўнымі прыладамі селяніна – нярэдка яны былі і яго зброяй:
Быў даўней народ хітрэй,
Не знаў стрэльбаў, дык аей!
Коскі шаблямі былі,
Ваяваць з імі ішлі.
Гоп, гоп, гоп!
Ваяваць ішлі.
Па часе, адказваючы на пытанне аб вытоках сваёй творчасці, Я. Купала пісаў: “Якімі былі паэтычныя штуршкі? Усё, што акрыляла: і сацыяльная, і нацыянальная крыўда, і беларуская прырода, і песні, пачутыя на полі, на вяселлі, на вечарынцы”.