18 красавіка 2024 года спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча – вядомага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўцы і музеязнаўцы.
Найстаражытнейшых род Тышкевічаў падарыў беларускай зямлі шэраг вядомых грамадскіх дзеячаў і навукоўцаў. Сярод іх ганаровае месца займае і Яўстафій Піевіч Тышкевіч. Родам з Лагойска, ён стаў адным з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі, стваральнікам Лагойскага музея старажытнасцей (1842–1855) і Віленскага музея старажытнасцей (1855), а таксама Віленскай археалагічнай камісіі. Разам з навуковымі працамі напісаў некалькі мастацкіх твораў.
Яго даследаванні паднялі цэлыя пласты гістарычнага мінулага, ён быў адным з першых беларускіх аўтараў краязнаўчага кірунку. Да юбілею вучонага ў музеі кнігі арганізавана выстава “Знаўца беларускіх старажытнасцей”.
На выставе прадстаўлены прыжыццёвыя выданні прац Яўстафія Тышкевіча па гісторыі, этнаграфіі, матэрыялы, якія адлюстроўваюць яго дзейнасць па арганізацыі агульнадаступнага музея, а таксама кнігі з аўтографамі і выданнямі з яго асабістай бібліятэкі.
Акрамя таго, наведвальнікі змогуць убачыць і сучасныя выданні, прысвечаныя жыццёваму шляху і навуковай дзейнасці вядомага даследчыка даўніны.
Запрашаем усіх зацікаўленых!
Экспазіцыя будзе працаваць да 31 мая 2024 г.
Дата яе завяршэння можа быць зменена.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.
Час работы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.