З 18 сакавіка па 10 красавіка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) дэманструецца выстаўка “Лясы свету: стан, ахова, выкарыстанне”, прысвечаная Міжнароднаму дню лясоў.
Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 21 снежня 2012 года (рэзалюцыя A/RES/67/200) і штогод адзначаецца 21 сакавіка, пачынаючы з 2013 года.
Абвясціўшы Міжнародны дзень лясоў, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый падкрэсліла, што мэтай гэтага дня з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці да пытанняў рацыянальнага выкарыстання, захавання і ўстойлівага развіцця ўсіх відаў лясоў у інтарэсах сённяшняга і будучых пакаленняў.
Лясы жыццёва важныя для дабрабыту нашай планеты і чалавецтва. Яны пакрываюць амаль трэцюю частку паверхні сушы і служаць крыніцай мноства неацэнных сацыяльна-эканамічных і экалагічных выгод. Лясы з’яўляюцца найбольш біялагічна разнастайнымі экасістэмамі сушы, дзе пражывае і расце больш за палову наземных відаў жывёл, насякомых і раслін. Лясы таксама іграюць цэнтральную ролю ў процідзеянні змене клімату. У іх захоўваецца больш вугляроду, чым у атмасферы. Яны садзейнічаюць падтрыманню збалансаванага ўтрымання кіслароду, вуглякіслага газу і вільгаці ў паветры, якім мы дыхаем. Яны абараняюць водараздзелы, якія забяспечваюць прыток прэснай вады ў рэках. Лясы ўмацоўваюць схілы і прадухіляюць апоўзні, ахоўваюць насельніцтва прыбярэжных раёнаў ад цунамі і штормаў.
Лясы – гэта таксама жыллё, праца і бяспека насельніцтва, якое ад іх залежыць. Звыш 3 мільярдаў чалавек выкарыстоўваюць драўніну ў якасці паліва, для амаль 2 мільярдаў чалавек лясы служаць крыніцай харчавання і прыбыткаў, а 750 мільёнаў чалавек жывуць у лясах.
Аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя неацэнныя экалагічныя, эканамічныя, сацыяльныя і медыцынскія ўласцівасці, чалавецтва руйнуе гэтую настолькі неабходную для яго выжывання лясную экасістэму. Штодня на Зямлі страчваецца парадку 350 квадратных кіламетраў лясоў з-за пашырэння сельскагаспадарчых угоддзяў, будаўніцтва новых пасяленняў, экалагічна непрымальных практык лесакарыстання. Лясы гінуць ад уздзеяння пажараў, насякомых-шкоднікаў, хвароб, неспрыяльных умоў надвор’я і іншых прычын.
Памяншэнне плошчы лясных масіваў вядзе да значных негатыўных працэсаў: эрозіі глеб, скарачэння разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету, дэградацыі водных басейнаў, павелічэння ўтрымання вуглякіслага газу ў атмасферы, паніжэння колькасці прамысловай і паліўнай драўніны, а ў канчатковым выніку – да памяншэння патэнцыялу жыццядзейнасці чалавецтва.
Паколькі працэсы скарачэння плошчы лясоў і іх дэградацыі сталі міжнароднымі праблемамі, якія патрабуюць сумеснага рашэння ўсімі краінамі, ААН заклікала ўсе дзяржавы свету падтрымаць правядзенне Міжнароднага дня лясоў спецыяльнымі мерапрыемствамі. У гэты дзень паўсюдна ў большасці краін праводзяцца разнастайныя акцыі, накіраваныя на абарону лясоў і зялёных насаджэнняў, – гэта і інфармацыйныя мерапрыемствы, і разнастайныя конкурсы і выстаўкі, і кампаніі па высаджванні дрэў. Правядзенне гэтых мерапрыемстваў павінна прыцягнуць увагу жыхароў планеты да праблемы захавання лясоў, інфармаваць аб значнасці лясных экасістэм, іх сапраўдным стане, асноўных мерах іх абароны і ўзнаўлення.
На выстаўцы прадстаўлена каля 60 дакументаў на рускай, англійскай, і нямецкай мовах. Вялікую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый: кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, перыядычныя выданні.
Экспазіцыя змяшчае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Лясы і ўстойлівае развіццё.
- Міжнародныя прававыя дакументы па захаванні і рацыянальным выкарыстанні лясных рэсурсаў.
- Міжнароднае і рэгіянальнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў галіне захавання ўсіх відаў лясоў.
- Лясы і іх ахова ў Рэспубліцы Беларусь.
Выстаўка будзе цікавай для спецыялістаў у галіне лясной гаспадаркі, прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, навуковым работнікам, аспірантам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблемай захавання лясоў і біялагічнай разнастайнасці нашай планеты.
Карысныя спасылкі
Дзейнасць ААН
- Лясы і развіццё
- Лясы і ўстойлівае развіццё
- Стратэгія ЮНЕП па навакольным асяроддзі (ТУНЗА)
- Міжнародны год лясоў (2011 год)
- Міжнародны дзень гор: "Горы і лясы" (2011 год)
- Міжнародны дзень біялагічнай разнастайнасці (22 мая)
Сістэма ААН
Харчовая і сельскагаспадарчая Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ФАА)
Эканамічны і сацыяльны савет (ЭКАСАС)
- Форум Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па лясах Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА)
- Абараняючы біяразнастайнасць, абараняючы лясы
Дакументы і публікацыі
Дакументы
- Генеральная Асамблея
- Эканамічны і сацыяльны савет
- Форум Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па лясах
- Даклады Міжурадавага форума па лясах
- Даклады Спецыяльнай міжурадавай групы па лясах
- Прынцыпы лесаводства, прынятыя на Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці (Рыа-дэ-Жанейра, 14 чэрвеня 1992 года)
Публікацыі