Ушанаванне памяці як форма захавання спадчыны для нашчадкаў з’яўляецца знакам высокай павагі, любові да сваёй культуры, яе духоўных каштоўнасцей, увагай да значных падзей, выбітных дзеячаў, якія пакінулі след у гісторыі.
Імя нашага славутага земляка Станіслава Манюшкі ведаюць і памятаюць ва ўсім свеце. Яго музыка выконваецца ў Англіі, Бразіліі, Германіі, Канадзе, Польшчы, Расіі, Румыніі, ЗША, Турцыі, Чэхіі, на Кубе… У Польшчы прозвішчам Манюшкі названа Варшаўскае музычнае таварыства, у Японіі – Інстытут славянскай культуры. Амаль у кожным польскім горадзе ёсць вуліца Манюшкі, у гонар кампазітара таксама названы вуліцы ў Вільнюсе, Валгаградзе, Крывым Розе і Харкаве…
Безумоўна, захоўваецца памяць пра кампазітара і ў Беларусі. Пра жыццё і дзейнасць Манюшкі сведчаць помнікі і мемарыяльныя дошкі. Вуліцы Мінска і Гродна носяць яго імя.
Сёння Станіслаў Манюшка зноў вяртаецца на радзіму, вяртаецца сваімі творамі, сваёй спадчынай. Сведчанне таму – канцэрты, музычныя фестывалі, выстаўкі, музычна-тэатралізаваныя прадстаўленні, выданне філатэлістычнай прадукцыі.
Ушанаванне памяці вялікага кампазітара грамадскасцю Беларусі пачалося яшчэ ў 1966 г. У Убелі, на месцы, дзе калісьці стаяў дом Манюшкаў, недалёка ад старой таполі, якая памятае кампазітара, быў устаноўлены памятны абеліск, на якім на беларускай і польскай мовах высечаны словы: “Тут, у фальварку «Убель», 5 мая 1819 года нарадзіўся вялікі польскі кампазітар Станіслаў Манюшка”. І ноты – першыя 5 тактаў з арыі Ёнтэка з оперы “Галька”, якая прынесла яму сусветную вядомасць.
У Чэрвені ў 2002 г. падчас Трэцяга фестывалю-конкурсу “Убельская ластаўка” адкрыўся помнік кампазітару ў выглядзе драўлянай скульптуры, створаны Г. Матусевічам. Па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Чэрвеньскага райвыканкама непадалёку ад касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў 2013 г. усталявалі помнік-бюст Станіславу Манюшку. Скульптар – К. Касцючэнка.
3 верасня 2016 г. у скверы ля ратушы на пл. Свабоды ў Мінску быў адкрыты помнік кампазітару Станіславу Манюшку і драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу – стваральнікам беларускай нацыянальнай класічнай оперы. Аўтары скульптуры – Леў і Сяргей Гумілеўскія.
На сучаснай вуліцы Інтэрнацыянальнай (раней Валоцкай) захаваўся дом, дзе жыла сям'я Манюшкаў. У 1999 г. на гэтым будынку ўсталявана памятная дошка ў гонар выдатнага кампазітара. Памятная шыльда ўстаноўлена і на будынку гімназіі, у якой вучыўся Станіслаў Манюшка.
У 2018 г. адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі Станіславу Манюшку на фасадзе касцёла Апекі Маці Божай у вёсцы Каралішчавічы (Мінскі раён Мінскай вобласці), дзе ў маёнтку графаў Прушынскіх стваральнік першай беларускай оперы яшчэ ў 1830-х гадах спасцігаў музычную навуку ў кіраўніка мінскага гарадскога аркестра Дамініка Стэфановіча.
Яшчэ ў 1969-м да 150-годдзя з дня нараджэння кампазітара ў пас. Азёрны Чэрвеньскага раёна пры Азёрнаўскай васьмігадовай школе быў створаны музей Станіслава Манюшкі, які налічваў больш за 500 экспанатаў. Падчас яго адкрыцця адбыўся канцэрт, якім пачаўся фестываль музыкі Станіслава Манюшкі. Тут упершыню была выканана балада Г. Вагнера “Убельскія таполі”, прысвечаная С. Манюшку.
На працягу 20 гадоў музей Станіслава Манюшкі ўзначальваў дырэктар школы В. Несцяровіч. У 1979 г. была распрацавана навуковая канцэпцыя музея, у 1993 г. музей Манюшкі ўвайшоў у аб’яднанне літаратурных музеяў, з 2001 г. з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.
?? Глядзець відэа: Убель - радзіма генія
?? Спампаваць відэа: Убель - радзіма генія
1999 год Беларускі фонд культуры абвясціў Годам Манюшкі. Быў створаны аргкамітэт па святкаванні 180-гадовага юбілею кампазітара, які ўзначаліў вядомы музычны дзеяч краіны Міхаіл Казінец. 15 ліпеня адкрылася выстаўка “Мелодыі Бацькаўшчыны” ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. На цырымоніі адкрыцця гучалі музычныя творы кампазітара ў выкананні Ігара Алоўнікава і камернага хору “Санорус”. Экспазіцыя была арганізавана Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, на якой былі прадстаўлены творы з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага музея гісторыі і культуры, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У лістападзе 2002 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла выстаўка “Польскі сын беларускай зямлі”, прысвечаная 130-годдзю з дня смерці С. Манюшкі, якая была арганізавана сумесна з Польскім інстытутам у Мінску.
У 2008 г., напярэдадні святкавання 190-годдзя з дня нараджэння С. Манюшкі, у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрыўся пакой у гонар кампазітара.
5 мая 2009 г. да 190-годдзя з дня нараджэння кампазітара ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася экспазіцыя “Музычны свет Станіслава Манюшкі”, на якой былі прадстаўлены 58 прыжыццёвых і пасмяротных выданняў яго твораў, зборнік вершаў Уладзіслава Сыракомлі “Бяседы і рытмы”, асобныя творы з якога прысвечаны кампазітару. А таксама выданні музыказнаўцаў В. Рудзінскага, С. Невядомскага, З. Яхімецкага, біяграфічны нарыс пра С. Манюшку Б. Вільчынскага, кнігі сучасных беларускіх даследчыкаў творчасці Манюшкі – В. Скорабагатава, А. Мальдзіса, У. Мархеля і Б. Смольскага. Яшчэ адна выстаўка “Музыкаў многа, ты ж такі – адзін”, прысвечаная творчасці майстра і прымеркаваная да прыезду спадчынніцы кампазітара Клары Манюшкі, прайшла ў кастрычніку.
У рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізуецца дзякуючы фінансаванню Еўрапейскага саюза і Праграме развіцця ААН, 27 лістапада 2017 г. адбылося адкрыццё Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі ў г.п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці.
У мерапрыемстве прымалі ўдзел пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб і пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан.
5 красавіка 2019 г. у Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі ўрачыста адкрылася музейная экспазіцыя, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння сусветна знакамітага кампазітара. Абноўленая экспазіцыя размясцілася ў дзвюх залах. Першая з іх прысвечана дзіцячым і юнацкім гадам С. Манюшкі, якія ён правеў у вёсцы Убель. Другая зала расказвае пра варшаўскі перыяд жыцця кампазітара. Экспазіцыя папоўнілася кнігамі, выдадзенымі да 200-годдзя з дня нараджэння Манюшкі, якія перадаў Віктар Скорабагатаў.
Падчас святкавання юбілейных дат Станіслава Манюшкі праходзіць шэраг імпрэз, прэзентацый і іншых мерапрыемстваў. Так, у 1994 г. святкавалася 175-годдзе Станіслава Манюшкі. У Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылася тэатралізаваная канцэртная праграма “Манюшка на Радзіме” з удзелам беларускіх і польскіх выканаўцаў. Кульмінацыяй мерапрыемства стаў спектакль, які адлюстраваў сустрэчу В. Дуніна-Марцінкевіча і С. Манюшкі, ролі ў пастаноўцы выконвалі артысты Купалаўскага тэатра. Характэрна, што кампазітар У. Дарохін спецыяльна да гэтай імпрэзы напісаў скрыпічную фантазію на тэму оперы “Галька”, а ў дзень нараджэння нашага земляка адбылася імша, на якой гучала музыка з яго малітвеннікаў.
На радзіме кампазітара прайшла святочная вечарына з удзелам ансамбля народных інструментаў Чэрвеньскай школы мастацтваў. Сярод гасцей прысутнічалі: пасол Польшчы пані Альжбэта Смулэк, оперная спявачка Марыя Фолтын, якая ўзначальвае “Таварыства аматараў Манюшкі”, беларускі літаратуразнавец і гісторык Адам Мальдзіс. Госці наведалі музей кампазітара, усклалі кветкі да стэлы.
У 1997 г. у Доме дружбы адбылася прэзентацыя зборніка твораў С. Манюшкі “Песні з-над Нёмна і Дзвіны”, дзе сабраны ўсе 22 творы на вершы Яна Чачота.
У 1999 г. у гонар кампазітара быў арганізаваны абласны фестываль-конкурс беларуска-польскай музыкі “Убельская ластаўка”. Паэтычная назва фестывалю паходзіць з сямейнага падання пра ластаўку, якая, звіўшы гняздо над калыскай маленькага Станіслава ў радавым маёнтку Убель, наканавала немаўлятку творчы лёс. Сёння фестываль уяўляе сабой творчае спаборніцтва вакалістаў, навучэнцаў прафесійных музычных устаноў з усёй рэспублікі, а таксама студэнтаў-вакалістаў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі, Бельгіі, Кітая.
З конкурсу маладых выканаўцаў імя Станіслава Манюшкі “Убельская ластаўка” выраслі такія вядомыя ва ўсім свеце спевакі, як Аксана Волкава, Ілля Сільчукоў і Уладзімір Громаў. Цяпер яны сталі салістамі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, выступаюць на самых прэстыжных оперных сцэнах Еўропы і Амерыкі.
Да 185-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі 29–30 мая 2004 г. быў арганізаваны II Беларускі фестываль мастацтваў “Мірскі замак”, мэтай якога было як мага больш шырока паказаць панараму творчасці Манюшкі. Упершыню прагучалі ўверцюры з оперы “Плытагон”, “Графіня”, “Парыя”. Духоўную музыку Манюшкі выконвалі Магілёўская і Гродзенская харавыя капэлы. У фестывалі прымалі ўдзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр (дырыжор А. Галанаў), Дзяржаўны акадэмічны аркестр Рэспублікі Беларусь (дырыжор А. Высоцкі).
Да гэтай жа даты была прымеркавана імпрэза ў Доме дружбы, прысвечаная беларуска-польскаму сяброўству. Песні і оперныя арыі С. Манюшкі прагучалі ў выкананні маладых спявачак.
4 чэрвеня 2009 г. у камернай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылася прэзентацыя кампакт-дыска “Новае неба Станіслава Манюшкі”, запісанага ансамблем “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам У. Байдава. Падчас прэзентацыі была арганізавана выстаўка “Музычны свет Станіслава Манюшкі” з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
14 сакавіка 2010 г. у Лютэранскай кірсе г. Вільнюса (Vokieciu gatve \ Нямецкая, д. 20) адбыўся канцэрт жывой класічнай музыкі С. Манюшкі “Тут узрастала муза твая” беларускага трыа “Вытокі”.
3–6 снежня 2011 г. у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў Міжнародны конкурс піяністаў-выканаўцаў славянскай музыкі з аркестрам імя Станіслава Манюшкі. У конкурсе ўдзельнічалі 11 музыкаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Узбекістана, ЗША, Японіі, Паўднёвай Карэі. Арганізатарам конкурсу выступіла Міністэрства культуры Беларусі пры ўдзеле Французскай асацыяцыі Станіслава Манюшкі.
У 2014 годзе ў Сароцкім сельскім доме культуры (Любанскі раён, Мінская вобласць) адбыўся канцэрт “Любанскія мары Станіслава Манюшкі”, у якім прымалі ўдзел Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь, ансамбль “Срэбраныя флейты Беларусі”.
Шэраг значных мерапрыемстваў у гонар кампазітара прайшоў у 2016 г., сярод якіх – канцэрт навучэнцаў і настаўнікаў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я. Глебава.
Асабліва можна адзначыць святочны баль у стылі XIX стагоддзя каля Мінскай гарадской ратушы з арыгінальным конкурсам двайнікоў кампазітара.
У кастрычніку прайшла вандроўка па мясцінах Манюшкаў “Мінскае кола Станіслава Манюшкі са «Спеўным сходам»” (маршрут: Мінск – Смілавічы – Убель – Азёрны – Чэрвень – Ляды – Роткаўшчына – Алесіна – Шыпяны – Мінск з наведваннем музея Станіслава Манюшкі). У галерэі “Ў” адбыліся Сустрэчы “Спеўны сход: песні на музыку Манюшкі” з ўдзелам прафесара Віктара Скорабагатава, салісткі Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і музычнага дома “Класіка” Маргарыты Ляўчук. Мастацкі кіраўнік і вядучы С. Доўгушаў.
З 2016 г. падчас аглядных экскурсій па Мінску ў Гарадской ратушы праходзіць музычна-тэатралізаванае мерапрыемства “Манюшка сустракае гасцей”, дзе можна пачуць музыку С. Манюшкі і іншых папулярных кампазітараў беларускай і сусветнай класікі.
У 2017 г. у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прайшоў I Рэспубліканскі адкрыты конкурс вакалістаў імя С. Манюшкі, арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскім абласным і гарадскім выканаўчымі камітэтамі.
У 2018 г. у канцэртнай зале Гродзенскага дзяржаўнага цэнтра культуры адбыўся канцэрт “Вялікія імёны. Ф. Шапен і С. Манюшка” ў выкананні камернага аркестра “Гродзенскай капэлы”.
5 студзеня 2019 г. у Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адкрылі Год С. Манюшкі. Сёлета пятага дня кожнага месяца творчае аб’яднанне “Беларуская капэла” разам з даследчыкам беларускай музыкі В. Скорабагатавым і трыа “Вытокі” на чале з лаўрэатам міжнародных конкурсаў А. Фраловым збіраюць у музеі сяброў у гонар Манюшкі, які нарадзіўся 5 мая. Унікальная праграма дала пачатак серыям канцэртаў і іншых мерапрыемстваў на шляху да 200-гадовага юбілею кампазітара.
Асоба і творчасць нашага славутага земляка заўсёды выклікала павагу яго сучаснікаў і нашчадкаў, выбітных прадстаўнікоў айчыннай культуры і мастацтва. Аб гэтым сведчаць разнастайныя прысвячэнні. Сярод іх – значная музыказнаўчая праца “Gramatyka muzyki” Н. Орды; музычныя прысвячэнні: “Дзве мазуркі” Ф. Міладоўскага, паланэз А. Абрамовіча, балада Г. Вагнера “Убельскія таполі”, першыя музычныя творы Камілы Марцінкевіч; паэтычныя прысвячэнні: “Журавы на Радзіму ляцяць” А. Марціновіча, “Вясковы музыка”, “У імённіку Станіслава Манюшкі” У. Сыракомлі, “Балада Станіслава Манюшкі” В. Шніпа, “Да Станіслава Манюшкі” А. Плуга; нарыс “Станіслаў Манюшка ў Беларусі” Я. Садоўскага; драматызаванае апавяданне “Salus Populi…” У. Дубоўкі, дзе адной з дзеючых асоб з’яўляецца Манюшка.
Ф. Міладоўскі. Дзве Мазуркі: “Майму сябру Станіславу Манюшку” з нотнага зборніка “Фартэпіянная музыка Беларусi XIX стагоддзя”. Мінск. 2011
У 2002-м споўнілася 150-гадоў з дня першай пастаноўкі (1852 г.) у Мінску “Сялянкі” (“Ідыліі”) – першай нацыянальнай оперы на беларускай мове. Да гэтай значнай даты Белпоштай быў выдадзены канверт.
У 2019 г. пры ўдзеле Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнага гістарычнага архіва Белпошта падрыхтавала праект па выданні паштовай маркі, канверта першага дня і спецштэмпеля. Выпуск у абарачэнне гэтай філатэлістычнай прадукцыі адбыўся 4 мая 2019 года, непасрэдна да дня нараджэння С. Манюшкі.
2019 год адчыняе яшчэ адну, безумоўна, значную старонку для далейшага захавання і вывучэння дзейнасці Станіслава Манюшкі нашымі паслядоўнікамі. Святкаванне 200-годдзя С. Манюшкі яшчэ толькі набірае сілу, наперадзе нас чакае вялікая колькасць мерапрыемстваў у розных кутках Беларусі.