ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіМузычная спадчына

Музычная спадчына

 ► 
 ◄ 


Я не ствараю нічога новага! Я напаўняюся духам народных песень. З іх, апроч маёй волі, натхненне пераліваецца ва ўсе мае складанні.

С. Манюшка


Музычныя спадчына кампазітара ахоплівае оперныя і сімфанічныя, камерна-вакальныя і інструментальныя, рэлігійныя і свецкія жанры. Яго кампазітарскай стылістыцы ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць музычнай мовы, спалучэнне вытанчанага арыстакратызму з сапраўднай народнасцю, выбітнае драматургічнае майстэрства… Усё гэта ставіць імя Станіслава Манюшкі побач з імёнамі выдатных кампазітараў ХІХ стагоддзя: Ф. Мендэльсона, І. Брамса, М. Глінкі, П. Чайкоўскага.

Шматгранная творчасць майстра прадстаўлена аперэтамі, вадэвілямі і славутымі операмі, сярод якіх "Галька", "Страшны двор", "Парыя". Неаднаразова Манюшка звяртаўся да жанру кантаты – гэта "Вострабрамскія літаніі", "Прывіды", "Крымскія санеты". У яго музычнай спадчыне – тры балеты ("Монтэ-Крыста", "На кватэры", "Хітрыкі шайтана"), сімфанічныя ўверцюры, касцёльная музыка… Амаль ні адзін буйны жанр не застаўся без увагі майстра і ўвасобіўся ў яго творчасці.

На пачатку XIX стагоддзя ў культуры Беларусі адбывалася развіццё рамантычна-этнаграфічнага перыяду, які ўзнік на плыні зацікаўленасці гісторыяй і фальклорам роднага краю. Гэтая хваля захапіла і маладога кампазітара Манюшку. Невыпадкова яго творчасць належыць да мастацкага напрамку "рамантызм".

Хатнія спеўнікі

Важнай часткай творчасці майстра з’яўляецца вакальная музыка. Кампазітар стварыў больш за 300 рамансаў і песень на паэтычныя тэксты вялікай колькасці паэтаў, 260 твораў увайшлі ў склад 12 зборнікаў пад агульнай назвай "Хатні спеўнік". Выхад першага з іх у 1843 годзе стаў значнай культурнай падзеяй.

Працуючы ў камерна-вакальным жанры, Манюшка ставіў мэтай павысіць мастацкі ўзровень бытавога музіцыравання, наблізіць яго да самых высокіх дасягненняў сучаснай прафесійнай музыкі. "Хатні спеўнік" – гэта своеасаблівы дзённік кампазітара, дзе змешчаны трагічныя, гумарыстычныя, лірычныя замалёўкі беларускага вясковага жыцця – вяселле, жніво, вайна, прырода… Манюшка фактычна змяніў сваёй творчасцю бытавы і канцэртны музычны фон Беларусі і Польшчы, які да гэтага часу быў арыентаваны на італьянскія, французскія, нямецкія музычныя творы.

Рамансы Манюшкі – скарб, які можна параўнаць з лепшым, што ёсць у музыцы ў гэтым лірычным, песенным родзе.

А. Сяроў

Сярод знакамітых паэтаў, да якіх звяртаўся ў сваёй творчасці С. Манюшка, важнае месца належыць збіральнікам і знаўцам беларускага фальклору – Яну Чачоту, Уладзіславу Сыракомлю, Яну Карловічу. Кампазітара прываблівала песенная аснова іх вершаў, фальклорнасць і прастата тэкстаў.

Невядомы мастак. Ян Антоні Чачот

Ніводзін паэт не быў такім частым аўтарам вершаў да яго песень, як Ян Чачот. Манюшка стварыў музыку на словы беларускіх народных песень, перакладзеных паэтам на польскую мову і змешчаных у зборніках "Сялянскія песенькі" і "Песенькі з-над Нёмана" ("Кум і кума"  ▶ , "Мядзведзік"  ▶ , "Вандроўная пташка"  ▶ ). Адным з самых вядомых з’яўляецца твор "Праснічка"  ▶ , які часта перакладаецца для інструментальнага выканання.

Уладзіслаў Сыракомля. 1860 г.

Манюшка звяртаўся таксама і да вершаў Уладзіслава Сыракомлі. Паэта і кампазітара збліжала сапраўдная народнасць і дэмакратычнасць творчасці, што праяўлялася ў імкненні пісаць для народа і на народным матэрыяле. Значную ролю ў іх сумеснай творчасці займае вакальны цыкл "Год у песні". Аднак гэтая задума не была даведзена да канца, аўтары стварылі толькі 5 частак цыкла: "Ранішняя песня", "Песня войта", "Вечаровая песня"  ▶ , "Каласок"  ▶  і "Перапёлка".

Міхал Эльвіра Андрыёлі. Лірнік. 1890 г.

Яшчэ адзін важны іх твор – "Лірнік вясковы"  ▶ , дзе аўтар уяўляе сябе песняром-лірнікам, які вандруе па вёсках і верыць, што яго песня не памрэ разам з ім.


Валенцій Ваньковіч. Міцкевіч на скале Аю-Даг. 1828 г. Палатно, алей

Станіслаў Манюшка таксама плённа супрацоўнічаў з вядомымі беларускімі паэтамі: Адамам Міцкевічам, Тамашам Занам, Аляксандрам Ходзькам. Вобразы паэзіі Міцкевіча займалі адно з важных месцаў у вакальнай творчасці кампазітара. Ён і пачынаў свой творчы шлях сачыненнем вакальных балад на вершы славутага паэта. Паэтычныя творы Міцкевіча ўзбагацілі творчасць Манюшкі вобразамі народных паданняў і казак, якія ляглі ў аснову музычных балад: лірычнай "Віліі", фантастычных "Свіцязянкі"  ▶ і "Рыбкі"  ▶ , драматычных "Ваяводы" і "Песня з вежы".

Вялікую каштоўнасць для сусветнай і беларускай музычнай культуры маюць оперы і аперэты Станіслава Манюшкі. Сярод яго ранніх твораў – "Начлег у Апенінах", "Ідэал, ці Новая Прэцыёза", "Карманьёла, або Французы любяць жартаваць", "Латарэя"  ▶  і інш. На жаль, большасць гэтых сачыненняў амаль не захавалася, таму і не атрымала грунтоўных даследаванняў.

Партытура арыі камісара Банавентуры Выкрутача "Ах" з оперы "Сялянка"

Асаблівае месца ў творчасці Манюшкі займае яго супрацоўніцтва з беларускім драматургам і паэтам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам. Вынікам іх сумеснай працы сталі 4 оперы, але найбольш знакавая – "Ідылія" ("Сялянка"). Яе прэм’ера адбылася ў 1852 годзе ў Мінску і стала важнай вехай у гісторыі беларускай музычнай культуры XIX стагоддзя. Гэта першы твор, у якім упершыню са сцэны прагучалі нацыянальныя мелодыі, прымаўкі і прыказкі. Большая частка музычных арый і драматычных сцэн выконвалася на беларускай мове. На жаль, да нашага часу захаваўся толькі адзін фрагмент з аперэты "Сялянка" – гэта арыя камісара Банавентуры Выкрутача  ▶ .

Буклет оперы "Галька". 1975 г.

Самай вядомай у творчасці Манюшкі з’яўляецца опера "Галька", напісаная паводле паэмы Уладзімежа Вольскага. Опера раскрывае трагедыю сялянскай дзяўчыны і прасякнута спачуваннем да простага чалавека. Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч праз дыялог герояў рамана "Каласы пад сярпом тваім" адзначае, што ў славутай арыі галоўнай гераіні гучыць беларуская народная песня "Стала б ты калінай, абняў бы цябе я…" (арыя Галькі  ▶ ). Увогуле ні адна іншая з больш сталых і дасканалых опер Манюшкі не мела такой папулярнасці. Гэты твор стаў здабыткам сусветнай музычнай культуры. (Думка Ёнтэка з оперы "Галька"  ▶ )

Калі беларус слухае оперу “Галька” С. Манюшкі, ён адчувае ў ёй і ў оперы “Страшны двор” выразную беларускую песенную аснову.

У. Караткевіч

Сцэна з оперы "Графіня". 1860 г. Гравюра

Сцэна з оперы "Вербум нобіле". 1861 г. Гравюра

У наступныя гады кампазітар стварае адну оперу за другой. Сярод іх – "Плытагон" (або "Фліс"), "Графіня", "Яўнута" (або "Цыгане"), "Бэтлі", "Ракічана" (незавершаная гістарычная опера), "Verbum nobile". Манюшка з дзяцінства чуў песні сялян, занатоўваў народныя інтанацыі, якія яскрава ўвасобіліся ў гэтых операх.


Манюшка ў сваёй творчасці не мог пазбегнуць уплыву беларускага народнага меласу. У песнях і асабліва ў оперы "Фліс" ("Плытагон") такое багацце народных інтанацый, што, слухаючы, адчуваеш, нібы прысутнічаеш недзе пад Слуцкам або каля Мінска на ўрачыстым свяце беларускіх сялян.

Р. Шырма

Сядзіба ў Смілавічах

Вяршыняй опернага майстэрства кампазітара стала опера "Зачараваны замак" (або "Страшны двор"). Гэты выбітны твор адрозніваецца вялікай разнастайнасцю эмацыйных адценняў, сцэнічным майстэрствам, тэатральнасцю і дынамікай музыкі. Яшчэ ў дзяцінстве, наведваючы родных у Смілавіцкім замку, Стасік пачуў паданне пра старадаўнія куранты. Стагоддзі ніхто не заводзіў той гадзіннік, але час па часе ён пачынаў іграць сам. Увасабленнем гэтай легенды сталі ў оперы арыі Скалубы і Стэфана  ▶ . Опера "Страшны двор" – падцверджанне непарыўнай духоўнай сувязі Станіслава Манюшкі з Радзімай.

Задума оперы "Парыя" ўзнікла ў кампазітара яшчэ ў дзяцінстве, калі ён захапіўся сюжэтам аднайменнай трагедыі К. Дэлавіня. Аднак ажыццявіць задуманае ўдалося ўжо ў позні перыяд творчасці. У выніку, "Парыя" стала апошняй операй майстра. Кампазітар перанёс дзею ў Індыю, але, як адзначаў даследчык творчасці Манюшкі, яго біёграф В. Рудзінскі: "Індускіх парыяў ён у думках бачыў апранутымі ў порты беларускіх сялян і польскія сярмягі".

Прысвячэнне А. Даргамыжскаму на рукапісным экзэмпляры "Байкі” С. Манюшкі

У сімфанічнай музыцы С. Манюшкі найбольш значнымі сталі тры ўверцюры – "Байка"  ▶ , "Каін", "Ваенная ўверцюра, ці Каханка гетмана". Фантастычная "Байка" захавалася да нашых дзён і з’яўляецца прыкладам беларускага нацыянальнага сімфанізма ХIХ стагоддзя. Яна часта выконвалася і высока ацэньвалася сучаснікамі. Гэтую ўверцюру Манюшка прысвяціў вядомаму кампазітару Аляксандру Даргамыжскаму, які разам з іншымі рускімі музычнымі дзеячамі вельмі цаніў творчасць нашага земляка. Уверцюра валодае безумоўнымі музычнымі вартасцямі і з’яўляецца каштоўным мастацкім творам, які сведчыць, што ў Беларусі ў 40-х гадах XIX ст. не толькі вакальная і камерна-інструментальная, але і сімфанічная музыка дасягнула значнага ўздыму, заклала асновы фарміравання ўласна беларускай музычнай стылістыкі і таксама цікавая нам з пункту гледжання станаўлення індывідуальнага аўтарскага стылю Станіслава Манюшкі.


Першадрук нот С. Манюшкі "Багародзіца" са зборніку "Песні нашага касцёла…" для аргана. 1862 г.

Кампазітар на працягу 18 гадоў працаваў арганістам у касцёле Святых Янаў у Вільні, быў вельмі веруючым чалавекам, таму невыпадкова значную частку яго шматграннай музычнай спадчыны складаюць жанры рэлігійнай музыкі. За гэты перыяд быў створаны зборнік арганных твораў "Песні нашага касцёла", які нарэшце ў 2019 годзе быў выдадзены ў Беларусі. Акрамя гэтага, Манюшка напісаў мноства сольных і харавых твораў рэлігійнай тэматыкі (Domine, ne in furore tuo  ▶ ). Трэба дадаць, што рэлігійная музыка да нашых дзён застаецца малавядомай старонкай творчасці кампазітара і яшчэ чакае даследаванняў.

Музычная спадчына Станіслава Манюшкі – адна з найцікавейшых з’яў у культурным жыцці Беларусі і ў гісторыі сусветнага музычнага мастацтва. Яго сачыненні, прасякнутыя нацыянальнымі матывамі, фальклорнымі інтанацыямі, таямнічымі легендамі, багаццем народных адценняў і вобразаў, яскрава сведчаць аб любові да сваёй Радзімы і каранёў.


Прыжыццёвыя віленскія выданні С. Манюшкі з адкрытага электроннага рэсурсу POLONA



Спіс аўдыяфрагментаў з твораў С. Манюшкі з фондаў НББ:

  • Кум і кума
  • Выканаўцы: В. Скорабагатаў (вакал), Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча, дырыжор С. Сакалоў.
    Шыфр НББ: 7Н//467ACD(008)

  • Мядзведзік
  • Выканаўцы: В. Скорабагатаў (вакал), Г. Каржанеўская (фартэпіяна).
    Шыфр НББ: 7Н//467ACD(008)

  • Вандроўная пташка
  • Выканаўцы: В. Скорабагатаў (вакал), Г. Каржанеўская (фартэпіяна).
    Шыфр НББ: 7Н//467ACD(008)

  • Праснічка
  • Выканаўцы: Л. Лют (вакал), Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча, дырыжор С. Сакалоў.
    Шыфр НББ: 7Н//467ACD(008)

  • Вечаровая песня
  • Выканаўцы: Т. Цыбульская (сапрана), Т. Молакава (фартэпіяна), Я. Віданаў (флейта).
    Шыфр НББ: 5Н//2991

  • Каласок
  • З вакальнага цыкла "Год у песні". Выканаўцы: В. Скорабагатаў (барытон), Г. Каржанеўская (фартэпіяна).
    Шыфр НББ: 7ИС3615КД1236

  • Лірнік вясковы III
  • Выканаўцы: В. Скорабагатаў (барытон), Г. Каржанеўская (фартэпіяна).
    Шыфр НББ: 7ИС3615КД1236

  • Свіцязянка
  • Выканаўцы: В. Скорабагатаў (барытон), ансамбль салістаў "Класік-Авангард", мастацкі кіраўнік У. Байдаў.
    Шыфр НББ: 7Н//1820ACD(008)

  • Рыбка
  • Выканаўцы: Т. Цыбульская (сапрана), ансамбль салістаў "Класік-Авангард", мастацкі кіраўнік У. Байдаў.
    Шыфр НББ: 7Н//1820ACD(008)

  • Інтрада да аперэты "Латарэя"
  • Выконвае ансамбль салістаў "Класік-Авангард", мастацкі кіраўнік У. Байдаў.
    Шыфр НББ: 7Н//1820ACD(008)

  • Арыя камісара Банавентуры Выкрутача з оперы "Сялянка"
  • Выканаўцы: В. Скорабагатаў (барытон), Г. Каржанеўская (фартэпіяна).
    Шыфр НББ: 7ИС3615КД1236

  • Арыя Галькі
  • Выконвае салістка дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларускай ССР А. Лебедзева (сапрана).
    Шыфр НББ: 7ИС3811КД1424

  • Думка Ёнтэка з оперы "Галька"
  • Выканаўцы: А. Дзедзік (тэнар), аркестр Вялікага тэатра СССР, дырыжор М. Эрмлер.
    Шыфр НББ: Ф30/12842

  • Арыя з курантамі з оперы "Страшны двор"
  • Выканаўцы: Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, мастацкі кіраўнік М. Фінберг, аранжыроўкі Г. Гедыльтера, А. Шпянёва.
    Шыфр НББ: 7Н//2336ACD(008)

  • Сімфанічная ўверцюра "Байка"
  • Выконвае Акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, дырыжор В. Дмухоўскі.
    Шыфр НББ: 7Н//467ACD(008)

  • Domine, ne in furore tuo
  • Выканаўцы: Ю. Гарадзецкі (тэнар), ансамбль салістаў "Класік-Авангард", мастацкі кіраўнік У. Байдаў.
    Шыфр НББ: 7Н//1820ACD(008)


На галоўную

Пераход да раздзелаў

Бібліятэкарам
Віртуальныя праекты