4-5 снежня ў Кобрыне на базе Кобрынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы працавала II Абласная школа дырэктараў бібліятэчных сістэм Брэсцкай вобласці.
Ініцыятарамі правядзення выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкая абласная бібліятэка ім. М. Горкага.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся начальнік аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзея Жук і дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі ім. М. Горкага Алена Стрыжэвіч.
У першы дзень працы школы прайшла сесія “Рэдкія кнігі ў фондах публічных бібліятэк Брэсцкай вобласці: фарміраванне, папулярызацыя і выкарыстанне”, на якой прагучалі даклады захавальнікаў і даследчыкаў помнікаў кніжнай культуры. Да ўдзелу ў працы гэтай сесіі быў запрошаны намеснік дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, які выступіў з дакладам “Арганізацыя і тэхналогія сістэмнай работы з кніжнымі помнікамі”. У сваім выступленні ён пазначыў крытэрыі адбору і ідэнтыфікацыі рэдкіх кніг, пазнаёміў слухачоў з Дзяржаўным рэестрам кніжных помнікаў Беларусі. А. Суша на прыкладзе дзейнасці НББ прадэманстраваў, як актыўная праца і папулярызацыя рэдкіх выданняў пазіцыяніруюць бібліятэку ў грамадстве.
У другі дзень працавала сесія “Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэк Брэсцкай вобласці: фарміраване і прасоўванне”, выступленні на якой былі прысвечаны электронным рэсурсам брэсцкіх бібліятэк – краязнаўчым базам дадзеных, сацыяльным сеткам бібліятэк, бібліятэчным сайтам і працы над прасоўваннем іх у інфармацыйнай прасторы. Ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў працы гэтай сесіі прыняла ўдзел галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Таццяна Лаўрык, якая выступіла з дакладам “Віртуальныя праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: ад ідэі да форм папулярызацыі” і расказала пра гэты накірунак працы ў НББ. Яна азнаёміла прысутных з арганізацыяй працы па рэалізацыі такіх праектаў, падзялілася вопытам па стварэнню і папулярызацыі віртуальнага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”.
Удзельнікі Школы наведалі Залескі цэнтр культуры і вольнага часу, дзе пазнаёміліся з работай Залескай сельскай бібліятэкі. Сваю дзейнасць прадставіла і Гарадзецкая сельская бібліятэка – пераможца V Рэспубліканскага конкурса “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”.
Матэрыял прадастаўлены інфармацыйна-аналітычным аддзелам.