З 1 снежня па 2 студзеня ў зале нотных і аўдыядакументаў (пам. 305) працуе тэматычная выстаўка “Фартэпіянныя ансамблі”
Экспазіцыю склалі музычныя творы для ансамблевага музіцыравання з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Фартэпіянны ансамбль на сённяшні дзень з’яўляецца адным з найбольш запатрабаваных відаў камернага музіцыравання. Традыцыя аб’яднання вядомых салістаў у фартэпіянны ансамбль з кожным годам толькі мацнее. Сумеснае публічнае выступленне вядучых піяністаў-салістаў стала частай з’явай у канцэртных праграмах.
Уменне іграць з адным або некалькімі партнёрамі – вельмі важны бок прафесійнага майстэрства музыканта-выканаўца. Ігра ў ансамблі дапамагае піяністу зрабіць сваё выкананне больш разнастайным, яркім, упэўненым. Ансамблевае выканальніцтва у параўнанні з сольным аказвае дабратворны ўплыў не толькі на рост прафесіяналізму, але і на фарміраванне выдатных чалавечых якасцей: пачуцця ўзаемнай павагі, такту, партнёрства.
Несумненна, падбор рэпертуару для ансамбляў піяністаў выклікае найбольшую цяжкасць для выканаўцаў і педагогаў.
На выстаўцы экспануюцца больш за 100 дакументаў, вялікую частку з якіх складаюць нотныя выданні. Гэта разнастайныя п’есы беларускіх, рускіх і замежных кампазітараў, як сучаснікаў, так і класікаў. У экспазіцыі – творы рознай ступені складанасці, прызначаныя для дамашняга музіцыравання, педагагічнай працы і выканання на канцэртнай сцэне.
Дэманструецца фартэпіянная літаратура для ансамблевага музіцыравання розных жанраў, стыляў, напрамкаў. Тут можна знайсці як творы, напісаныя спецыяльна для фартэпіяннага ансамбля, так і перакладанні папулярных і класічных песень, фрагментаў опер, рамансаў, а таксама сучасныя апрацоўкі народных песень і танцаў для ігры ў ансамблі, перакладанні песень і музыкі з мультфільмаў і кінафільмаў, джазавыя п’есы.
Дапаўняюць экспазіцыю аўдыязапісы, кнігі і артыкулы па дадзенай тэматыцы.
Кантактны тэлефон: 293-27-52.