З 13 ліпеня па 14 лістапада ў бібліятэцы (2-гі паверх, кальцавы калідор) праходзіць выстаўка “Кніжны гонар Беларусі”, прымеркаваная да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Багатая кніжная спадчына, якую пакінулі нам продкі, стала падмуркам для фарміравання кніжнай культуры сучаснай Беларусі. Кніга па-ранейшаму застаецца важнейшым фенаменам айчыннай культуры сучаснай Беларусі. Штогод мы адзначаем юбілеі з дня нараджэння знакамітых беларускіх пісьменнікаў, на міжнародных конкурсах беларуская кніга нязменна атрымлівае высокія ацэнкі спецыялістаў.
На кніжнай выстаўцы "Кніжны гонар Беларусі", прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, прадстаўлена каля 100 дакументаў. Гэта энцыклапедычныя і навуковыя выданні па гісторыі беларускай кнігі, факсімільныя выданні беларускіх рукапісных кніг "Тураўскае Евангелле", "Статут Вялікага Княства Літоўскага", "Баркулабаўскі летапіс", "Буквар мовы славянскай", а таксама факсімільнае выданне "Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны". Таксама тут можна пабачыць фундаментальнае выданне выдатнага філолага-славіста, заснавальніка беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа, бібліёграфа, фалькларыста Яўхіма Карскага "Беларусы".
Цікава будзе пазнаёміцца з серыяй кніг "Залатая калекцыя беларускай літаратуры", у якой разам з класікамі беларускай літаратуры чытач знойдзе малавядомыя шэдэўры айчыннай пісьмовай спадчыны, выдадзеныя ўпершыню на сучаснай беларускай мове.
Таксама на выстаўцы экспануюцца сучасныя выданні такіх знакамітых твораў беларускай літаратуры, як паэма А. Міцкевіча "Пан Тадэуш", п’еса В. Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта", твор Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня", зборнікі вершаў Ф. Багушэвіча "Дудка беларуская" і М. Багдановіча "Вянок", паэма Я. Коласа "Новая зямля" і многія іншыя літаратурныя творы, якія назаўжды ўвайшлі ў гісторыю беларускага пісьменства.
Наведвальнік выстаўкі зробіць кароткі экскурс у гісторыю беларускага пісьменства, пазнаёміцца з асобнымі ўзорамі беларускай кніжнай спадчыны, якія сапраўды з’яўляюцца скарбам і гонарам нашай краіны.
Выстаўка адрасуецца шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца літаратурай, гісторыяй і культурай Беларусі.
Тэлефон для даведак: (8 017) 293 29 80.