ГалоўнаяІнфармацыйныя рэсурсыЭлектронныя інфармацыйныя рэсурсыРэсурсы Нацыянальнай бібліятэкі БеларусіВіртуальныя праекты, выстаўкі і калекцыіВіртуальныя праекты бібліятэкіТворы С. Манюшкі на беларускай сцэне

Творы С. Манюшкі на беларускай сцэне

 ► 
 ◄ 


Манюшка належыць патомкам – ён спакойны за суд сучасных і будучых знаўцаў, але яму трэба, каб яго адчулі, зразумелі, палюбілі. Гэта болей значыць, чым апладысменты.

У. Сыракомля


Гаворачы пра рэалізацыю твораў Станіслава Манюшкі на беларускай сцэне, перш за ўсё трэба спыніцца на музычна-тэатральных жанрах, якія складаюць значную частку спадчыны кампазітара. Да іх належаць камедыйныя аперэты і велічныя оперы, якія ставяцца ва ўсіх краінах свету. Музыка майстра гарманічна спалучаецца з яскравай вобразнасцю і маляўнічасцю і ў гэтым сэнсе яна з’яўляецца ідэальным матэрыялам для пастаноўкі на сцэне.

Вярнуўшыся з вучобы ў Берліне, Станіслаў Манюшка быў поўны сіл і жаданняў зацвердзіцца як тэатральны кампазітар. Галоўнымі пляцоўкамі для ажыццяўлення яго імкненняў сталі Вільня і Мінск. Сваю сцэнічную творчасць кампазітар пачынае з лёгкіх камедыйных жанраў. Сярод ранніх твораў – аперэта “Канторшчыкі” (або “Канторскія служачыя”), пастаўленая ў Мінску ў 1832 годзе, вадэвіль “Начлег у Апенінах”, які, паводле апошніх даследаванняў, стаў першапраходцам С. Манюшкі на тэатральнай сцэне і быў пастаўлены ў 1841 годзе ў Гародне, а ў 1858-м – у Брэсце. Важна дадаць, што многія з твораў Станіслава Манюшкі выконваліся ў Мінску раней, чым у іншых месцах.

З ранняй спадчыны кампазітара часцей за ўсё аднаўлялася на тэатральнай і канцэртнай сцэнах аперэта «Латарэя». Неаднаразова твор ставіўся пры жыцці кампазітара: у 1841 годзе – у Гродзенскім гарадскім тэатры ў выкананні Кампаніі драматычных артыстаў Віленскага тэатра пад кіраўніцтвам Вільгельма Шмітгофа; у 1843 годзе – у Мінску. Пасля смерці С. Манюшкі твор быў рэалізаваны ў 1909 годзе ў зале Нясвіжскай ратушы пад кіраўніцтвам С. Казуры з удзелам вядомых варшаўскіх салістаў.

У наш час “Латарэя” была пастаўлена спачатку ў 2009-м, а пасля – у 2011-м да 190-годдзя з дня нараджэння кампазітара. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі яна прагучала ў выкананні ансамбля салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава, Дзяржаўнага камернага хору, а таксама заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Віктара Скорабагатава, знаўцы творчасці Станіслава Манюшкі і беларускай музычнай культуры. Ганаровым госцем прэм’еры стала нашчадак кампазітара піяністка Клара Манюшка.

“Ідылія” В. Дуніна Марцынкевіча. Юлія (Зоя Белахвосцік). Рэжысёр М.Пінігін.

Асаблівае месца ў развіцці беларускага музычнага мастацтва займае опера “Ідылія” (або “Сялянка”). 9 лютага 1852 года ў Мінскім гарадскім тэатры (цяпер на гэтым месцы знаходзіцца гасцініца “Еўропа”) адбыўся трыумфальны дэбют гэтага значнага для Беларусі твора, які Манюшка паставіў разам з Дуніным-Марцінкевічам і Канстанцінам Крыжаноўскім. З дня той пастаноўкі мастацтвазнаўцы вядуць летазлічэнне беларускага прафесійнага тэатра. У спектаклі ўдзельнічаў сам Дунін-Марцінкевіч у ролі Навума Прыгаворкі, а таксама сялянскі хор з яго маёнтка Люцынка, што за Ракавам. Спектакль меў вялікі поспех, аб чым сведчыць ліст В. Дуніна-Марцінкевіча да кнігавыдаўца А. Завадскага: “Прашу добрага пана выслаць мне першай поштай 40 асобнікаў «Сялянкі», бо Беларусь шалёна патрабуе гэты твор, і калі б меў яго хоць 300 асобнікаў, то распрадаў бы”. Аднак пасля лютаўскай прэм’еры “Сялянку” паводле загаду начальства, што забараняў паказ спектакля на “простанароднай мове”, адкрыта больш не выконвалі, а давалі спектаклі ў прыватных дамах, у клубных ды салонных залах у Слуцку, Бабруйску, Глуску, Віцебску, Нясвіжы.

У наш час “Ідылія” была пастаўлена ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы ў 1993 годзе рэжысёрам Мікалаем Пінігіным, мастаком Зіновіем Марголіным і вядучымі артыстамі тэатра. Даследчыкамі высветлена, што музычны матэрыял оперы быў створаны калектывам аўтараў, сярод якіх, верагодна, не толькі С. Манюшка, але і К. Крыжаноўскі, В. Дунін-Марцінкевіч і яго дачка К. Марцінкевіч. На жаль, опера амаль не захавалася. Вядомы кампазітар і музыкант Уладзімір Кур’ян вырашыў гэтае пытанне, напісаўшы музыку да спектакля “Ідылія”. Наконт гэтага ён адзначыў: "Калі ж мая музыка хаця б у некаторыя моманты нагадвае Манюшку – гэта выдатна. Акурат такая была мая патаемная мара". У спектаклі купалаўцаў опера Манюшкі атрымала другое жыццё, а разам з ім – нязменныя аншлагі, мноства зацікаўленых рэцэнзій і гастрольныя паказы па ўсёй Еўропе.

Пастаноўка славутай оперы “Галька” ўпершыню была арганізавана ў 1854 годзе ў Вільні, у 1856-м яна прагучала ў Мінску, а потым – і ў Гродне. У ХХ стагоддзі паказ “Галькі” таксама ажыццяўляўся: опера была выканана ў Мінску ў 1975 годзе Дзяржаўным акадэмічным тэатрам оперы і балета. Яе паставіў польскі рэжысёр з Вроцлава Баляслаў Янкоўскі. Для выканання галоўных партый у Мінск былі запрошаны салісты Лодзінскага тэатра Халіна Раманоўска і спявак оперы Шлёнска ў Катавіцах Баляслаў Паўлюс. За дырыжорскім пультам стаяў выхаванец Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Леў Лях, які ў гэтай пастаноўцы дасягнуў высокай музычнай дакладнасці і зладжанасці выканання.


Опера “Страшны двор” упершыню была пастаўлена на беларускай сцэне толькі ў 1952 годзе. Крытыкі пісалі: “Опера гучала на беларускай мове, у маляўнічым афармленні, якое ўвасабляла карціну прыроды, сціплую абстаноўку простага сельскага дома і патрыярхальны радавы маёнтак братоў Стэфана і Збігнева. Глядач без намаганняў пазнаваў матывы роднага краю”. Вядомы маскоўскі музыказнаўца Ігар Бэлза адзначыў вельмі добрыя дэкарацыі мастака П. Масленікава.

У выкананні беларускіх майстроў гэта опера ў 4-х дзеях з пралогам была паказана падчас Дэкады беларускага мастацтва на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве і атрымала высокую ацэнку як гледачоў, так і маскоўскіх крытыкаў.


У 2013 годзе святкавалася 195-годдзе Станіслава Манюшкі. Да юбілейнай даты была прымеркавана пастаноўка лірыка-камедыйнай оперы “Verbum Nobile”, якую ўпершыню пабачылі беларускія гледачы. Прэм’ера адбылася 30 мая і 5 чэрвеня 2013 года на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў у Мінску. Пазней опера ставілася ў Магілёве, а пасля ў Гродне на найстарэйшай тэатральнай сцэне ў Беларусі, адкрытай больш за два стагоддзі таму мецэнатам Антоніем Тызенгаўзам (цяпер – Гродзенскі абласны тэатр лялек). Пастаноўку ажыццявіў Камерны музычны тэатр “Галерэя”. Опера ўпершыню прагучала на беларускай мове дзякуючы літаратару Дар’і Вашкевіч. Спецыяльна для пастаноўкі дырыжор Іван Касцяхін перапрацаваў “Verbum Nobile” для выканання ансамблем з дзевяці інструментаў у фармаце камернага музычнага спектакля, што дадало арыгінальнасці і сучаснасці твору ХIХ стагоддзя.

Творы Манюшкі актыўна выконваюцца як на тэатральнай, так і на канцэртнай сцэне. У прыватнасці, 9 кастрычніка 2008 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся прысвечаны творчасці кампазітара канцэрт у выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Т. Цыбульскай (сапрана), Т. Молакавай (фартэпіяна), Я. Віданава (флейта).

22 снежня 2011 года ў Камернай зале імя Ларысы Александроўскай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь прайшоў канцэрт “Станіслаў Манюшка на Радзіме”, прымеркаваны да 20-годдзя “Беларускай Капэлы”. У выкананні салістаў тэатра, лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных конкурсаў і фестываляў прагучалі фрагменты з опер С. Манюшкі “Страшны двор”, “Ідылія”, “Латарэя”, “Графіня”, “Галька”, рамансы з вакальных цыклаў “Год у песні”, “Лірнік вясковы”.

Дырыжор І. Касцяхін

На гэтай жа сцэне 24 красавіка 2014 года адбыўся канцэрт пад назвай “Музыка эпохі”, прысвечаны 195-годдзю кампазітара. Праграма была складзена з фрагментаў оперных твораў і вакальнай лірыкі кампазітара.

Музыка Станіслава Манюшкі як лёгкая і паветраная акварэль. У ёй няма вар'яцкага цвіцення, а ёсць хутчэй – недакучлівая спакойная прыгажосць, якую, разгледзеўшы, надоўга захоўваеш у памяці. Яго музыка мае ўласцівасць дарыць душэўную гармонію, абуджаць у людзях добрыя эмоцыі. Яна заўсёды да сябе запрашае, але не назойліва, а вельмі інтэлігентна.

І. Касцяхін


Класіка ля Ратушы з velcom



Творы кампазітара гучалі ў рамках цыкла музычных вечароў “Класіка ля Ратушы з velcom” у выкананні струннага квартэта з Польшчы Altra Volta (г. Катавіцэ). Уверцюры і арыі з опер “Галька”, “Verbum Nobile” і “Страшны двор” выконваў “MuzzicDom Orchestr” пад кіраўніцтвам І. Касцяхіна.




Музыка Манюшкі выконвалася лаўрэатамі конкурсу маладых выканаўцаў імя С. Манюшкі “Убельская ластаўка” падчас канцэрта опернай студыі “Па старонках твораў Станіслава Манюшкі” 30 лістапада 2015 года ў Беларускай акадэміі музыкі.



У чэрвені 2018 года канцэртная праграма “Беларускі рамантызм” гучала ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы. Зоркай праграмы сталі творы Станіслава Манюшкі, у тым ліку і “Гімн да пана Езуса”, напісаны кампазітарам за месяц да смерці.


У шэрагу мерапрыемстваў да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара вызначыўся канцэрт “Жыццё ў песні. Старонкі «Хатняга спеўніка» Станіслава Манюшкі” (2018), на якім прагучалі лепшыя творы са знакамітага цыкла. Юбілею была прысвечана і ўнікальная праграма з аднайменнай назвай, якая прайшла ў Гомелі ў 2019 годзе. Канцэрт адбыўся ў Белай гасцінай Палаца Румянцавых і Паскевічаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Афіша да канцэрта «Да Цябе, Божа». Мінск. 2019 г.

Выконваецца і рэлігійная музыка майстра: 2 сакавіка 2019 года ў мінскім Касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) адбыўся канцэрт “Да Цябе, Божа”, падчас якога слухачы пазнаёміліся з вакальнай і арганнай спадчынай, малавядомай іпастассю аўтара.

Такім чынам, мы бачым, што творы Манюшкі ставіліся на радзіме як пры жыцці кампазітара ў ХIХ стагоддзі, так і ў наш час, а значыць, яны застануцца ў гісторыка-культурнай прасторы Беларусі і, спадзяёмся, дадуць падставу да стварэння далейшых музычна-тэатральных праектаў.


На галоўную

Пераход да раздзелаў

Бібліятэкарам