ГалоўнаяНавіныПраект "Імёны Герояў бессмяротныя"
Пазнавайце Беларусь разам з намі: Жыровічы і Сынкавічы
29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза

Беларус Сяргей Грыцавец – першы ў СССР двойчы Герой Савецкага Саюза
Іншыя навіны

Званне Героя Савецкага Саюза выдатнаму лётчыку-асу Сяргею Іванавічу Грыцаўцу (1909–1939) было прысвоена двойчы: Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 лютага 1939 года “за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага доўгу” і Указам ад 29 жніўня 1939 года “за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм, праяўлены пры выкананні баявых заданняў”.

Сяргей Грыцавец нарадзіўся 19 ліпеня 1909 года ў вёсцы Бараўцы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Пачатак Першай сусветнай вайны прымусіў сям’ю Грыцавец эвакуіравацца на Урал у пасёлак Шуміха (цяпер – горад у Курганскай вобласці). Адразу пасля заканчэння школы ў 1927 годзе пайшоў працаваць на чыгунку. У тым жа годзе пераехаў у горад Златавуст, дзе ўладкаваўся на механічны завод вучнем, пасля працаваў слесарам. З лютага 1931 года – інструктар Златавустаўскага гаркама камсамола. Добры, смелы, актыўны, усмешлівы Сяргей меў велізарны аўтарытэт і павагу ў калектыве. І марыў пра неба!

З 1931 года Сяргей Грыцавец у радах Чырвонай арміі. У маі 1931 года па камсамольскай пуцёўцы быў накіраваны ў Арэнбургскую ваенную школу лётчыкаў, дзе стаў лепшым курсантам. З 1932 года пачаў служыць у знішчальнай авіяцыі. З 1933 года – камандзір звяна ў 1-й Чырванасцяжнай знішчальнай авіяцыйнай эскадрыллі Забайкальскай ваеннай акругі. У 1935 годзе ўзначаліў рэкордны пералёт шасці знішчальнікаў І-16 па маршруце “Бачкарова – Спаск-Дальні” з пасадкай у Хабараўску, завяршыўшы яго за 3 гадзіны 10 хвілін.

1 жніўня 1936 года як аднаго з лепшых лётчыкаў-знішчальнікаў Ваенна-паветранных сіл Сяргея Грыцаўца адправілі на курсы вышэйшага пілатажу, паветранага бою і паветранай стральбы пры 8-й ваеннай авіяцыйнай школе лётчыкаў у Адэсе. Ён спадзяваўся, што вучоба дапаможа ў ажыццяўленні яго мары аб Іспаніі, дзе ўжо ішла грамадзянская вайна. Кожны дзень друкаваліся і перадаваліся па радыё зводкі аб кровапралітных баях паміж рэспубліканцамі і мяцежнікамі – прыхільнікамі генерала Франка. Іспанскай рэспубліцы не хапала зброі, танкаў, самалётаў, камандзіраў у войсках. Сяргей ведаў, што ў Іспаніі ваююць і савецкія добраахвотнікі, у тым ліку лётчыкі. Многія з яго таварышаў па службе падалі рапарты з просьбай адправіць іх у Іспанію. Быў сярод іх і рапарт Сяргея Грыцаўца.

Gricevec1.jpg
С.І. Грыцавец. Фота з адкрытых крыніц

Скончыўшы на выдатна вучобу, ён застаўся лётчыкам-інструктарам у мясцовай эскадрыллі вышэйшага пілатажу. Тут сабраліся сапраўдныя асы, якія ў найбліжэйшай будучыні павінны былі прыняць удзел у рэальных, а не вучэбных баях. Неўзабаве Грыцаўца часова адкамандзіравалі ў авіяцыйную школу, дзе з іспанцаў, у асноўным маладых рабочых, рыхтавалі ваенных лётчыкаў. Сяргей з задавальненнем і дапазна заставаўся з імі на аэрадроме, перадаючы ім свой вопыт і почырк.

Становішча ў небе Іспаніі на той час складвалася найцяжэйшае. Нашым лётчыкам супрацьстаялі лепшыя і самыя дзейсныя нямецкія пілоты легіёна “Кондар”. У чэрвені 1938 года была сфарміравана апошняя група савецкіх лётчыкаў-добраахвотнікаў, куды ўвайшла знакамітая адэская шасцёрка лётчыкаў-інструктараў з эскадрыллі вышэйшага пілатажу, дзе служыў і Сяргей Грыцавец.

З 10 чэрвеня па 26 кастрычніка 1938 года ён удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Іспаніі пад псеўданімам “Сяргей Іванавіч Гораў”. Камандаваў эскадрылляй І-16. З гэтага часу здзейсніў 115 баявых вылетаў, правёў 57 паветраных баёў, збіў 30 самалётаў праціўніка (па афіцыйных дакументах – 6 асабіста і 24 у групе). Са сваімі лётчыкамі Грыцавец часам уздымаўся без кіслародных прыбораў на вышыню да 7 км, каб адтуль абрынуць удар на праціўніка. У адным з баявых вылетаў на І-16 на працягу паўгадзіны Грыцавец збіў 7 самалётаў, у тым ліку 5 знішчальнікаў “Fiat”. Яго машына таксама была зрашэчаная, але ён змог пасадзіць яе на сваім аэрадроме. Бой адбываўся на вачах у шматлікіх сведак, сярод якіх быў карэспандэнт англійскай газеты “Daily News”. 8 ліпеня 1938 года газета выйшла пад буйным загалоўкам “Рускі лётчык Сяргей Грыцавец – чалавек дзівоснай адвагі, упершыню за ўсю гісторыю ваеннай авіяцыі знішчыў у адным баі 7 самалётаў!”. З гэтага палёту ён вярнуўся на самалёце з напалову зрэзаным правым крылом...

Асабліва Грыцавец вызначыўся ў заключных, цяжкіх баях на рацэ Эбра, дзе мяцежнікі шырока выкарыстоўвалі свае новыя знішчальнікі Me-109, узброеныя гарматамі і значна пераўзыходзячыя І-16 у хуткасці. Толькі за 20 дзён жніўня 1938 года рэспубліканскімі лётчыкамі было збіта над Эбра 72 варожыя самалёты.

Складаючы справаздачу аб сваёй працы ў Іспаніі, ваенны саветнік А.П. Андрэеў пісаў: “Бывали случаи на Эбро, когда наша эскадрилья из 9 самолетов атаковала и разгоняла группу в 36 «Фиатов», когда один летчик дрался с 5 истребителями и разгонял их. Таких случаев особенно много было в эскадрилье Грицевца, которая покрыла себя славой. Ее знали и с восторгом говорили о ней друзья-испанцы. Даже немцы и итальянцы узнавали в воздухе нашу эскадрилью и старались не вступать с ней в бой. Об этом говорили и взятые в плен фашистские летчики”.

Gricevec2.jpg
Майстры паветранага бою С.І. Грыцавец і Г.П. Краўчанка. Фота з адкрытых крыніц

У кастрычніку 1938 года рэспубліканскі ўрад прыняў аднабаковае рашэнне аб вывадзе з Іспаніі ўсіх байцоў, якія не маюць іспанскага грамадзянства, пасля чаго большасць “інтэрбрыгадаўцаў” пакінулі краіну. Толькі групе савецкіх знішчальнікаў папрасілі працягнуць тэрмін спецкамандзіроўкі. Аднак з такой пастаноўкай пытання савецкае кіраўніцтва не пагадзілася. Усведамляючы, што вайна ў Іспаніі фактычна прайграна, яно адмовілася ахвяраваць каштоўнымі лётнымі кадрамі.

У снежні 1938 года С.І. Грыцаўцу было прысвоена пазачарговае воінскае званне маёра. А 22 лютага 1939 года за ўзорнае выкананне спецыяльных заданняў Урада па ўмацаванні абароннай моцы Савецкага Саюза і за праяўленае геройства маёр Грыцавец быў удастоены звання “Герой Савецкага Саюза”.

Калі пачаўся савецка-японскі канфлікт у Манголіі, Сяргея Грыцаўца тэрмінова выклікалі ў Маскву, прызначылі камандзірам палка і адправілі разам з эшалонам самалётаў у раён ваенных дзеянняў. На трох транспартных самалётах у Манголію вылецелі 48 лепшых лётчыкаў і авіяспецыялістаў, якія мелі баявы вопыт. Сярод іх было 11 Герояў Савецкага Саюза. Савецкім асам не адразу, але ўдалося пераламіць сітуацыю на сваю карысць. У жорсткіх баях, калі ў небе часам сыходзіліся сотні машын, зноў заблішчаў талент Сяргея Грыцаўца. У 138 баявых вылетах ён збіў 12 японскіх самалётаў, стаўшы лепшым савецкім асам у небе над Халхін-Голам. Асабліва цяжка прыйшлося японцам, калі Грыцавец узначаліў спецыяльную групу лётчыкаў на найноўшых тады знішчальніках І-153 “Чайка”.

Gricevec3.jpg
Удзельнікі баёў на Халхін-Голе. Трэці злева – Сяргей Грыцавец. Фота з адкрытых крыніц

Залатымі літарамі ў гісторыю савецкіх ваенна-паветраных сіл упісаны і яшчэ адзін подзвіг, здзейснены на Халхін-Голе маёрам Грыцаўцом. З рызыкай для жыцця ён здолеў сесці на варожай тэрыторыі побач са збітым японцамі камандзірам 70-га знішчальнага палка маёрам Вячаславам Забалуевым, уціснуць яго ў аднамесную кабіну свайго І-16, па-майстэрску ўзляцець і вывезці на свой аэрадром. Такое мог здзейсніць толькі адважны, з высокімі чалавечымі якасцямі лётчык, якім і быў паважаны ўсімі аднапалчанамі Сяргей Грыцавец.

Gricevec4.jpg
С.І. Грыцавец з камандзірам палка В.М. Забалуевым

Авіяцыя ў гэтым канфлікце аказала неацэнную дапамогу наступаўшым савецка-мангольскім войскам у разгроме японскіх захопнікаў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 жніўня 1939 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў і выбітны гераізм Герой Савецкага Саюза, маёр Грыцавец быў узнагароджаны другім залатым медалём “Герой Савецкага Саюза”. Указ прадпісваў таксама ўстаноўку бронзавага бюста героя на яго радзіме.

Gricevec5.jpg
Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 жніўня 1939 года.
Газета “Известия”, 30 жніўня 1939 г., с. 1

Урад Мангольскай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіў Сяргея Грыцаўца ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга.

Gricevec6.jpg
Маршал мангольскай Народна-рэвалюцыйнай арміі Х. Чайбалсан віншуе двойчы Героя Савецкага Саюза С. Грыцаўца з высокай узнагародай.
Фота з адкрытых крыніц

У пачатку верасня 1939 г., пасля нападу фашысцкай Германіі на Польшчу, полк, у якім служыў Сяргей Грыцавец, перабазіраваўся ў Віцебскую вобласць для ўдзелу ў вызваленні тэрыторыі Заходняй Беларусі. 16 верасня 1939 года ў Мінску адбыўся Ваенны савет Беларускай асобай ваеннай акругі, дзе перад прысутнымі выступіў Маршал Савецкага Саюза Будзёны, які паставіў перад камандным саставам канкрэтныя задачы. Грыцавец быў прызначаны саветнікам у знішчальную авіябрыгаду, якая стаяла ў Балбасаве пад Оршай. Увечары, на сваіх знішчальніках, афіцэры гэтай брыгады вылецелі ў сваю часць. Першым сваю машыну пасадзіў маёр Грыцавец. Але ў гэты час другі лётчык Пётр Хара, спрабуючы прызямліцца, ва ўмовах дрэннай бачнасці накіраваў свой самалёт на тую ж самую ўзлётную паласу і на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў самалёт Грыцаўца. У выніку сутыкнення П.І. Хара атрымаў сур’ёзныя траўмы, а легендарны лётчык Сяргей Грыцавец, які столькі разоў глядзеў смерці ў вочы, але заўсёды перамагаў у небе, дзякуючы сваёй мужнасці і недасягальнаму майстэрству, загінуў ад трагічнай выпадковасці на зямлі.

Gricevec7.jpg
Пахаваны С.І. Грыцавец побач з аэрадромам, у гарнізоне Балбасава (Віцебская вобласць).
Фота з адкрытых крыніц

Двойчы Герой Савецкага Саюза Сяргей Грыцавец свае дзве зоркі атрымаць не паспеў. Геройскае званне, граматы, ордэны Леніна – гэта ўсё было. Але сам медаль “Залатая Зорка” зацверджаны толькі ў кастрычніку 1939 года, і першыя ўручэнні ўзнагароды праходзілі ў пачатку лістапада ўжо пасля авіяцыйнай катастрофы.

Ваенны лётчык Сяргей Грыцавец не падымаўся ў неба сорак першага. Ён не дажыў да таго дня, калі з чэрвеньскім світанкам пачалася самая кровапралітная і самая жорсткая з войнаў у гісторыі нашай краіны. Але ён меў самае прамое стаўленне да Вялікай Перамогі ў сорак пятым. Такое ж, як Валерый Чкалаў, Анатоль Сяроў, Павел Рычагоў, Якаў Смушкевіч і многія іншыя, хто не дажыў да сорак першага, заставаўся яркім прыкладам для лётчыкаў Вялікай Айчыннай вайны. У бясстрашнасці, дзёрзкасці і стойкасці, у лётным почырку крылатых асаў гэтай вайны адгадваецца характар і клас знакамітых лётчыкаў трыццатых гадоў.

Сяргей Грыцавец не быў пераможнай вясной сорак пятага ў Берліне, але на Рэйхстагу быў надпіс з яго прозвішчам. За лепшага савецкага аса распісаўся былы аднапалчанін, падпалкоўнік Пётр Хара, які ўсё сваё жыццё дакараў сябе за тое, што выпадкова стаў прычынай смерці баявога таварыша.

Сяргею Грыцаўцу было ўсяго 30 гадоў, але ў сваім жыцці ён паспеў многае: стаць легендарным ваенным лётчыкам, праславіць сваё імя ў баях у Іспаніі і на Халхін-Голе, ажаніцца, стаць бацькам... Не паспеў толькі прыняць удзел у вызваленні сваіх родных Бараўцоў ад польскай акупацыі. Так ужо склаўся яго лёс...

Памяць пра выдатнага лётчыка, двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Іванавіча Грыцаўца жыве ў сэрцах беларусаў, яго землякоў і ў сэрцах іншых народаў. У 1949 годзе на радзіме Героя ў Баранавічах усталяваны помнік, у 1951-м – у Мінску, а ў 1958-м яго бюст усталявалі і на месцы гібелі – у пасёлку Балбасава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Імя Сяргея Грыцаўца жыве ў назвах Мінскага аэраклуба, міжрэгіянальнага фонду па ўвекавечанні памяці герояў Айчыны “Пераможца”, Баранавіцкай швейнай фабрыкі, вуліц у Мінску, Баранавічах, Оршы, Санкт-Пецярбургу, Златавусце, Кургане і многіх іншых населеных пунктаў. Яго імя прысвоена дзясяткам школ у Беларусі і Расіі. Пра яго напісаны кнігі, зняты фільмы, пра яго подзвігі расказваюць экскурсаводы ў музеях і настаўнікі на ўроках гісторыі.

Gricevec8.jpg
Бронзавы бюст двойчы Героя Савецкага Саюза С.І. Грыцаўца ў Баранавічах (1949).
Аўтар – народны мастак БССР Заір Азгур.
Фота з адкрытых крыніц

Помнік Герою-беларусу, удзельніку ваенных падзей на Халхін-Голе ў 2019 годзе з’явіўся і ў Манголіі – усталяваны перад будынкам адной са школ, якая носіць імя Сяргея Грыцаўца.

Gricevec9.jpg
Фота з сайта Монголия сейчас”

Цяперашні 2024 год тройчы юбілейны для легендарнага лётчыка: у ліпені спаўняецца 115 гадоў з дня яго нараджэння і 85 гадоў таму назад (Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 22 лютага і 29 жніўня 1939 года) Сяргей Іванавіч Грыцавец стаў першым у гісторыі СССР двойчы Героем Савецкага Саюза.


Крыніцы

  1. Ворожейкин, А.В. Истребители / А.В. Ворожейкин. – Москва : Воениздат, 1961. – 297, [2] с., [1] л. ил. – (Военные мемуары).
  2. Головин, А.П. Сергей Грицевец / А.П. Головин. – Челябинск: Южно-Уральское книжное издательство, 1974. – 129, [2] с., [4] л. ил. – (Южноуральцы – Герои Советского Союза).
  3. Григорьев Г.К. Две звезды: документальная повесть [о дважды Героях Советского Союза летчиках С.И. Грицевце и Г.П. Кравченко]. – Москва : ДОСААФ, 1970. – 221, [2] с. : ил.
  4. Трихманенко, В.Ф. Сергей Грицевец : документальная повесть / Виктор Трихманенко. – Минск : Юнацтва, 1987. – 127, [1] с. : ил. Щербаков, А.Д. Крылатым доверьте небо! : (о дважды Герое Советского Союза С.И. Грицевце) / Александр Щербаков. – Москва : Политиздат, 1976. – 79, [1] с., [2] л. ил.
  5. Победитель. Сайт міжрэгіянальнага фонду па ўвекавечанні памяці герояў Айчыны імя С.І. Грыцаўца.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.


Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам