ГалоўнаяНавіныБлог прафесійнага чытача
Да 100-годдзя з дня нараджэння Лізаветы Ігнацьеўны Апацкай
Захаванне біялагічнай разнастайнасці: праблемы, задачы, перспектывы

Чалавек Паперкі: “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя

Чалавек Паперкі: “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч
 
Лёсы – і кніг, і іх аўтараў – часам самі па сабе нагадваюць раманы. Любоўныя, дэтэктыўныя. Ці, як у выпадку з Андрэем Мрыем (А.А. Шашалевічам) і ягонымі “Запіскамі Самсона Самасуя”, – трагічныя.

Сатырычны твор, першыя дзве часткі якога былі надрукаваны ў часопісе “Узвышша” ”(№№ 3, 4 і 6 за 1929 год), быў абвешчаны “злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасць” і надоўга (амаль на паўстагоддзе) знік з поля зроку чытачоў. Аўтар знік таксама – так, як у трыццатыя знікалі многія: лютаўскай ноччу яго арыштавалі на вачах жонкі і дваіх дзяцей, судзілі раз, другі, этапіравалі ў ссылку, а праз колькі год, разбітага хваробаю, выправілі, урэшце, паміраць дамоў. І дзесьці ў цягніку яго, хворага, забілі спадарожнікі-рэцыдывісты.

Раману пашчасціла болей, чым яго аўтару. Можа быць, таму, што “рукапісы не гараць”. У 1988 годзе поўны тэкст рамана А. Мрыя з’явіўся на старонках часопіса “Полымя”, а праз два гады нават займеў экранізацыю-тэлеспектакль. На сёння тэкст прысутнічае ў школьнай праграме па беларускай літаратуры – у спісе твораў для дадатковага чытання.

Ці сапраўды раман Андрэя Мрыя высмейвае савецкі лад або ці з’яўляецца тып Самсона Самасуя вечным і прыстасаваным да любога грамадскага ладу, – давайце паспрабуем разабрацца.

Жанрава перад намі – стылізацыя пад дзённікавыя запісы. Дзякуючы такой літаратурнай форме галоўны герой рамана дзеліцца з намі самымі патаемнымі перажываннямі, паказваецца без маскі, у “натуральным” выглядзе, хаця і спрабуючы стварыць “належнае” ўражанне. Традыцыйна ў еўрапейскай літаратуры падобная форма была звязаная з сентыменталізмам і рамантызмам – кірункамі, якія асабістыя перажыванні, суб’ектывізм стаўлення ўзводзілі ў абсалют. Галоўны герой рамана Мрыя, з яго мяшчанскімі сентыментальнымі клішэ, што прарываюцца праз “ідэалагічна вытрыманую” маску, у рамках такой формы становіцца надзвычайна камічным. Нават у сваіх снах, ашчадна занатаваных на старонках “Запісак”: “…потым быў пералесак і на лагчынах шмат кветак, блакітных, белых, ружовых, і мы зрывалі іх. А потым... Ах, які жаль, якая згуба, што гэта было толькі ў сне!” (тут і далей цытуецца паводле тэкстаў пулікацый у часопісе “Узвышша”)

Сам персанаж так вызначае звышмэту сваіх дзённікавых нататак: “Розум мой даўно прайшоў эмбрыёнальную стадыю разьвіцьця і я добра ведаю, якое вялікае значэньне маюць дробязі ў жыцці. У маім цяперашнім пакоі я павесіў на сьцяне плякат із словамі аднаго вучонага, які сказаў:

– Каб мы ведалі ўсе дробязі жыцьця якой-небудзь казюлькі, мы шмат якіх памылак маглі-б не зрабіць!

Вось я і пішу свае запіскі. У іх буду гаварыць аб дробязях свайго жыцьця: як я з бацькам пасварыўся, як паехаў я шукаць свайго шчасьця, як хацеў там пашырыць сваё фізычнае я і як з гэтага нічога ня вышла”. Тут, думаецца, не толькі персанаж, але і сам аўтар пастуліруе мэту стварэння тэксту: хібы грамадства, апісаныя ў рамане, магчыма, дазволяць людзям (не “казуркам” кшталту Самсона Самасуя ды ягонага атачэння) не згубіць свой шлях у жыцці, не збочыць з дарогі чалавечай свядомасці, адказнасці, асэнсаванага стаўлення да жыцця.

Матывацыя да ўласна творчасці ў Самасуя нібыта зададзена асобаю, “якая для мяне даражэй за ўсё на свеце. І яна сказала мне:

– Пішы, пішы! З цябе можа і выпішацца што!

Гэтае “выпішацца” дае стымул самасуевай творчасці, адрасаванай нібыта і не чытачам – “у сусветныя маштабы не веру”, заўважае сам персанаж. Аднак у гэта не дужа верыцца, бо з першых жа радкоў, слова за словам, персанаж даводзіць сваё славалюбства і самаўлюблёнасць. “Сучаснасць” Самасуя, да якой той любіць апеліраваць, заключаная ў пары-другой вучоных словаў, падхопленых за “пятнаццаць гадоў бадзяння па свеце”. Таксама “сучаснасць” (ці, сённяшнімі тэрмінамі кажучы, “трэндавасць”) заключана і ў адпаведнай сітуацыі ідэалагічнай афарбоўцы, якую Самасуй, быццам чарговую вопратку з сваіх “прычындалаў”, умела апранае на сябе: “Дзьве хутры, адна лісіная, другая ваўчыная, дзьве бэкэшы, шынэлька вельмі пралетарскага крою, прастрэленая ў некалькіх мясцох: пахаджэньне гэтых дзірак я добра ведаў і ўсім гаварыў, што кулі белагвардзейскай сволачы прастрэлілі яе на Дзянікіным фроньце. Было яшчэ паліто даімпэрыялістычнай эпохі, зусім куртатае і цеснае для маёй асобы. Іншы раз я апранаўся ў яго і, як заўважыла мне тэлефаністка адна, паліто сьмешна выпучвала мае заднія формы. Шмат было ў мяне і нагавіц: галіфэ розных колераў і фасонаў, райтузы, клёшы, спрынджыкі (апошні крык амэрыканскай моды), шаравары і нават беларускія споднікі зь «сеслам» для эфэктных выступленьняў у спэктаклях”. Задумаемся: да чаго гэта болей падобна: да пажыткаў загадчыка культаддзела райвыканкама – або да тэатральнага, акцёрскага гардэроба?..

Бо Самасуй – найперш акцёр. Прычым з катэгорыі самых адданых, тых, што акцёрствуюць не толькі (і не столькі) для людзей вакол, але – для саміх сябе. Надзяваючы чарговую маску, ён зжываецца з ёю, прырастае да яе, хаваючы ўнутраную пустку. Тэатральнасць Самасуя чытаецца нават у ягоных жэстах, рухах: “я выйшаў на сярэдзіну хаты, растапырыў ногі, як крынджалы, задраў нос уверх і, прыплюснуўшы правае вока, тэатральна запытаў…

Характарыстычна, што сам персанаж гэтай тэатральнасці ніколькі не адмаўляе, не саромеецца яе, нават атрымлівае асалоду. Як атрымлівае асалоду і проста гледзячы на сябе збоку, апісваючы сябе (дакладней, ствараючы чарговы свой вобраз, чарговую сваю маску) на старонках дзённікавых запісаў: “я выцягнуўся і стаяў перад дзяўчынай высокі, уважысты, зь сьвежым мужным (праўда карпаносым) тварам чалавек”. За самалюбствам і ўпартым імкненнем “прасунуцца наперад”, аднак, не стаіць нічога, і загадчык культаддзела мае на сваім ўзбраенні досыць абмежаваную колькасць кніг: “чатыры я лічыў настольнымі і ніколі зь імі не разлучаўся: 1) падручнік, як гаварыць мала і важка, 2) культура трох камераў цела, 3) як разьмяркоўваць свае функцыі і 4) падручнік па агульнаму кіраваньню”. Кампетэнцыі, неабходныя для культурнай работы, Самасуй замяняе празмернай стараннасцю – і імкненнем (працытуем тут “Казку пра Тройку” братоў Стругацкіх) “быць больш артадаксальным за артадоксаў”. Чаго варта, напрыклад, камічная прапанова “зарэгістрыраваць кашэчае і сабачае насельніцтва”. Або куды менш забаўная (і куды больш небяспечная) наступная бюракратычная заява: “міліцыі неабходна завастрыць увагу і на такім факце: на вёсцы зьявіліся хлапцы, нават камсамольцы, якія таўкуцца ў народзе ды запісваюць стары быт. У гэтым няма выстарчаючай плянавасьці. Запісваюць усё, што пад руку пападзе – песьні, прыказкі, забабоны і ўсякае непатрэбнае глупства. Небходна, каб міліцыя мела за гэтым нагляд і дазваляла гэта рабіць толькі тым, у каго будзе ад культаддзелу паперка”. Самасую, даўно адарванаму ад сваіх каранёў, не зразумець натуральнага чалавечага імкнення захаваць сваё, вывучыць роднае. У аснове ягонага светаўспрымання – “ад культаддзелу паперка”, якая вызначае ўсё і ўсім кіруе.

Як бачым, перад намі сапраўды дужа непрыемны чалавечы тыпаж – але тыпаж, які распаўсюджаны, думаецца, у любы час. Падобны персанаж, як і, напрыклад, персанажы слыннай камедыі М.В. Гогаля “Рэвізор”, не мог не насцярожыць суровых савецкіх крытыкаў. Але, з іншага боку, задумаемся: ці дастаткова для несуцяшальнага прысуду было б аднаго толькі Самасуя, хай сабе і намаляванага з сакавітасцю і майстэрствам сапраўднага талента?

Гогаля ў свой час ад імперскай цэнзуры “выратаваў” жандар, што з’яўляецца ў фінале “Рэвізора”. Вестка пра сапраўднага пецярбургскага чыноўніка, ад якой усе персанажы на сцэне застылі салянымі слупамі, была адначасна і рэверансам у бок дзеючай улады. Такім фіналам Гогаль як бы падкрэсліў, што крытыкуе зусім не існуючы дзяржаўны лад, але канкрэтныя, тым болей, правінцыяльныя тыпы, так бы мовіць, “перагібы на месцах”. “Запіскі Самсона Самасуя” па многіх параметрах нагадваюць “Рэвізора”: маем тут і падобнае месца дзеяння, і калекцыю своеасаблівых местачковых тыпаў. І нават галоўны герой тэмпераментам, манерамі, жыццёвай пазіцыяй нагадвае Хлестакова – хіба што трохі больш вопытнага.

Але “гогалеўскі жандар” у мрыеўскім фінале не з’яўляецца: сакратара, які перапыняе выступленне паўаголенай Сошы-Дошы, недастаткова. Дый само мястэчка Шапялёўка нагадвае зацішную, зарослую водарасцямі сажалку, дзе ў зялёным паўзмроку павольна варушацца падслепаватыя рыбіны. Не дарэмна і прозвішчы ў кіраўніцтва Шапялёўскага райвыканкама адпаведныя: таварыш Сом, таварыш Лін. І сам лад жыцця местачкоўцаў, дарма што некаторыя з іх “выварачвалі ўсе свае вантробы ад наплыву трагічных пачуцьцяў” у самадзейных спектаклях, “рыбны”, жывёльны. Трагладытавы. Гэта не адзін-два “перагібы” – гэта цэлая каста бюракратаў, “людзей паперкі”.

Пародыя і сатыра ў рамане, такім чынам, тычацца зусім не асобных тыпаў – але зрэзу жыцця асобна ўзятага мястэчка (а можа, і асобна ўзятай краіны), дзе ўзялі рэй самы ды ліны, дзе з ідыятычнымі прамовамі выступаюць самасуі – адарваныя ад свайго народа, абкручаныя гучнымі ідэалагічнымі лозунгамі, сканцэнтраваныя выключна на саміх сябе, на сваім “панскім пузе” (“усё ў цябе мужыцкае, а пуза панскае”).

І бяда, даводзіць нам аўтар, якраз-такі ў тым, што самасуеўшчына, як і хлестакоўшчына, вечная: “перавялі мяне ў вакругу на больш адказную працу, як вытрыманага, непалахлівага працаўніка”.

Прынамсі, пакуль вечная ўсемагутная Паперка.

Вось #такое_чытво.

Адшукаць кнігу дапаможа электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 Чытайма разам!

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

5 Ліп 2020

Чалавек рэдка бывае задаволены эпохай, у якой яму выпадае нарадзіцца, і схільны рамантызаваць мінулае. Зразумела, мала хто жадае жыць падчас вайны, змены грамадскага ладу ці быць сведкам прыродных катастроф. Аднак падобныя стрэсавыя сітуацыі спрыяюць актывізацыі чалавечага патэнцыялу, пераацэнцы каштоўнасцей і з’яўленню геніяў – асоб, якія закліканы даць свету надзею, арыенціры для будучыні, растлумачыць сутнасць рэчаў і ісці сваім прароцкім шляхам, часта насуперак акружэнню. Іх імёнамі потым, праз шмат гадоў ці нават праз стагоддзі, называюць гарадскія вуліцы і плошчы.

Навіны бібліятэк

Нацыянальная бібліятэка афарбавалася ў колеры канадскага флага

2 Ліп 2020

1 ліпеня Дзень Незалежнасці адзначае Канада. З нагоды нацыянальнага свята паўночнаамерыканскай краіны на вонкавым электронным светлавым табло Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з’явіўся бела-чырвоны сцяг з кляновым лістом – сімвалам Канады. Акцыя прайшла па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш за 4 тыс. нумароў беларускіх часопісаў міжваеннага перыяду сталі даступны анлайн

2 Ліп 2020

Нацыянальная бібліятэка Беларусі працягвае адкрываць анлайн свае фонды. Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь паўнатэкставая электронная калекцыя “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.” папоўнілася новымі выданнямі.

Бібліятэка анлайн

2 Ліп 2020

Творчасць Валянціны Паліканінай даўно заўважана не толькі айчыннымі літаратарамі, але і замежнымі. Зрэшты, дзейнасць паэтэсы, публіцыста, перакладчыцы не абмяжоўваецца толькі літаратурай. Пасля аддзела культуры часопіса «Беларусь» яна працягвае журналісцкую працу ў часопісе «Гаспадыня». Нядаўна стала вядома, што Валянціна Паліканіна – у ліку іншых дзечаў культуры, якія неўзабаве атрымаюць медаль Францыска Скарыны.

Навіны бібліятэк

3 Ліп 2020

Я не ведаю (каюся ў сваёй недасведчанасці), ці надрукавана тое, пра што я хачу сказаць, у кнігах альбо перыядычных выданнях. Гаворка пра Яна Скрыгана і яго згадку пра Янку Купалу. Зноў жа – матэрыял з цэкоўскага сейфа.

Навіны бібліятэк

111