З 25 па 27 мая прайшоў Форум бібліятэкараў Беларусі “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і беларускай дзяржаўнасці”.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Лагойскі раённы выканаўчы камітэт. У форуме прынялі ўдзел 443 чалавекі. Гэта спецыялісты бібліятэк міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі, а таксама прадстаўнікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў юстыцыі, культуры, адукацыі, інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, РУП “Белпошта”, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.
У ходзе форуму адбыліся пленарнае пасяджэнне, круглы стол “Арганізацыйна-прававое і навукова-метадычнае рэгуляванне дзейнасці бібліятэк”, пасяджэнні трох секцый: “Роля бібліятэкі ў духоўным, інтэлектуальным і культурным развіцці асобы і грамадства”, “Інавацыйная дзейнасць бібліятэк”, “Бібліятэкар у сістэме міжасобасных камунікацый”.
Была арганізавана выстаўка “Інфармацыйныя прадукты і паслугі бібліятэк Беларусі”, на якой бібліятэкі рэспублікі прадэманстравалі сваю выдавецкую прадукцыю.
У ходзе пленарнага і секцыйных пасяджэнняў адзначана роля бібліятэк у захаванні і трансліраванні агульначалавечых духоўных каштоўнасцей, культурнай спадчыны народа, яго нацыянальнай памяці, садзейнічанні ўстойліваму развіццю грамадства, фарміраванні і развіцці інтэлектуальнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай самасвядомасці асобы праз прадастаўленне свабоднага доступу да інфармацыі і ведаў. Былі разгледжаны пытанні павышэння эфектыўнасці дзейнасці бібліятэк рэспублікі шляхам выкарыстання інавацыйных рашэнняў і ўкаранення інфармацыйных тэхналогій.
Прааналізаваўшы праблемы развіцця бібліятэчнай галіны, удзельнікі форуму выпрацавалі рэзалюцыю, у якой звярнуліся да дзяржаўных органаў кіравання з прапановамі па ўдасканаленні развіцця галіны.