Што трэба ведаць пра сучасную беларускую кнігу? Што можна новага сказаць пра міфы і легенды Старажытнай Грэцыі? Якую кнігу нельга знайсці ў звычайнай кнігарні? Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні, варта наведаць выставу, на якой адно з лепшых беларускіх выданняў мінулага года – арт-кніга “Ясон”.
Выданне з’явілася ў выніку рэалізацыі сумеснага творчага праекта маладога беларускага мастака-графіка, члена Беларускага саюза мастакоў Фёдара Шурмялёва і грэчаскага паэта і калекцыянера Крыстаса Гіянакаса.
25 студзеня ў музеі кнігі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, на якой прадстаўлена сама арт-кнігі “Ясон”, 8 гравюр Фёдара Шурмялёва, выкананыя ў тэхніцы афорту, і 8 матрыц да іх, а таксама прылады мастака, якія выкарыстоўваліся падчас работы.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша. Ён адзначыў, што арт-кніга з’яўляецца адным з лепшых твораў сучаснай кніжнай культуры. Аляксандр Аляксандравіч нагадаў пра адну з галоўных мэт дзейнасці бібліятэк – захаванне нацыянальнай і сусветнай кніжнай спадчыны, а таксама адзначыў добрасуседства старажытных гравёраў і сучасных майстроў на старонках выданняў, якія захоўваюцца ў бібліятэцы.
Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна выказаў падзяку Нацыянальнай бібліятэцы за захаванне культурнай спадчыны пачынаючы ад работ Альбрэхта Дзюрэра, Сандра Батычэлі і да… прац Фёдара Шурмялёва, выпускніка, а цяпер і выкладчыка акадэміі. Міхаіл Рыгоравіч падкрэсліў, што арт-кніга – унікальная работа мастака, у якой няма хібаў, адзначыў вытанчанасць афармлення тытульнага ліста, дасканаласць пераплёту і футляра, які сам з’яўляецца творам мастацтва.
Мастацтвазнаўца, куратар Кацярына Кенігсберг дадала, што гравюры змяшчаюць у сабе цэлы свет мастака: у ілюстрацыях мы бачым аўтарскі почырк Фёдара – гэта абавязковыя чырвоныя рыса або пляма, уважлівасць да вытанчаных дэталяў, а таксама ўключэнне ў кантэкст прыкмет сённяшняга часу – завушніц, татуіровак.
Калекцыянер, бібліяфіл Алег Судлянкоў звярнуў увагу на высокую якасць паперы, пераплёту, друку, арыгінальнасць ілюстрацый, прыгажосць і рэдкасць гэтага бібліяфільскага выдання, якое выклікае захапленне, а таксама распавёў пра сумесную творчасць Крыстаса Гіянакаса з беларускімі мастакамі.
Напрыканцы аўтар арт-кнігі мастак-графік Фёдар Шурмялёў расказаў аб праекце: праца вялася ў Беларусі і Грэцыі, спачатку былі створаны эскізы, а ўжо потым вершы, выданне выйшла накладам у 20 асобнікаў. Мастак выказаў падзяку бібліятэцы за магчымасць прадэманстраваць кнігу публіцы.
Экспазіцыя будзе працаваць у музеі кнігі (пам. 347) да 28 лютага 2022 г.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Глядзіце рэпартажы тэлеканала "Беларусь 1":
- Арт-кніга "Ясон" прадстаўлена ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
- Арт-кнігу "Ясон" прэзентавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.